На мінулым тыдні стала вядома аб намеры А.Лукашэнкі прызначыць кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, які ўзначальвае канал СТБ. Ягонаму папярэдніку Ўладзімеру Мацьвейчуку даверана ачоліць Міністэрства культуры. Аб будучых пераменах кіраўнік дзяржавы асабіста паведаміў пры сустрэчы з кіраўніцтвам электронных мас-мэдыяў. Тым самым было пацьверджана, што з усіх сродкаў масавай інфармацыі для ўлады найважнейшым застаецца тэлебачаньне. Толькі замест слова «інфармацыя» трэба было б ужываць слова «прапаганда».

«Мы вас закапаем»

Улюбёным лёзунгам савецкай прапаганды была фраза: «А ў вас у Амэрыцы нэграў лінчуюць!» Калі ў ідэалягічнай спрэчцы аб перавагах сацыялізму над капіталізмам вычэрпваліся аргумэнты, у ход ішоў гэты забойчы аргумэнт. У Амэрыцы даўно нікога не лінчуюць. Ужо некалькі гадоў, як афраамэрыканца на пасадзе дзяжсакратара ЗША зьмяніла афраамэрыканка. Праўда, нармальны чалавек наўрад ці скажа пра Паўэла і Райс «афраамэрыканцы». Іх слушна называць проста амэрыканцамі.

Адна з найвядомейшых палітыкаў самай магутнай у сьвеце дзяржавы, ад якой залежаць лёсы мільярдаў людзей, нядаўна мусіла апраўдвацца і даводзіць, што ні ў ЗША, ні па-за іх межамі амэрыканскія спэцслужбы не практыкуюць катаваньняў. Праўда, у барацьбе зь міжнародным тэрарызмам, паводле яе, магчыма, былі дапушчаны памылкі, што тлумачацца цяжкасьцямі барацьбы. Ужо сам па сабе факт публічных апраўданьняў гаворыць аб тым, што сьвет за апошнія паўстагодзьдзя — з таго часу як Хрушчоў абяцаў, што «сацыялізм закапае капіталізм», — зьмяніўся.

Яшчэ нядаўна Швэцыю называлі жартам краінай, дзе перамог рэальны сацыялізм. Аднак гэты сацыялізм ня мае нічога супольнага з савецкай або кубінскай мадэлямі. Вось нядаўна швэдзкія сацыёлягі прыйшлі да думкі, што Маркс меў рацыю. Ягонае прадказаньне, што сродкі вытворчасьці будуць належаць працоўным, нарэшце збылося. Проста галоўным сродкам вытворчасьці на пачатку ІІІ тысячагодзьдзя становіцца сам чалавек, ягоныя мазгі. Ён можа эксплюатаваць свой інтэлект і здольнасьці, укладваць свае інтэлектуальныя здольнасьці ў які хочаш бізнэс і атрымліваць з гэтага дывідэнды. Большай каштоўнасьці, чым інтэлект, няма.

Яшчэ ў XIX стагодзьдзі расейскі крытык Дз.Пісараў назваў інтэлігенцыю «думаючым пралетарыятам». У тагачаснай Расеі Пісарава не зразумелі. Не зразумелі б і ў сучаснай Расеі і Беларусі. Тут захаваўся пячорны ўзровень аргумэнтацыі. Скандал, які ўспыхнуў у Эўропе ў сувязі з публікацыямі ў прэсе аб тым, што ЦРУ мела на тэрыторыі некаторых краін Эўразьвязу сакрэтныя турмы, дзе дапытвалі падазроных у тэрарызьме, быў успрыняты беларускімі прапагандыстамі як дарагі падарунак.

Прапагандысты ў скураных фартухах

Лёгіка аргумэнтацыі простая да ідыятызму. Глядзіце — амэрыканскія спэцслужбы дапытваюць тэрарыстаў з катаваньнямі! А яшчэ кажуць нешта аб правах чалавека ў Беларусі! Самі дурні!

Здавалася б, спрачацца з такой лёгікай няма сэнсу. Уступаць у дыскусіі са штатнымі прапагандыстамі ня трэба. Дзіўна бачыць на экране дзяржаўнага тэлеканалу паважаных палітыкаў і аналітыкаў, якія нешта спрабуюць давесьці ў сьвятле сафітаў на допыце ў спрактыкаванага сьледчага… прабачце, журналіста.

Спробы паддосьледных, запрошаных у студыю, гаварыць пра дэмакратыю і грамадзянскія правы выклікаюць у вядучага садысцкае задавальненьне. Дарма што апрануты ён не ў скураную вопратку, а ў цывільны гарнітур, а ў якасьці інструмэнту выкарыстоўвае не ціскі й нажніцы, а выключна моўныя сродкі — тэндэнцыйна падабраныя альбо перакручаныя факты й лічбы, зьедлівыя камэнтары, іронію, сарказм. Цяпер, улічваючы прапагандысцкія заслугі, перад ім на апэрацыйным стале пакладзена цэлая краіна.

Зь іншага боку, запрошаных ніхто ня гнаў у тэлестудыю пад рулямі аўтаматаў. Напэўна, падвяла старая інтэлігенцкая звычка — ставіцца да нягоднікаў, як да прыстойных людзей.

Але тое, што нельга паддавацца на правакацыі, не азначае, што трэба ўхіляцца ад адказаў на вострыя пытаньні сучаснасьці. Улада, крытыкуючы парушэньні правоў чалавека на Захадзе і абвінавачваючы яго ў «двайных стандартах», насамрэч сама ўхіляецца ад адказу на фундамэнтальнае пытаньне: чым яна ёсьць?

Здавалася б, адказ відавочны. Ні ў Беларусі, ні на Захадзе ні ў кога не засталося сумненьняў у прыродзе сёньняшняга беларускага рэжыму. Нават кіраўнік дзяржавы некалькі разоў адкрыта даваў зразумець, што ня бачыць нічога дрэннага ў тэрміне «дыктатура». Праўда, з агаворкай, што дыктатарскія паўнамоцтвы яму даў народ і выступае ён ад імя народу. Пры гэтым слова «дэмакратыя» (што азначае літаральна «ўлада народу») падаецца як утварэньне ад расейскага слова «дерьмо».

Тым ня менш, на міжнародным узроўні Беларусь імкнецца выстаўляць сябе як краіну з маладой, але ўсё-такі разьвітой дэмакратыяй, дзе ахоўваюцца правы чалавека, дзе створаны ўсе ўмовы для свабоднага разьвіцьця асобы, разьвіцьця беларускай культуры, мовы.

Але ж з падзеньнем улады камуністаў і распадам СССР уцякло ўжо шмат вады. Сёньня быццам бы няма патрэбы заяўляць, што незалежная Беларусь, утвораная на парэштках савецкай імпэрыі, зьяўляецца краінай рабочых і сялян, краінай Саветаў, краінай разьвітога сацыялізму. Улада, трэба аддаць ёй належнае, на гэтым і не настойвае. Яна зыходзіць як бы з прагматычных меркаваньняў. Маўляў, нешта захаваем з савецкай спадчыны, нешта возьмем у расейцаў, нешта запазычым на Захадзе.

Ніхто ня любіць турэмшчыкаў

Разбурэньне Савецкага Саюзу пачалося тады, калі праваабаронцы пачалі патрабаваць ад уладаў выконваць палажэньні Канстытуцыі СССР — самай перадавой і дэмакратычнай у сьвеце, як сьцьвярджалі ўлады. Канстытуцыя Беларусі таксама ня страціла дэмакратычнага зьместу, нягледзячы на трансфармацыі апошніх гадоў. Яна проста ня дзейнічае. С.Хусэйну ня трэба было прыкідвацца й называць Ірак дэмакратычнай дзяржавай. 100% галасоў за Садама на апошніх перад падзеньнем ягонага рэжыму выбарах — квінтэсэнцыя такога падыходу да дэмакратыі. Іран таксама лічыць заходнюю дэмакратыю глыбока варожай і чужой мусульманскаму сьвету зьявай. Свой спэцыфічны шлях абралі Туркмэністан і Ўзбэкістан.

Што перашкаджае сёньняшняму рэжыму ў Беларусі адкрыта абвясьціць сябе дыктатарскім і канчаткова адхрысьціцца ад заходняй дэмакратыі? Тым болей што апошнія папраўкі ў Крымінальным кодэксе ўжо ніхто, нават сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, не асьмеліўся назваць дэмакратычнымі. Размова фармальна тычыцца толькі бясьпекі дзяржавы й… чалавека. Дарэчы, а дзе чалавек можа адчуваць сябе ў абсалютнай бясьпецы? Зразумела — толькі ў турэмнай камэры, пад узмоцненай аховай…

Сёньня крытыка ЗША ў сувязі з захадамі, скіраванымі на ўмацаваньне бясьпекі амэрыканскіх грамадзян, з боку Беларусі выглядае двухсэнсоўнай і недарэчнай. Выходзіць, што Беларусь на баку тых эўрапейскіх краін, якія абураны ня толькі несанкцыянаваным выкарыстаньнем паветранай прасторы (а значыць, парушэньнем сувэрэнітэту) і аэрадромаў эўрапейскіх дзяржаў, дзе нібыта прызямлялся самалёты ЦРУ, ня толькі тайным утрыманьнем на тэрыторыі гэтых дзяржаў турмаў для падазраваных у тэрарыстычнай дзейнасьці, але і найперш фактам катаваньняў. Факт пакуль афіцыйна не пацьверджаны.

Пра сакрэтныя турмы першай паведаміла ўплывовая амэрыканская тэлекампанія ABC. Яна апублікавала ў Інтэрнэце сьпіс сакрэтных базаў, дзе часова ўтрымліваліся вязьні, — большасьць зь іх на тэрыторыі Польшчы й Румыніі. Кандалізе Райс падчас свайго турнэ па Эўропе давялося літаральна адбівацца ад шматлікіх непрыемных пытаньняў палітыкаў і журналістаў. І хаця кіраўнікі многіх краін Эўразьвязу схільныя лічыць інцыдэнт вычарпаным, Эўрапарлямэнт і ПАРЭ настойваюць на расьсьледаваньні ўсіх акалічнасьцяў. Польскі прэм’ер Марцінкевіч таксама заявіў, што на ўсе пытаньні ў гэтай справе павінны быць дадзены адказы.

Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі «Х’юмэн Райтс Ўотч», супрацоўнікі ЦРУ жорстка катавалі палонных падчас допытаў. Як піша «Газэта выборча», уцечка інфармацыі пайшла ад афіцэраў ЦРУ, нездаволеных тым, што іх некалі элітнае ведамства ператвараецца ў турэмнае, а яны самі — у звычайных турэмшчыкаў. Хаця адміністрацыя ЗША катэгарычна адмаўляе факт катаваньняў, яе прадстаўнікі, пачынаючы ад прэзыдэнта, упарта падкрэсьліваюць надзвычайны характар захадаў, якіх патрабуе вайна з тэрарызмам.

Ніхто ўжо не адмаўляе, што амэрыканскія вайскоўцы і спэцслужбы даўно выкарыстоўваюць так званыя «інтэсіўныя мэтады» вядзеньня допытаў. Падсьледным, напрыклад, не даюць спаць суткамі, катуюць рэзкімі непрыемнымі гукамі, холадам і вільгацьцю ў камэры. Гэтыя мэтады таксама цяжка прызнаць цывілізаванымі. І цывілізаваная Эўропа, найперш Брытанія, не прызнае катаваньняў у прынцыпе, нават у дачыненьні да тэрарыстаў — на ўзроўні як афіцыйнай палітыкі, так і грамадзкай сьвядомасьці. Пасьля канцлягераў і турмаў Трэцяга райху эўрапейцы проста ня могуць сабе дазволіць забыцца на тое, што такое катаваньні, тым больш апраўдваць іх спасылкамі на бясьпеку дзяржавы. ЗША, у сваю чаргу, заўсёды лічылі й лічаць Эўропу занадта лібэральнай.

Эўропа не прызнае сьмяротнага пакараньня. У большасьці штатаў ЗША яно практыкуецца. Беларусь, разам з Кітаем, Віетнамам і шэрагам іншых азіяцкіх ды афрыканскіх дзяржаў, таксама захоўвае гэты інстытут.

Каго непакоіць Гандурас?

Пытаньне аб суадносінах бясьпекі чалавека ды ягоных правоў і свабод, сапраўды, набывае новае гучаньне ў наш час. Хаця з другога боку — гэта адвечнае пытаньне аб суадносінах мэты і сродкаў яе дасягненьня. Але Беларусь тут пакуль ня мае права голасу. Адна справа, калі Злучаныя Штаты крытыкуюць Брытанія, Францыя, нават Нямеччына, ці міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, многія зь якіх базуюцца, дарэчы, у ЗША. Беларусі няма чаго прад’явіць у галіне правоў чалавека й дэмакратыі. Свабода слова, сходаў і аб’яднаньняў як былі, так і засталіся ўсяго толькі дэклярацыяй. І вінаватая ў гэтым ня толькі ўлада. Фактычная забарона на распаўсюд незалежных газэт засталася амаль незаўважанай большасьцю насельніцтва. Можна не сумнявацца, што закрыцьцё партый ды іншых грамадзкіх арганізацый будзе ўспрынята ў грамадзтве з такой самай апатыяй. Ніхто і ня думаў пратэставаць у Беларусі супраць самога інстытуту сьмяротнага пакараньня. Беларускаму абываталю абсалютна няма справы да лёсу зьніклых — гэтаксама як і да лёсу вязьняў Гуантанамы. У сваёй палітычнай абазнанасьці ён падобны да чукчы, які зблытаў Гандурас зь дзетародным органам. Усё, што не паказваюць у тэлевізары (і ўсе, каго не паказваюць), не існуе ці ня варта ўвагі.

І ў гэтым хаваецца небясьпека для сёньняшняй улады. Што, урэшце, здольна яе напалохаць, прымусіць спыніць рэпрэсіі? Грамадзкі супраціў? Пратэсты і санкцыі з боку Захаду? Слаба верыцца ў рэальнасьць першага і дзейснасьць другога. Тым больш ніхто не чакае, што на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі раптам адрэагуе Масква. Вось ужо на што Крамлю абсалютна напляваць! Хаўрус з рэжымам Карымава гэта засьведчыў.

Сёньня Крэмль зацікаўлены ў захаваньні статус-кво ў Беларусі, у палітычным саюзе зь цяперашнім рэжымам. Але невядома, хто будзе ва ўладзе ў Крамлі заўтра. Вяртаньне Расеі ў таталітарнае мінулае, якое становіцца ўсё больш рэальным, аднак, не абяцае Беларусі нічога добрага. Маштаб рэпрэсій пры спробе аднавіць імпэрыю нельга нават блізка параўнаць з тым, на што здольная цяперашняя беларуская ўлада. Дарэчы, няма гарантый, што яны не закрануць зь цягам часу і беларускае чынавенства. Ніякая прапаганда і ўнутраныя рэпрэсіі не ўратуюць Беларусь ад зьнікненьня, каля яна ня стане нармальнай дэмакратычнай дзяржавай. Зьнішчаючы дэмакратычную апазыцыю, улада сячэ сук, на якім сядзіць. Як бы яе прадстаўнікі ні ставіліся да заходняй дэмакратыі і яе інстытутаў сёньня, заўтра можа аказацца, што гэта адзіны паратунак для ўлады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0