15.03.2015 / 10:53

Як у 1990-1994 распрацоўвалі і як прымалі Канстытуцыю РБ і якая была пры тым «роля асобы ў гісторыі», а менавіта Ганчара 23

Піша Аляксандр Кур’яновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Прыняцце новай Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года стала адным з галоўных элементаў працэсу афармлення незалежнасці рэспублікі. У дадзеным артыкуле канстытуцыйны працэс у Беларусі ў 1990-1994 разглядаецца па наступных параметрах: перадумовы новай Канстытуцыі; Канстытуцыйная камісія; праекты Канстытуцыі; заўвагі і прапановы; механізм і этапы прыняцця Канстытуцыі.

Перадумовы новай Канстытуцыі

Сярод перадумоў будучай Канстытуцыі незалежнай Беларусі можна вылучыць некалькі. Па-першае, гэта гарбачоўская «перабудова» і незваротныя працэсы дэмакратызацыі і галоснасці, якія выявілі абуральны разрыў паміж палажэннямі Канстытуцыі СССР і саюзных рэспублік і рэальным становішчам спраў у грамадстве. Цэнтр і рэспубліканскія ўлады, у тым ліку і на Беларусі, перайшлі да палітыкі «латання дзірак», г.зн. ўнясення ў канстытуцыі шматлікіх змяненняў і дапаўненняў. Бесперспектыўнасць такой практыкі станавілася ўсё больш яўнай, наспела неабходнасць іншай Канстытуцыі. Па-другое, Вярхоўны Савет Беларусі XII склікання, абраны вясной 1990 г. на першых у гісторыі БССР альтэрнатыўных выбарах. Менавіта ў Вярхоўным Савеце гэтага склікання быў дадзены старт канстытуцыйнаму працэсу на аснове палітычнага плюралізму. Па-трэцяе, прыняцце Вярхоўным Саветам Беларусі XII склікання шэрагу заканадаўчых – Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпені 1990 г., Закона аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ад 27 лютага 1991 г., Закона аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статуса Канстытуцыйнага Закона ад 25 жнiўня 1991 г. і інш., – актаў, якія заклалі падмурак незалежнасці рэспублікі.

Канстытуцыйная камісія

Для распрацоўкі праекта Асноўнага Закона пастановай Вярхоўнага Савета ад 22 чэрвеня 1990 г. была створана Канстытуцыйная камісія на чале з кіраўніком Парламента М.І. Дземянцеем. Колькасць Канстытуцыйнай камісіі склала 74 чалавекі: 61 дэпутат Вярхоўнага Савета і 13 экспертаў. Асноўнай формай працы камісіі сталі паседжанні, пратоколы якіх пачалі весціся з 10 чэрвеня 1991 г.

Напачатку распрацоўшчыкі праекта Асноўнага Закона верылі ў сваю місію, былі ўпэўненыя, што створаць сапраўды якасную Канстытуцыю. Старшыня Вярхоўнага Савета М.І. Дземянцей заявіў на парламенцкім паседжанні 30 кастрычніка 1990 г., што Канстытуцыя павінна быць як «хорошая коробка передач, которая работает на восемь скоростей: три скорости назад, пять — вперед»1.

З мэтай эфектыўнасці працы над праектам Асноўнага Закона ў Канстытуцыйнай камісіі былі створаны дзве падкамісіі з вызначанай фіксаванай колькасцю членаў. Абедзве падкамісіі істотна адрозніваліся па складзе. Па вобразным выразе М.І. Дземянцея, адна падкамісія была «административно-командная из бывших коммунистов», іншая – «из прогрессивных людей»(2). Адну падкамісію ўзначаліў В.І. Шаладонаў, другую – В.І. Ганчар.

У сваю чаргу, кожная падкамісія складался з рабочай группы і группы экспертаў. Канчаткова такая структура была юрыдычна зацверджана Вярхоўным Саветам 22 лістапада 1990 г.(3)

У працоўную групу першай падкамісіі ўвайшлі вядомыя і вопытныя юрысты-дзяржаўнікі: В.А. Бараўцоў (начальнік юрыдычнага аддзела Упраўлення справамі Савета Міністраў БССР), Г.А. Васілевіч (начальнік аддзела па пытаннях заканадаўства і правапарадку Сакратарыята Вярхоўнага Савета БССР), Б.М. Гадуноў (дэкан юрыдычнага факультэта БДУ), Н.А. Кудзінаў (начальнік кафедры дзяржаўна-прававых дысцыплін Мінскай вышэйшай школы МУС), В.Г. Ціхіня (народны дэпутат БССР, міністр юстыцыі БССР), І.А. Юхо (прафесар БДУ).

Не менш значным выглядаў і спіс экспертаў падкамісіі №1. У яго ўвайшлі вядучыя юрысты рэспублікі, кандыдаты і дактары навук: А.А. Галаўко, В.А. Кучынскі, С.Ф. Сокал, А.Ц. Лейзераў, М.П. Чудакоў, В.І. Шабайлаў, А.В. Матусевіч, В.І. Семянкоў.

Падкамісія №2 выглядала наступным чынам. Члены рабочай групы, народныя дэпутаты БССР: Я.М. Глушкевіч, Л.У. Зданевіч, В.Ф. Какоўка, М.К. Крыжаноўскі, М.А. Тоўсцік. Група экспертаў: Л.А. Бейнаровіч, А.Я. Вашкевіч, Д.У. Драгун, С.Я. Леўшуноў, В.Я. Лубоўскі, М.І. Пастухоў, М.В. Пухонта, М.Н. Сатоліна, Д.Я. Тагуноў, А.Т. Шырокаў.

У ліпені 1991 г. на аснове двух падкамісій была створана адзіная Рабочая група Канстытуцыйнай камісіі. Праўда, калі гэта адбылося, выявіць немагчыма з-за адсутнасці адпаведных крыніц. Але дакладна вядома, што 20 ліпеня 1991 г. адбылося першае – па архіўнай стэнаграме – пасяджэнне Рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі ў абноўленым складзе. Усяго некалькі такіх пасяджэнняў прайшло да 24 ліпеня 1991 г. уключна, калі былі разгледжаны апошнія палажэнні першага праекта Канстытуцыі, якія тычыліся фінансава-крэдытнай сістэмы рэспублікі, а таксама парадку дзеяння Канстытуцыі.

Кіраўніком Рабочай групы ад пачатку і ажно да прыняцця Канстытуцыі быў В.І. Шаладонаў. 4 кастрычніка 1992 г. былі прызначаны намеснікі кіраўніка Рабочай групы. Імі сталі В.А. Бараўцоў і Р.А. Васілевіч(4).

В.І. Шаладонаў меў вялікі ўплыў ў Рабочай групе, стаўшы персаніфіцыраваным яе ўвасабленнем, вельмі часта навязваў членам групы сваю волю. Нездарма 25 мая 1993 г. дэпутат А.А. Трусаў абвінаваціў В.І. Шаладанова ва ўзурпацыі правоў Рабочай групы (5).

Самае буйнае паседжанне Канстытуцыйнай камісіі адбылося 21 мая 1992 г. На ім прысутнічалі 35 членаў камісіі і 11 экспертаў, прадстаўнікі Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гападарчага Суда, Міністэрства юстыцыі, а таксама ўсіх абласных выканаўчых камітэтаў. Само паседжанне ішло з 10 да 18 гадзін. У асноўным размова на гэтым паседжанні вялася наконт будучай канстытуцыйнай прэамбулы, у прыватнасці па яе частцы шостай. Пытанне стаяла такое: ці патрэбна ў гэтай частцы пералічваць найбольш значныя заканадаўчыя акты, у тым ліку статуты Вялікага княства Літоўскага, устаўныя граматы Беларускай Народай Рэспублікі. Адны дэпутаты і эксперты (М.А. Слямнёў, І.А. Юхо і інш.) настойвалі на пералічэнні, бо на іх думку гэта не толькі падкрэслівае адметнасць Канстытуцыі, але мае і вялікае выхаваўчае значэнне. Іншыя лічылі, што прэамбулу можна даць у скарочаным выглядзе. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваўся дэпутат А.Р. Лукашэнка, які заклікаў «не разворачивать» прэамбулу, а «дать двумя строчками» (6).

Колькасны склад Канстытуцыйнай камісіі значна змяніўся пасля таго, як 28 кастрычніка 1992 г. яе старшынёй стаў С.С. Шушкевіч. Адначасова быў пакладзены канец той парадаксальнай сітуацыі, калі М.І. Дземянцей, ужо не будучы кіраўніком Вярхоўнага Савета пасля вядомых падзей 19-21 жніўня 1991 г., тым не менш, стаяў на чале Канстытуцыйнай камісіі.

С.С. Шушкевіч даручыў высветліць ўзровень наведвальнасці пасяджэнняў Канстытуцыйнай камісіі. Калі разам звялі ўсе дадзеныя, карціна атрымалася сумная. З чэрвеня 1991 па кастрычнік 1992 гг. усе трынаццаць пасяджэнняў камісій наведалі В.А. Бараўцоў і Г.А. Васілевіч, дванаццаць пасяджэнняў – М.П. Чудакоў, В.А. Піскароў, адзінаццаць – В.Ф. Голубеў, дзесяць – Н.І. Дземянцей, В.І. Шаладонаў, пяць – А.Р. Лукашэнка. Лідар парламенцкай апазыцыі БНФ З.С. Пазняк наведаў толькі адно пасяджэнне камісіі (7).

Склад Канстытуцыйнай камісіі істотна абнавіўся па некалькіх прычынах. Па-першае, смерць некаторых членаў камісіі (Н.А. Кудзінаў, Г.Т. Мілаванаў); па-другое, датэрміновае складанне паўнамоцтваў шэрагу парламентарыяў (Я.Я. Сакалоў, С.М. Шабашоў), па-трэцяе, уласнае жаданне дэпутатаў, таму што вызначыліся тыя, хто вырашыў сысці з яе, і, наадварот, стаць новым яе членам.

Напрыклад, дваццаць пяць дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII склікання падалі заявы аб выключэнні іх са складу Канстытуцыйнай камісіі. Дваццаць дзевяць дэпутатаў падалі заявы аб уключэнні іх у склад Канстытуцыйнай камісіі.

11 лістапада 1992 г. Вярхоўны Савет зацвердзіў пастанову «Аб змяненні ў складзе Канстытуцыйнай камісіі» (8). Згодна з пастановай з 74 членаў камісіі выбыла 15 чалавек, ўвайшло ў склад камісіі 17 чалавек. Колькасць Канстытуцыйнай камісіі склала 76 чалавек. Апошняе змяненне ў складзе адбылося ўвосень 1993 г. і было звязана са смерцю дэпутата Дз.А. Арцымені, які загінуў ад рук наёмнага забойцы. Месца Дз.А. Арцымені, які 10 лістапада 1992 г. выказаўся за амерыканскую мадэль улады (9), ў Канстытуцыйнай камісіі так і засталося вакантным.

Фармальна сваё існаванне Канстытуцыйная камісія скончыла 15 сакавіка 1994 г., калі і была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Ніякага спецыяльнай пастановы наконт спынення паўнамоцтваў Канстытуцыйнай камісіі парламентам прынята не было. Згодна з Часовым Рэгламентам Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990 г. часовая камісія, якой і з’яўлялася Канстытуцыйная камісія, аўтаматычна спыняла сваю дзейнасць, калі выканала сваю задачу.

Падсумоўваючы вышэйказанае, можна адзначыць, што Канстытуцыйная камісія як структура мела і моцныя, і слабыя бакі. Гэта так ці інакш уплывала на канстытуцыйны працэс.

Да безумоўных плюсаў Канстытуцыйнай камісіі можна аднесці тое, што ўпершыню за часы працы Вярхоўнага Савета яна была абрана дэмакратычным шляхам. Да таго ж упершыню да працы ў Канстытуцыйную камісію былі прыцягнуты прафесійныя эксперты-юрысты. Савецкая заганная практыка, калі ў Канстытуцыйную камісію ўключаліся даяркі і механізатары, была скасавана.

Паседжанні Канстытуцыйнай камісіі адбываліся ва ўмовах рэальнага плюралізму, свабоднага выказвання думак. Сама Камісія працавала ва ўмовах сфармавання больш-менш вольнай інфармацыйнай прасторы, была адкрыта для прапаноў. Як трапна заўважыў М.І. Дземянцей, «мы не работаем скрытно, мы не какие-то сектанты, мы сегодня от каждого гражданина готовы принять любые предложения» (10).

У чым былі хібы Канстытуцыйнай камісіі? Канстытуцыйная камісія не ажыццяўляла ніякіх кантрольных функцый, не мела рычагоў ўздзеяння і ўплыву. У Канстытуцыйнай камісіі адсутнічаў нават рэгламент працы. Замежныя магчымасці Канстытуцыйай камісіі таксама былі вельмі абмежаванымі. У гэтым беларусы значна саступалі, напрыклад, расійскім калегам. На адным з паседжняў Канстытуцыйнай камісіі было канстатавана, што «у россиян более слаженная работа, жесткий график, лучшая организация труда, силен технический секретариат, больше выходов на международные связи» (11).

Многія дэпутаты, у прыватнасці, В.І. Ганчар, канстатавалі, што меркаванне Канстытуцыйнай камісіі не ўлічваецца нават на ўзроўні рэкамендацый (12). Яны прапаноўвалі павысіць статус Канстытуцыйнай камісіі, надзяліўшы яе правам канстытуцыйнага нагляду за законапраектамі, правам канчатковага галасу па спрэчках паміж дзяржаўнымі органамі і інш.

Наступная праца Канстытуцыйнай камісіі паказала немэтазгоднасць такой колькасці яе членаў. Поўны склад Канстытуцыйнай камісіі не толькі ніколі не збіраўся цалкам, але і нават пры неабходным – 38 членаў – кворуме пры прыняцці рашэнняў.

Таксама вельмі часта меў месца такі парадокс: тыя дэпутаты, якія не ўдзельнічалі ў папярэднім паседжанні Камісіі, прыходзілі на наступнае паседжанне і пачыналі крытыкаваць ўжо зацверджаныя палажэнні праекта Асноўнага Закона, што ўносіла пэўны элемент дэстабілізацыі ў канстытуцыйны працэс.

Акрамя таго, не быў дасканала прадуманы механізм узаемадзеяння паміж дэпутатамі і ўласна экспертамі. Справа ў тым, што з пачаткам канстытуцыйнага працэсу дэпутаты, за выключэннем В.Ф. Голубева і М.А. Толсціка амаль цалкам адыйшлі ад працы над праектам, які распрацоўваўся высілкамі экспертаў. Калі ж, у сваю чаргу, праект выносіўся на разгляд парламентарыяў, тыя ўносілі такія праўкі, якія па многіх параметрах нівеліявалі праект.

Сумнеў выклікала стварэнне двух паралельных падкамісій, што суправаджалася бюракратычнымі і матэрыяльнымі выдаткамі. Пытанне аб мэтазгоднасці двух падкамісій 30 кастрычніка 1990 г. паставіў дэпутат І.М. Каратчэня (13).

Да таго ж найбольш значныя рэсурсы ўкладваліся ў падкамісію В.І. Шаладонава, якая па сваім саставе лічылася лакаматывам і фаварытам канстытуцыйнага працэсу. Насупраць, В.І. Ганчар прыкладаў высілкі для матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння дзейнасці сваёй камісіі, аб чым сведчаць шматлікія заявы на адрас М.І. Дземянцея. Сам В.І. Ганчар 30 кастрычніка 1990 г. абвінаваціў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і асабіста старшыню планава-бюджэтнай камісіі Р.І. Унучку ў тым, што на яго падкамісію не выдаюцца сродкі (14). Па гэтай прычыне паступова падкамісія В.І. Ганчара страчвала свой энтузіязм. Таму сцвярджэнне Р.А. Васілевіча аб тым, што «образование двух параллельных рабочих групп создало атмосферу здоровой конкуренции между ними за качественность проекта» (15), не выглядае пераканаўча.

Сур’ёзнай перашкодай ў працы Канстытуцыйнай камісіі было тое, што ў рэспубліцы адсутнічаў самастойны вопыт распрацоўкі падобных дакументаў. Раней праекты заканадаўчых актаў «спускаліся» у Вярхоўны Савет альбо з ЦК КПБ, альбо з Масквы. Дэпутаты дзейнічалі ў якасці статыстаў, паслухмяна зацвярджаючы гэтыя праекты. Аб гэтым пераканана сведчыць вопыт прыняцця Канстытуцыі БССР 1978 г. (16) Акрамя таго, шмат каму з дэпутатаў увогуле не была вядома такая рэч як закатворчая тэхніка ці праватворчы працэс.

На дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі негатыўна ўплывалі і палітычныя прычыны. І адна з іх крылася ў складзе Вярхоўнага Савета XII склікання. Абраны шляхам больш-менш дэмакратычных выбараў, гэты Вярхоўны Савет з-за адсутнасці моцных партыйных фракцый не быў класічнай парламенцкай структурай. У ім пераважалі дэпутаты, многія з якіх, будучы членамі Канстытуцыйнай камісіі, прытрымліваліся абсалютна супрацьлеглых поглядаў на дзяржаўны лад Беларусі. Пры такім варыянце перспектыва знайсці сярод гэтых парламентарыяў кампрамісны варыянт наконт таго ці іншага пытання па распрацоўцы новай Канстытуцыі была вельмі слабая. Па словах старышыні парламенцкай камісіі па заканадаўстве Дз.П. Булахава, «с точки зрения политических позиций субъектов коституционный процесс оказался дезорганизован» (17).

Праекты Канстытуцыі

У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь маецца звыш дзесятка канстытуцыйных праектаў са шматлікімі зменамі і праўкамі. Некаторыя з гэтых праектаў апублікаваны Р.А. Васілевічам (18).

Так як у рамках дадзенага артыкула ўсе іх аналізаваць няма магчымасці, больш мэтазгодна зазначыць тыя праекты, якія публікаваліся для абмеркавання ў рэспубліканскім друку. Такіх публікацый было тры: у снежні 1991 г (19), у жніўні 1992 г. (20), ў верасні 1993 г. (21).

«Снежаньскі» праект складаўся з прэамбулы, 9 раздзелаў, 9 глаў і 170 артыкулаў. «Жнівеньскі» праект меў прэамбулу, 10 раздзелаў, 6 глаў і 170 артыкулаў. Нарэшце, канструкцыя «вераснёўскага» праекта будавалася на прэамбуле, 8 раздзелах, 8 главах і 152 артыкулах.

Гэтыя праекты былі рознымі па якасці. У іх можна вызначыць як пазітыўныя моманты, так і істотныя недахопы.

Відавочны такія канцэптуальныя перавагі праектаў над дзеючай Канстытуцыяй 1978 г. як больш стройная і лагічная структура, ўдалая фармулёўка раздзелаў і глаў, адпаведная групоўка тых ці іншых палажэнняў, адсутнасць прапагандысцкай дэмагогіі.

Да недахопаў можна аднесці звышпільную ўвагу заканадаўцаў да правоў і абавязкаў грамадзянаў, і адпаведна меньшую – да палажэнняў аб раздзяленні ўладаў, дзяржаўным ладзе рэспублікі, імкненне да кампіляцыі, а не да асэнсавання найбольш спрэчных і складаных момантаў канстытуцыйнага праекта, схільнасць не вырашаць гэтыя складанасці, а хаваць іх пад адсылачнымі нормамі кшталту таго, што тыя ці іншыя пытанні рэгулюцца законам.

Канстытуцыйныя праекты сведчылі пра сталае ваганне большасці дэпутацкага корпуса наконт прынцыповых палажэнняў, напрыклад, прэзідэнцтва. Так, «снежаньскі» праект уводзіў інстытут «моцнага» Прэзідэнта, які адначасова з’яўляўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Акрамя таго, Прэзідэнт абвяшчаўся гарантам суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, правоў і свабод грамадзян. Пункт 1 артыкула 105 праекта надзялялі кіраўніка дзяржавы правам рабіць захады па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці рэспублікі.

«Жнівеньскі» праект адназначна замацаваў «слабага» Прэзідэнта, які з гэтага часу з’яўляўся толькі кіраўніком дзяржавы. Палажэнне аб тым, што Прэзідэнт прымае меры, накіраваныя на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, было ўвогуле выключана.

Аўтары «вераснёўскага» праекта праекта вярнуліся да ідэі «моцнага» Прэзідэнта, надзяліўшы яго істотнымі паўнамоцтвамі. Прэзідэнт зноў станавіўся кіраўніком не толькі дзяржавы, але і выканаўчай улады. Была рэанімавана норма аб мерах па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці рэспублікі. Прэзідэнт атрымліваў правы ствараць і касаваць міністэрствы, ведамствы і іншыя цэнтральныя органы кіравання. Пры Прэзідэнце ствараўся Урад – Кабінет Міністраў.

Канешне, толькі прэзідэнцтвам кола спрэчных пытанняў у канстытуцыйных праектах не абмяжоўвалася. Яно было вельмі шырокае і тычылася: прэамбулы; адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі, статуса дзяржаўнай мовы, прафесійнага ці непрафесійнага Парламента, яго колькасці і назвы, статуса і паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда, механізму прызначэння суддзяў абласных, раённых і гарадскіх судоў, колькасці суб’ектаў, маючых права заканадаўчай ініцыятывы, права пракуратуры на следчыя дзеянні і інш.

Заўвагі і прапановы

На пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі 21 мая 1992 г. В.І. Шаладонаў заявіў, што пасля публікацыі першага праекта паступіла 3534 заўваг і прапаноў, з якіх 1892 насілі рэдакцыйны характар. Па словах В.І. Шаладонава, па прэамбуле праекта паступіла 35 прапаноў і заўваг (22)

Перад паартыкульным галасаваннем па праекце Канстытуцыі ў траўні 1993 г. Старшыня Вярхоўнага Савета С.С. Шушкевіч агучыў наступныя лічбы: усяго за 1991-1992 гг. паступіла 11 тыс. асабістых заўваг і прапаноў і 1 млн. – калектыўных (23). Гэта было досыць высокая актыўнасць, улічваючы, што ўладамі не выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс.

На жаль, няма статыстычных звестак аб колькасці заўваг і прапаноў у 1993-пачатку 1994 гг. Хутчэй за ўсё, іх было няшмат. Грамадская цікавасць да канстытуцыйнага праекта ў гэты час рэзка ўпала не ў апошнюю чаргу з-за самога Вярхоўнага Савета XII склікання, які імкліва губляў папулярнасць сярод насельніцтва. Так, механік Бабруйскага завода «Сельгазагрэгат» В.В. Свізуноў у лісце на адрас Канстытуцыйнай камісіі адзначаў аступнае: «Меня, как простого человека нашей страны, удивляет следующий факт. Очень низкая активность наших людей по вопросу обсуждения такого важного документа как Конституция. Никто не обсуждает ни дома, ни на работе, ни в средствах массовой информации. Важнее Конституции ставим на обсуждение вопросы проезда в общественном транспорте, цен на колбасу, названий белорусским деньгам и т.д. А это самый важный документ нашей жизни, жизни наших потомков» (24).

Паступілі заўвагі і прапановы можна ранжыраваць наступным чынам: заўвагі і прапановы дэпутатаў Вярхоўнага Савета, членаў Канстытуцыйнай камісіі, экспертаў Канстытуцыйнай камісіі; заўвагі і прапановы арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў; заўвагі і прапановы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў; заўвагі і прапановы асобных грамадзян Рэспублікі Беларусь, заўвагі і прапановы замежных экспертаў.

Заўвагі і прапановы тычыліся назвы рэспублікі, прэамбулы, інстытута прэзідэнцтва, Парламента, мовы, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, судовай сістэмы, Канстытуцыйнага Суда, правоў і свабод грамадзян і інш.

У Вярхоўным Савеце 12-га склікання нарадзіўся альтэрнатыўны праект, які распрацавала дэпутацкая група «Беларусь». 20 студзеня 1993 г. гэты праект быў агучаны дэпутатам Ф.Ф. Мінько. Са слоў Ф.Ф. Мінько, які, як заўважыў дэпутат В.І. Гончар, «плохо подготовился» да выступлення, выходзіла, што «Республика Беларусь – социальное государство, гарантирующее соблюдение, обеспечение и защиту прав человека, фундаментальными из которых признаются права на жизнь, на труд, на достойный жизненный уровень, на бесплатное медицинское обслуживание, на бесплатное образование и другие права, закрепленные действующей Конституцией и ратифицированными Республикой Беларусь международно-правовыми актами; Республика Беларусь – демократическое, правовое государство, основанное на принципах законности, разделения и равенства законодательной, исполнительной и судебной властей» (25).

Паводле праекта гэтай дэпутацкай групы, пасада Прэзідэнта не прадугледжвалася. Беларусь абвяшчалася парламенцкай рэспублікай.

Праект «Беларусі» не быў зацверджаны. Са 187 дэпутатаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, праект падтрымалі 130 чалавекі пры кворуме ў 173 (26).

У заўвагах і прапановах асобных ведамстваў, арганізацый досыць выразна прасочваецца лабісцкая тэндэнцыя, імкненне зацвердзіць у будучай Канстытуыі свае мэты. Можна прывесці некалькі прыкладаў.

Так, 7 кастрычніка 1992 г. за подпісам кіраўніка Савета Міністраў В.Ф. Кебіча на адрас Канстытуцыйнай камісіі прыйшлі наступныя прапановы: павялічыць (з 25 000 да 100 000) колькасць подпісаў грамадзянаў пры вылучэнні кандыдадаў на пасаду Прэзідэнта, падначаліць Ураду Узброенныя Сілы, а таксама Нацыянальны банк (27).

24 сакавіка 1993 г. Федэрацыя прафсюзаў Беларусі даслала на адрас Канстытуцыйнай камісіі патрабаванне уключыць у праект Асноўнага Закона норму аб тым, каб прафсаюзы мелі права заканадаўчай ініцыятывы (28).

16 красавіка 1993 г. у Канстытуцыйную камісію звярнуўся КДБ з прапановай уключіць у праект норму аб праве заканадаўчай ініцыятывы ягонага Старшыні (29).

5 мая 1993 г. Нацыянальны банк даслаў у Канстытуцыйную камісію прапанову аб тым, каб толькі за ім у канстытуцыйным праекце захавалася выключнае права на грашовую эмісію (30).

У верасні 1993 г. старшыня Кантрольнай палаты В.А. Саковіч настойваў на тым, каб ягонае ведамства іменавалася ў будучай Канстытуцыі не іначай як «высший орган финансово-экономического контроля» (31). 30 снежня 1993 г. у лісце да С.С. Шушкевіча В.А. Саковіч рэкамендаваў «чётко выразить» у праекце Канстытуцыі незалежнасць Кантрольнай палаты, якая, да таго ж, павінна выбірацца не 5 гадоў, а на 12 (32).

Прыкладамі лабізму на меншым узроўні з’яўляюцца нежаданне Мінскага абласнога суда ўвядзення суда прысяжных, імкненне Саюза адвакатаў Беларусі ўзвесці адвакатуру ў ранг канстытуцыйных інстытутаў (33) і інш.

Лабісцкую палітыку праводзілі і грамадскія аб’яднанні. 13 студзеня 1992 г. грамадска-культурнае аб’яднанне «Полесье» прапанавала зацвердзіць ў канстытуцыйным праекце дзяржаўны статус чатырох – русская, польская, беларуская і заходнепалеская – моў, а таксма зафіксаваць «право западных полешуков на развитие в качестве самостоятельного этноса» (34).

24 студзеня Саюз палякаў Беларусі ультыматыўна патрабаваў выключыць з праекта Канстытуцыі норму аб тым, што забараняецца дзейнасць грамадскіх і канфесійных арганізацый, якія выступаюць супраць суверэнітэту Беларусі. На думку прадстаўнікоў Саюза палякаў, гэта норма – вынік «антипольской и антикатолической кампании, развернутой в республике» (35).

29 лістапада 1992 г. Саюз моладзі Беларусі прапанаваў зацвердзіць у канстытуцыйным праекце такую норму: «Гарантия права каждого молодого человека на бесплатное образование, здравоохранение и первое рабочее место» (36).

Актыўнасцю вылучаліся ветэранскія арганізацыі. Іх галоўная мэта палягала ў тым, каб замацаваць у будучай Канстытуцыі пэўную колькасць дэпутацкіх месцаў, г.зн. прадстаўнікі гэтых арганізацый маглі выбірацца ў дэпутаты на пленумах сваіх аб’яднанняў. Дарэчы, такая норма была ўнесена ў Канстытуцыю БССР 1978 г. спецыяльным Законам ад 27 кастрычніка 1989 г. Дзякуючы гэтаму 50 дэпутатаў былі абраны ў 1990 г. у Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання ад ветэранскіх арганізацый, ад таварыства інвалідаў, а таксама ад таварыставаў сляпых і глухіх.

Патрабаванні прадстаўнікоў гэтых арганізацый замацаваць у праекце Канстытуцыі квоту мелі месца практычна на ўсім працягу канстытуцыйнага працэса. Такія прапановы паступалі нават тады, калі Канстытуцыя была ўжо прынята. Напрыклад, 18 сакавіка 1994 г. ветэраны з г. Глуска Магілёўскай вобласці звярнуліся да распрацоўшчыкаў Канстытуцыі з наступнай заявай: «Требуем законодательно закрепить право представительства ветеранской оргаанизации в депутатском корпусе нового Верховного Совета Республики Беларусь. Ветеранская организация – это не политическая организация, не объединение по интересам или привычкам типа любителей пива. Это объединение людей на основе неизбежной физиологической общности людей, которые в силу преклонного возраста и физических возможностей не могут проявлять более высокой политической и гражданской активности». У канцы заявы падпісанты заклікалі дэпутатаў, каб тыя, «нажимая на кнопки, не забывали о старости» (37).

З палітычных партый найбольшую актыўнасць праявіла Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі. Яна, напрыклад, прапаноўвала увогуле ўбраць з праекта Канстытуцыі словы «народ», «сацыяльная дзяржава», а таксама прадаставіць права заканадаўчай ініцыятывы рэспубліканскім грамадска-палітычным арганізацыям (38).

Што да заўваг і прапаноў грамадзянаў, то можа зрабіць адназначную выснову. Пераважная частка насельніцтва вельмі асцярожна ставілася да радыкальных новаўвядзенняў ў будучай Канстытуцыі (асабліва інстытут прэзідэнцтва), выступала за захаванне тых сацыяльных стандартаў – бясплатнае жыллё, адукацыя і медыцына і г.д., – якія былі прапісаны ў Канстытуцыі 1978 г. Так, у 1992 г. грамадзянін А. Каваленка ў лісце да С.С. Шушкевіча адзначаў: «Я ознакомился с Конституцией. Что будет с моими внуками? Не делайте образование платным, Вы учёным стали при советской власти, и я Вам завидую белой завистью» (39).

Аб насцярожнасці грамадзянаў да канстытуцыйных навелаў сведчыць іх адносіны да замежных тэрмінаў, якія выкарыстоўваліся ў праектах Асноўнага Закона. Так, большасць прапаноў была накіравана супраць перайменавання Вярхоўнага Савета ў Сойм. Жыхар Віцебска В. Барадулін такім чынам тлумачыў сваю пазіцыю: «Что такое Сойм? Я коренной белорус, а такого слова не встречал. На всякие националистические выдумки надо наплевать и забыть» (40).

Грамадзянін Р. Рымараў з Гродна выступіў супраць наяўнасці ў праекце тэрміна «унітарызм» і інш. Так, прапаноўваючы выключыць слова «унітарнае» з прэамбулы праекта Канстытуцыі, ён матываваў гэта тым, што Канстытуцыя для ўсяго народа, а не для юрыстаў і кандыдатаў навук (41).

Безумоўна, прапановы і заўвагі да праектаў Канстытуцыі, у першую чаргу, з боку грамадзянаў з’яўляюцца цікавым аб’ектам навуковага вывучэння, якія дазваляюць рэканструяваць грамадскія перавагі і настроі таго часу. На жаль, у сваёй асноўнай масе гэтыя прапановы і заўвагі простых жыхароў з’яўляюцца звычайным дылетантызмам, яны характарызуюцца вельмі нізкім, калі не прымітыўным узроўнем. Некаторыя прапановы грамадзянаў былі настолькі экзатычнымі, што не маглі ўспрымацца сур’ёзна.

Напрыклад, грамадзянін П.П. Канаплёў пасля публікацыі першага праекта прапанаваў уключыць у яго такую норму: «Вскрытие трупа, изъятие органов, частей тела может совершаться только с согласия умершего либо его близких родственников» (42).

Жыхарка Магілёва Н.А. Малік прапанавала зацвердзіць у будучай Канстытуцыі норму аб тым, што суддзі не павінны «употреблять алкоголь и табак» (43). Н.А. Малік таксама была ўпэўнена, што кожны грамадзянін Беларусі, паводле Канстытуцыі, павінен абязкова валодаць чатырма – англійская, нямецкая, французская, іспанская – замежнымі мовамі «на разговорном уровне» і ў тым, што паводле Асноўнага Закона, «не допускается строительство квартир с низкими потолками и маленькими окнами» (44).

У некаторых выпадках заўвагі і прапановы грамадзянаў ператвараліся ў альтернатыўныя, цэласныя праекты Канстытуцыі, але, як справядліва зазначае Р.А. Васілевіч, яны не былі сур’ёзнай канкурэнцыяй афіцыйнаму праекту (45).

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прагледзіць гэтыя праекты, якія, дарэчы складалі дыпламаваныя спецыялісты.

У чэрвені 1992 г. свой праект прапанаваў «юрист с государственно-правовой специализацией» А.М. Уласаў. На думку А.М. Уласава, вышэйшым органам улады павінен стаць Дзяржаўны Савет у складзе 80 асобаў на чале са Старшынёй, які абіраюцца ўсенародна. Дзеля гэтага сама тэрыторыя рэспублікі павінна быць падзелена на 80 тэрытарыяльна-мандатных акруг. Сама ж Канстытуцыя павінна, лічыў аўтар праекта, Усебеларускай канферэнцыяй (46).

У канцы 1992 г. у Канстытуцыйную камісію паступіў праект Асноўнага Закона, распрацаванага калектывам выкладчыца-прафесарскага складу Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. Куляшова пад кіраўніцтвам кандыдата юрыдычных навук, дацэнта кафедры «русской и советской истории» А.Р. Валчанкова. У прэамбуле праекта зазначалася (арфаграфія арыгінала), што «народ Республики Беларусь подтверждает свой социалистический выбор, осознавает себя неотъемлимой частью советского народа» (47), а сам праект уяўляў сабой набор банальных савецкіх сентэнцый з Канстытуцыі БССР 1978 г.

«Апагеем» аўтарскай думкі стаў кастытуцыйны праект, распрацаваны «группой ученых под руководством В.М. Белова» з Гомеля і датаваны 19 лютым 1994 г. «Труд души нашей», як патэтычна назвалі распрацоўшчыкі свой праект, аказаўся звычайным плагіятам з амерыканскай Канстытуцыі, закамуфляваным пад беларускія рэаліі.

Напрыклад, Кангрэс іменаваўся «Верховным Собранием», якое складалася з Вярхоўнай Рады і Палаты народных дэпутатаў. Патрабаванні да членаў Вярхоўнай Рады і Палаты народных дэпутатаў, а таксама сістэма іх выбараў у гэтым праекце дзіўна нагадвалі амерыканскія Сенат і Палату народных прадстаўнікоў.

Прапісваючы статус вобласці, аўтары не ўдасужыліся нават перапрацаваць тэкст Канстытуцыі ЗША. Таму і фігуравалі там палажэнні кшталту таго, што ні адна вобласць не можа «заключить какой-либо договор, вступить в союз или конфедерацию, чеканить монету».

«Группа ученых под руководством В.М. Белова», не саромеючыся, цалкам уставіла ў свой праект Біль аб правах 1791 г. толькі з той розніцай, што сума іска, які мог разглядаць суд прысяжных, перавышала не дваццаць даляраў, як гаварылася ў артыкуле сёмым Біля, а «одну месячную заработную плату» (48).

Праекты Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разглядаліся і замежнымі экспертамі. Да іх можна аднесці экспертаў з Канстытуцыйнай камісіі Расіі, Фонда Германіі па міжнародным прававым супрацоўніцтве, Цэнтральнай і Усходне-Еўрапейскай прававой праграмы Асацыяцыі амерыканскіх юрыстаў. Напрыклад, супрацоўнік апошняй установы Г. Шоу раіў не прапісваць дакладную колькасць дэпутатаў Парламента, а прывязаць яе да колькасці насельніцтва (49) і інш.

Механізм і этапы прыняцця Канстытуцыі

Механізм прыняцця Канстытуцыі меў іерархічны характар. На першым этапе Канстытуцыйны праект абмяркоўваўся ў Рабочай групе, затым – у Канстытуцыйнай камісіі, і нарэшце, у Вярхоўным Савеце.

На паседжанні Канстытуцыйнай камісіі праект быў зацверджаны 30 верасня 1991 г. (50). 11 лістапада 1991 г. праект у цэлым быў ухвалены большасцю дэпутатаў, якія не скупіліся на пахвалы праекту, які, на іх думку, адпавядаў ўзроўню сусветнай юрыдычнай думкі. 11 лістапада 1991 г. толькі адзіны – В.С. Трафіменка – дэпутат выказаўся супраць зацвярджэння праекта Канстытуцыі ў першым чытанні і публікацыі яго ў друку (51).

Абмеркаванне канстытуцыйнага праекта ў другім чытанні распачалося на дзесятай сесіі Вярхоўнага Савета, якая адкрылася 20 кастрычніка 1992 г. І хаця М.І. Дземянцей заклікаў «потом и кровью сделать этот документ» (52), праект зацверджаны не быў. Гэта было відавочным парушэннем Часовага Рэгламенту, згодна якому законапраект ў другім чытанні павінен быў быць ухвалены альбо не.

Справа ў тым, што парламентарыі жадалі супрацьпаставіць праект Канстытуцыі рэферэндуму аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савета, ідэю якога выказаў БНФ у канцы 1991 г.

Парламенцкая большасць 29 кастрычніка 1992 г. прыняла пастанову, згодна якой правядзенне рэферэндума рабілася немагчымым (53). У гэты ж дзень 29 кастрычніка 1992 г. Вярхоўны Савет прыняў спецыяльную заяву аб неабходнасці паскарэння канстытуцыйных пераўтварэнняў у рэспубліцы. Заява замацоўвала больш-менш дакладны – не пазней 1993 г. – тэрмін прыняцця Канстытуцыі (54).

На падставе гэтай заявы 20 студзеня і 5 лютага 1993 г. дэпутаты ажыццявілі рэйтынгавае галасаванне па найбольш спрэчных палажэннях канстытуцыйнага праекта. У свой час такі механізм прапанаваў дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня сталай камісіі па заканадаўстве Дз.П. Булахаў. Рэйтынгавае галасаванне праводзілася простай большасцю па найбольш прынцыповых пытаннях праекта. Гэта дапамагло знайсці хрупкі кансэнсус і найдалей працягваць працу над праектам.

5 лютага 1993 г. была зацверджана пастанова «Аб праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Асноўныя палажэнні пастановы, прынятыя рэйтынгавым галасаваннем, выглядалі наступным чынам: 1) дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад; 2) вышэйшы орган дзяржаўнай улады – Вярхоўны Савет, частка дэпутатаў якога можа працаваць на пастаяннай аснове, а іншая сумяшчае дэпутацкія абавязкі з вытворчай або службовай дзейнасцю; 3) Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка, у якой Прэзідэнт – кіраўнік выканаўчай улады; 4) пяцігадовы тэрмін дзейнасці Вярхоўнага Савета; 5) мясцовае самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя прадстаўнічыя органы, мясцовыя рэферэндумы, сходы грамадзян і іншыя формы прамога ўдзелу насельніцтва ў грамадскіх справах, у межах кампетэнцыі, прадстаўленай ім законам; 6) дзяржаўныя гарантыі ўсё грамадзянам роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, стварэнне аднолькавых умоў для развіцця ўсіх формаў уласнасці; 7) даступнасць бясплатнага медыцынскага абслугоўвання і бясплатнага адукацыі ў дзяржаўных установах (55).

Па выніках рэйтынгавага галасавання былі адхілены прапанова З.С. Пазняка аб прафесійным Парламенце – Сойме, а таксама прапанова дэпутата А.І. Нятылькіна аб двухпалатным Нацыянальным сходзе (56).

Аднак мелі месцы вялікія цяжкасці з пунктам №3 гэтай пастановы. Справа ў тым, што дэпутаты 5 лютага 1993 г. прагаласавалі ажно па трох пазіцыях: 1) Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка, дзе Прэзідэнт – глава выканаўчай улады; 2) Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка, дзе Прэзідэнт выконвае прадстаўнічыя функцыі; 3) Беларусь – парламенцкая рэспубліка. Калі першая пазіцыя набрала 164 галасы, дык другая і трэцяя – 13 і 111 адпаведна (57). Улічваючы, што рэйтыгавае галасаванне праводзілася простай большасцю дэпутатаў ад колькасці прысутных на сесіі, трэба было набраць 173 галасы, таму што колькасць прысутных склалада 246 чалавек.

Відавочна, што дэпутаты рашуча адверглі Прэзідэнта з прадстаўнічымі фунцыямі і больш сімпатызавалі яму ў якасці кіраўніка выканаўчай улады. Але немала было тых, хто ўвогуле выступаў супраць інстытута прэзідэнцтва. Таму рэалізацыю варыянта парламенцкай рэспублікі выключаць было не варта. Тым больш, што парламенцкую рэспубліку віталі абсалютна супрацьлеглыя палітычныя сілы ў Вярхоўным Савеце – дэпутацкая група «Беларусь» і апазіцыя БНФ.

Прыхільнікі «моцнага» Прэзідэнта аказаліся ў разгубленасці. І тады 5 лютага 1993 г. у сценах Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання падцвердзілася знакамітая тэза: у гісторыя вельмі часта ўсё вырашае выпадак, ініцыятыва, яркі імпэтны выступ. Да мікрафона рашуча падышой В.І. Ганчар і выступіў з такой прамовай, якая, як занатавана ў стэнаграме, сарвала апладысменты. Дэпутат папрасіў Госпада Бога «спасти нас от того, что мы называем парламентской республикой». На думку В.І. Ганчара, «мы столетиями жили в условиях жёской системы», таму ні ў якім разе «нельга уходить от обычаев нашего населения, менталитета». І каб «не развалить управление», патрэбны «глава государства с жесткими функциями». В.І. Ганчар запэўніваў калег у тым, што няма ніякай небяспекі ў такім кіраўніку, бо «потом при конкретных формулировках и через ограничение полномочий, через Конституционный Суд мы сможем всегда поставить Президента на такую ступеньку, где он будет ограничен другими властями». Па патрабаванні В.І. Ганчара, які заклікаў «не забалтывать праблему», С.С. Шушкевіч паўторна паставіў на галасаванне фармулёўку аб Прэзідэнце як кіраўніку выканаўчай улады. Яна набрала 190 галасоў (58).

Лейтматывам пастановы ад 5 лютага 1993 г. праходзіла ідэя паартыкульнага абмеркавання праекта Канстытуцыі, якое павінна было ажыццявіцца на працягу 1993 г. Паартыкульным абмеркаваннем прынята лічыць механізм разгляду і зацвярджэння частак канстытуцыйнага праекта ў вызначаным парадку – прэамбула, раздзел, глава, артыкул – не менш двума трацінамі галасоў ад агульнай колькасці выбраных дэпутатаў. Справа ў тым, што на момант пачатку паартыкульнага абмеракавання Вярхоўны Савет XII склікання налічваў 346 дэпутатаў. Гэта значыць, што для станоўчага зацвярджэння навата артыкула патрэбна было набраць не менш чым 231 голас. І гэта пры тым, што на пасяджэннях сесіі на той час прысутнічала максімум 246-247 дэпутатаў.

Першае паартыкульнае абмеркаванне прайшло з 19 па 27 мая 1993 г. Перед яго пачаткам дэпутаты дапусцілі сур’ёзны пралік, не апублікаваўшы адпаведны канстытуцыйны праект у друку. Гэта вызвала справядлівыя нараканні грамадзянаў. Адзін з іх пытаўся, куды падзеўся «жнівеньскі» праект, мабыць ад яго засталіся «рожки да ножки»? (59)

Становішча ў Авальнай зале падчас майскага паартыкульна абмеркавання была напружанай. Кожнае палажэнне Канстытуцыі – ці то раздзел ці то артыкул – зацвярджаліся з цяжкасцю. У гэтым сваю ролю адыгрывалі не толькі ідэйныя рознагалоссі дэпутатаў, але і сапраўдны сабатаж з боку многіх парламентарыяў. Часта для зацвярджэння не хапала аднаго-двух галасоў. Дэпутаты зразумелі, што больш хуткае прыняцце Канстытуцыі азначае новыя выбары, а, значыць, страту мандата і звязаных з ім прывілеяў.

У выніку на майскім паартыкульным абмеркаванні былі разгледжаны 109 артыкулаў і цалкам зацверджаны 62 артыкулы, часткова – прэамбула і 22 артыкулы (60). Таксама былі зацверджаны назвы раздзелаў: «Асновы канстытуцыйнага ладу», «Асоба, грамадства і дзяржава», «Выбарчая сістэма, рэферэндум», «Заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада», «Фінансавая сістэма», «Дзеянне Канстытуцыі і парадак яе змены».

17 чэрвеня 1993 г. Рабочая група Канстытуцыйнай камісіі вынесла на галасаванне наступныя варыянты будучай Канстытуцыі: Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка, дзе Прэзідэнт – кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады; Прэзідэнт – кіраўнік дзяржавы, але не кіраўнік выканаўчай улады; Беларусь – парламенцкая рэспубліка (61). 17 чэрвеня 1993 г. варыянт з «моцным прэзідэнтам» набраў 213 галасоў пры неабходным кворуме ў 231 голас. Дэпутат Н.С. Гілевіч занатаваў у сваім дзённіку: «Мне старшнавата: на першую ролю вылезе антыбеларус, і Беларусі каюк. А нашай мове – перш за ўсё» (62).

У адказ на вынікі галасавання парламенцкая апазіцыя БНФ апублікавала спецыяльную заяву «Аб Канстытуцыі», у аснову якой было пакладзена выступленне З.С. Пазняка ў Вярхоўным Савеце 17 чэрвеня 1993 г. На думку апазіцыі, будучая Канстытуцыя павінна адлюстроўваць наступныя палажэнні: парламенцкая рэспубліка, у якой Прэзідэнт – кіраўнік дзяржавы; нейтралітэт і без’ядзерны статус; Парламент, які дзейнічае на пастаяннай аснове; муніцыпальная сістэма мясцовага кіравання. Апазіцыя таксама настойвала на дзяржаўным статусе беларускай мовы, недапушчальнасці двухмоўя і таталітарнай палітыкі русіфікацыі, на неабходнасці ўвядзенння прыватнай уласнасці на зямлю і нацыянальнай валюты, на вяртанні гістарычнай назвы сталіцы (Менск). Без гэтых палажэнняў, сцвярджала апазіцыя, Канстытуцыя «губляе ўсякі стваральны сэнс» (63).

Складаная сітуацыя з паартыкульным абмеркаваннем прымушала шукаць С.С. Шушкевіча новыя спосабы хутчэйшага зацвярджэння праекта Канстытуцыі. 10 верасня 1993 г. Старшыня Вярхоўнага Савета разаслаў кожнаму дэпутату спецыяльную запіску. У ёй С.С. Шушкевіч прапанаваў зацвердзіць праект Асноўнага Закона на Канстытуцыйнай Асамблеі, якая складалася з 310 членаў, якія не з’яўляюцца дэпутатамі Вярхоўнага Савета і выбіраюцца насельніцтвам пры яўцы не меней 25%. Канстытуцыйная Асамблея павінна была, на думку С.С. Шушкевіча, на працягу чатырох месяцаў прыняць Канстытуцыю (64).

Судзячы па дакументах з асабістага фонда С.С. Шушкевіча, Старшыня Вярхоўнага Савета пачаў канцэптуальна распрацоўваць гэтае пытанне з 23 жніўня 1993 г. З запісаў С.С. Шушкевіча бачна, што ён рэзка крытыкуе Вярхоўны Савет, абвіначвае дэпутаў ў тым, што большасць з іх «не ориентируется в вопросах современного развития общества». С.С. Шушкевіч выказвае сумнеў у перспектывах у саюзе з Расіяй: «Может ли Беларусь, привязанная к политическому курсу Москвы, сохранить себя как государство и обеспечить своим гражданам достойную жизнь?». На думку С.С. Шушкевіча няма іншай альтэрнатывы прыняццю Канстытуцыі – «нашего компаса» (65)

Прапанова С.С. Шушкевіча была парушэннем дзеючай Канстытуцыі 1978 г., якая прадугледжвала прыняцце Канстытуцыі выключна Вярхоўным Саветам. Ініцыятыва С.С. Шушкевіча не знайшла падтрымкі ў дэпутатаў, таму што становішча С.С. Шушкевіча пахіснулася. Большасць дэпутатаў толькі і чакалі моманту, каб адклікаць Старшыню з пасады.

Ініцыятыва С.С. Шушкевіча вызвала крытыку пракамуністычай прэсы. Яна называла Канстытуцыйную асамблею «политическим выкидышем типа ельцинского Конституционного совещания» (66).

Другое паартыкульнае абмеркаванне пачалося на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 30 лістапада 1993 г. і доўжылася да 1 снежня. Перад пачаткам паартыкульнага галасавання С.С. Шушкевіч заклікаў дэпутатаў хутчэй разгледзіць праект Кастытуцыі і распісацца на ім незалежна ад вынікаў галасавання (67).

На момант 13-й сессіі Вярхоўнага Савета, якая пачала працу 9 лістапада 1993 г., сітуацыя ў рэспубліцы пагоршылася, неспрыяльнай была сацыяльна-эканамічная сітуацыя. Да таго ж абстаноўка ўскладялася расійскім падзеямі кастрычніка 1993 г. і супрацьстаяннем Прэзідэнта Б.М. Ельцына з Вярхоўным Саветам на чале з Р.І. Хасбулатавым.

На гэты момант выканаўчая ўлада рэспублікі канчаткова схілілася да «моцнага» Прэзідэнта. У прэсе была распаўсюджана заява дэпутацкай групы «Беларусь». У гэтай заяве хутчэйшае выбранне Прэзідэнта было абвешчана прыярытэтам, бо «без президентской республики есть опасность свалиться в пропасть». «Беларусь» папярэджавала, што калі пытанне з Прэзідэнтам не будзе вырашана ў Вярхоўным Савеце, то ёй будзе ініцыяваны рэферэндум (68). Улічваючы, што гэта група актыўна падтрымлівала палітыку Савета Міністраў на чале з В.Ф. Кебічам, было ясна, хто з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на вышэйшы пост.

На другім паартыкульным абмеркаванні было зацверджана 26 артыкулаў праекта. У выніку колькасць прынятых артыкулаў склала 88 (69). Акрамя таго, былі прынятыя назвы астатніх раздзелаў і глаў, а таксама прэамбула. Аднак назва главы аб Прэзідэнце так і не была зацверджана. 1 снежня 1993 г. яна набрала 219 галасоў пры кворуме ў 230 (70).

Тады дэпутат А.У. Лябедзька выдвінуў ідэю стварэння так званай Пагаджальнай камісіі. Яе члены павінны былі весці адпаведную прафілактычную працу з тымі дэпутатамі, якія выступалі супраць прэзыдэнцтва (71).

У склад Пагаджальнай камісіі, зацверджаны 2 снежня 1993 г., увайшлі: Б.Г. Гетц, М.Ф. Грынёў, В.І. Зяленін, Г.Дз. Карпенка, М.А. Качан, У.П. Кулакоў, М.А. Мачуленка, З.С. Пазняк, А.Ф. Спіглазаў, І.І. Сямашка, А.А. Трусаў, В.В. Чэпік, а таксама па прапанове дэпутата А.Р. Лукашэнкі дзве жанчыны: І.М. Драбышэўская і Н.Я. Ізвалава У склад камісіі таксама прапанавалі ўключыць будучага першага кіраўніка Канстытуцыйнага Суда рэспублікі В.Г. Ціхіню. Але той адмовіўся: «Нет объективных предпосылок для принятия Конституции, коэффициент полезного действия будет приближаться к нулю» (72).

Праца Пагаджальнай камісіі практычна нічога не дала. Праўда, В.І. Шаладонаў пераконваў дэпутатаў у тым, што члены Пагаджальнай камісіі абмяркоўвалі пытанне пра Прэзідэнта. Адсутных членаў, запэўніваў кіраўнік Рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі, апытвалі па тэлефоне.

Заявы В.І. Шаладонава рэзка кантраставалі з меркаваннем многіх парламентарыяў. Напрыклад, А.А. Трусаў абвінавачваў кіраўніка Рабочай групы ў тым, што ён «ўводзіць у зман Вярхоўны Савет» (73). Аб поўным правале працы Пагаджальнай камісіі казаў і А.Р. Лукашэнка (74). В.І. Ганчар канстатаваў, што канстытуцыйны працэс тармозіцца штучна, мае месца сітуацыя, калі «максимум коллективной демагогии и минимум индивидуальной ответственности устраивает руководство» (75).

Пра тое, што Пагаджальная камісія мала што дала, сведчылі вынікі галасавання па главе аб Прэзідэнце 19 студзеня 1994 г. Яе падтрымалі 209 дэпутатаў пры кворуме ў 230 (76).

Тады паплечнікі В.Ф. Кебіча ў Вярхоўным Савеце разыгралі наступную камбінацыю. Яны прапанавалі прыняць найбольш спрэчныя палажэнні праекта Канстытуцыі не электронным, а пайменным галасаваннем: кожнаму дэпутату пад роспіс выдаваўся бюлетэнь з пытаннямі. Сам дэпутат мог на працягу некалькіх дзён абдумаць і здаць гэты бюлетэнь. 19 студзеня 1994 г. з такой ініцыятывай выступіў Г.І. Казлоў, які саслаўся на вопыт іспанскіх картэсаў (77). Г.І. Казлоў заявіў, што такая ідэя падтрымліваецца В.І. Шаладонавым.

Дэпутаты па-рознаму аднесліся да ініцыятывы Г.І. Казлова. С.С. Шушкевіч, напрыклад, падтрымаў яе (78).

Вельмі асцярожна выказаўся В.І. Ганчар: «Предложение Козлова привлекательно, но это иллюзия, нельзя с помощью ухищрений решать вопросы по существу» (79).

Адназначна супраць выступіла апазіцыя БНФ. З.С. Пазняк сцвярджаў, што дэпутат павінен галасаваць толькі на месцы (80).

Дэпутат Я.В. Новікаў заявіў, што мэтай такога галасавання з’яўляецца зацвярджэнне інстытута прэзідэнцтва. На думку Я.В. Новікава ўвядзянне такой пасады на Беларусі, дзе адсутнічае прыватная ўласнасць, небяспечна, бо гэта прывядзе да дыктатуры (81).

Аднак канстытуцыйны працэс раптам прытармазіўся. Гэта было звязана з тым, што 15 студзеня 1994 г. супрацоўнікі літоўскіх спецслужбаў захапілі ў Мінску двух былых буйных партыйных функцыянераў Літвы Міколаса Буракавічуса і Юзафа Ермалавічуса і вывезлі іх праз Дзяржаўную мяжу на прапускным пункце «Каменны Лог». Гэтыя партфункцыянеры маглі мець непасрэдныя адносіны да крывавых падзей у Літве ў студзені 1991 г.

Скандал разгарэўся ў Вярхоўным Савеце 19 студзеня 1994 г. Дэпутаты абвінавачвалі ўлады і праваахоўныя органы ў некампетэнтнасці. В.Г. Ціхіня заявіў, што «15 января было совершено пиратство по политическим мотивам» (82).

У выніку са сваіх пасад былі адхілены міністр унутраных спраў У.Д. Ягораў і кіраўнік КДБ Э.І. Шыркоўскі. 26 студзеня 1994 г. са сваёй пасады быў адкліканы С.С. Шушкевіч.

28 студзеня 1994 г. Старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны М.І. Грыб. 1 лютага 1994 г. М.І. Грыб узначаліў Канстытуцыйную камісію. М.І. Грыб ультыматыўна заявіў, што калі Канстытуцыя не будзе прынятая Парламентам, ён ініцыіруе рэферэндум (83).

Жаданне паплечнікаў В.Ф. Кебіча у Вярхоўным Савеце прыняць новую Канстытуцыю з пасадай Прэзідэнта супала з жаданнем дэпутатаў, які мелі ўзрост ад 30 да 40 год і былі поўныя палітычных амбіцый. Прэса і грамадскасць ахрысціла іх «маладымі дэпутатамі», сярод якіх вылучалася знешне устойлівае трыо ў складзе Дз.П. Булахава, В.І. Ганчара і А.Р. Лукашэнкі.

Гэтыя дэпутаты разумелі, што ў Вярхоўным Савеце ў іх няма перспектыў, што парламенцкая большасць не дапусціць іх на камандныя пасады. Сведчаннем таму стала ашаламляльная параза В.І. Ганчара пры ягонай спробе стаць Старшыёй Вярхоўнага Савета пасля С.С. Шушкевіча. 28 студзеня 1994 г. В.І. Ганчар з 261 бюлетэня атрымаў толькі 24 галасы ў сваю падтрымку (84). Таму з дапамогай новай Канстытуцыі яны разлічвалі разбурыць межы палітычнага гета і выйсці непасрэдна ў вялікую палітыку. Тым больш, што ў «маладых дэпутатаў» быў вельмі моцны стымул: на паседжанні Канстытуцыйнай камісіі 23 лістапада 1993 г. яе члены прынялі рашэнне аб тым, што ўзрост Прэзідэнта складае не меней 35 гадоў (85)

Пасля няўдалай спробы ўзначаліць Парамент В.І. Ганчар стаў актыўным прыхільнікам паіменнага галасавання. 22 лютага 1994 г. ён разам з Дз.П. Булахавым, М.А. Мачуленкам, М.П. Скарыніным і Б.І. Сушкевічам ўвайшоў у Падліковую камісію (86) і ўзначаліў яе. Вельмі сімптаматычна выглядала тое, што тры апошнія дэпутаты прадстаўлялі «Беларусь».

У гэты ж дзень была прынята пастанова, згодна якой раздача імянных бюлетэняў, а таксама пайменнае галасаванне павінны былі прайсці на працягу трох працоўных дзён з моманту абвяшэння галасавання (87)

Выступаючы 23 лютага 1994 г. перад дэпутатамі, В.І. Ганчар тлумачыў неабходнасць пайменнга галасавання «организационной неразберихой, связанной с принятием Конституции». Старшыня камісіі запэўніваў, што «бюллетени обладают несколькими степенями защиты, которую, в том числе, гарантирует и личная подпись депутата» (88).

Калі ж парламенцкая апазіцыя задала рытарычнае пытанне, ці змогуць знікнуць урны з бюлетэнямі, напрыклад, ноччу, то В.І. Шаладонаў адказаў так: «Не надо подозревать друг друга. Если будем так подозревать, то дойдем до абсурда». Кіраўнік рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі заклікаў апазіцыю ўзяць удзел у галасаванні (89).

Не было аніякіх сумненняў, што ў бюлетэні будзе ўключана пытанне пра прэзідэнцтва. Так і атрымалася. Праўда, з мэтай паказнога плюралізму ў бюлэтэні было ўключаны пытанні аб Парламенце і мясцовым кіраванні і самакіраванні. Такім чынам, у бюлетэні фармальна стаяла толькі адно пытанне, рэальна падзяляючыся на тры: «Ці прымаеце Вы главу 3 «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь», главу 4 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь» і раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне». Так? Не».

У бюлэтэні мела месца вузасць альтэрнатывы, выбару. Таму дэпутаты, якія былі супраць прэзідэнцтва, але якіх задавальняў Вярхоўны Савет, былі ў пэўнай разгубленасці.

У фондзе Нацыянальнага архіва захаваліся ўнікальныя дакументы – спісы дэпутатаў, якія ўзялі і здалі імянныя бюлетэні. Прычым на гэтых бюлетэнях пазначаны не толькі даты выдач і здачы, але нават гадзіны і хвіліны.

Усяго было распрацавана чатыры такіх спіса, у якіх дэпутаты пазначаліся не па алфавіце, а па акругах. Першы спіс ахопліваў акругі №№1-120 (108 дэпутатаў; у некаторых акругах выбары так і не адбыліся, таму колькасць акруг і колькасць дэпутатаў у некаторых выпадках не супадала); другі спіс – акругі №№121-240 (118 дэпутатаў), трэці спіс – акругі №№241-310 (70 дэпутатаў), чацвёрты спіс – грамадскія арганізацыі (50 дэпутатаў) (90).

Па гэтых спісах дэпутаты бралі і здавалі бюлетэні толькі 24 лютага, 25 лютага і 1 сакавіка (апошні дзень выдачы і здачы) 1994 г. 24 лютага 1994 г., у першы дзень паіменнага галасавання кіраўнік парламенцкай апазіцыі БНФ З.С. Пазняк зачытаў заяву ад імя сарака дэпутатаў, у якой паіменнае галасаванне абвяшчалася грубым парушэннем Часовага Рэгламента, а таксама спробай «нелегальна» увесці пасаду Прэзідэнта (91).

Вынікі галасавання, агучаныя В.І. Ганчаром 2 сакавіка 1994 г., былі наступныя. З 346 абраных дэпутатаў бюлетэні ўзялі 296. У скрынцы для галасавання аказалася 288 бюлетэняў, з якіх 266 былі «за», 16 – супраць. Шэсць бюлетэняў аказаліся несапраўднымі (92). Такім чынам, бюлэтэні не ўзялі 50 чалавек. Некаторыя дэпутаты, напрыклад, С.С. Шушкевіч, узялі бюлетэнь, але не вярнулі яго.

Паспяховая рэалізацыя паіменнага галасавання азначала, што сама Канстытуцыя – справа часу. Пайменнае галасаванне было арганізавана і праведзена даволі хітра. Можна з упэўненасцю канстатаваць, што гэта была спецаперацыя з мэтай апрацоўкі тых дэпутатаў, якія былі супраць прэзідэнцтва альбо абыякава адносіліся да яго. На гэты конт можна згадзіцца з членам парламенцкай апазіцыі С.І. Навумчыкам (93), і прывесці прыклад з дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання У.В. Кавалёнкам. Слынны лётчык-касманаўт ўзяў бюлетэнь ў 9:00, а здаў яго ў 9:05, падтрымаўшы, натуральна, палажэнні (94). Аднак У.В. Кавалёнак, пачынаючы з 5 жніўня 1992 г. калі быў прызначаны начальнікам Ваенна-Паветранай інжынернай акадэміі Расійскай Федэрацыі, літаральна выпаў з жыцця Вярхоўнага Савета, а 20 кастрычніка 1992 г. прасіў Вярхоўны Савет зняць з сябе дэпутацкія паўнамоцтвы (95).

Вынікі паіменнага галасавання праўрадава прэса спяшалася прыпаднесці які вялікі поспех, «прорыв» канстытуцыйнага працэса. Дз.П. Булахаў, В.І. Ганчар і А.Р. Лукашэнка іменаваліся не іначай як «активные сторонники разрубания гордиевых узлов» (96).

У сувязі з паіменным галасаваннем ўстае пытанне аб ягонай законнасці. Ці было яно парушэннем Часовага Рэгламенту, як свярджала парламенцкая апазіцыя БНФ у далёкім 1994 г.?

Для адказу на гэта пытанне трэба звярнуцца да самога Часовага Рэгламенту, які быў зацверджаны 31 мая 1990 г. (97)

Артыкул 37 Часовага Рэгламента прадугледжваў правядзенне паіменнага галасавання, у тым ліку і шляхам падачы імянных бюлетэняў. Аднак сама працэдура такога галасавання не прапісана. Але, тым не менш, у артыкуле 37 даволі дакладна сказана, што паіменнае галасаванне, у тым ліку і шляхам падачы імянных бюлетэняў праводзіцца ў Вярхоўным Савеце, г.зн. галасаваць па-за ягонымі сценамі дэпутаты не мелі права. У любым выпадку такое галасаванне і з юрыдычнага, і з палітычнага пункту гледжання азначала істотнае нівеліяванне Вярхоўнага Савета як вышэйшага заканадаўчага і прадстаўнічага органа.

У артыкулах Часовага Рэгламента 34-36 прапісана працэдура тайнага галасавання. Гаворка ідзе і пра Падліковую камісію, і пра імянны бюлетэнь. У артыкуле 37 гэтага, як адзначалася, няма. Гэта сведчыць аб тым, што распрацоўшчыкі Часовага Рэгламента не бачылі розніцы ў працэдуры тайнага і паіменнага галасавання, але яны дапусцілі юрыдчычную недарэчнасць, якой і скарысталіся бліскучыя юрысты Дз. Булахаў і В.І. Ганчар: не зрабілі спасылку на тое, што паіменнае галасаванне праводзіцца па той жа працэдуры, што і тайнае. Да таго ж, хутчэй за ўсё, распрацоўшчыкі Часовага Рэгламента лічылі, што паіменнае галасаванне шляхам падачы імянных бюлетэняў наўрад ці будзе калі-небудзь у Вярхоўным Савеце, бо навошта рабіць імянныя бюлетэні, калі можна правесці паіменнае галасаванне з дапамогай элетроннай сістэмы літаральна ў адну хвіліну і тут жа атрымаць вынікі.

Р.А. Васілевіч, абараняючы паіменнае галасаванне і імкнучыся падвесці пад яго нарматыўную прававую базу, зазначае наступнае: «Согласно статье 37 Временного регламента Верховного Совета, по требованию не менее одной пятой депутатов, присутстующих на сессии, в высшем представительном органе проводится поименное голосование с использованием электронной системы либо путём подачи именных бюллетеней. На протяжении всего периода работы Верховного Совета голосование с использованием именных бюллетеней обычно проводилось по кадровым вопросам, относительно такого голосования по законопроектам решений ранее не принималось. Однако в целом названная статья Временного регламента позволяет принимать законопроекты путем подачи именных бюллетеней» (98).

Але чамусьці Р.А. Васілевіч не ўдакладняе, што па кадравых пытаннях праводзілася выключна тайнае, а не паіменнае галасаванне, г.зн. прозвішчаў дэпутатаў на бюлетэнях няма. Так было пры абранні Старшынёй Вярхоўнага Савета М.І. Дземянцея, С.С. Шушкевіча і М.І.Грыба 19 мая 1990 г., 18 верасня 1991 г. і 28 студзеня 1994 г. адпаведна, а таксама 30 чэрвеня 1993 г. пры галасаванні аб даверы С.С. Шушкевічу.

Устае заканамернае пытанне: навошта было ламаць камедыю з паіменным галасаваннем, а не правесці тайнае галасаванне шляхам падачы імянных бюлетэняў па палажэннях праекта Канстытуцыі? А справа ў тым, што тайнае галасаванне азначае бесперапыннасць: дэпутат галасаваў толькі ў кабіне, выдача бюлетэняў праводзілася па працягу гадзіны паслая аб’яўленага часу галасавання. І ў парламенцкай большасці не было ўпэўненасці ў выніках тайнага галасавання, нават калі яно б было падрыхтавана загадзя.

У парламенцкай большасці не было нават упэўненасці ў выніках арганізаванага ёй паіменнага галасавання. Іначай як можна патлумачыць тое, што 22 лютага 1994 г. былі прыняты ажно два закона, якія ўносілі змены і дапаўненні у Канстытуцыю: па-першае, у Старшыні Вярхоўнага Савета быў уже не адзін, а некалькі намеснікаў; па-другое, Вярхоўны Савет мог на на пэўны час дэлегаваць ажыццяўленне асобных паўнамоцтваў Савету Міністраў. Гэта вызвала зразумелыя пытанні ў часткі дэпутатаў. Звяртаючыся да ініцыятара паправак у Канстытуцыю Дз.П. Булахава, Л.П. Козік заўважыў, ці ўвогуле будзе прыняты Асноўны Закон і навошта некалькі намеснікаў на пару месяцаў (99).

Ініцыятары паіменнага галасавання пры афармленні імянных бюлетэняў таксама зрабілі парушэнне. Частка трэцяя артыкула 34 Часовага Рэгламента адназначна сцвярджала тое, што у бюлетэні для галасавання па праекце рашэння або па адзінай кандыдатуры павінны стаяць словы «за» і «супраць», а не «так» ці «не», як гэта мела месца ў бюлетэнях пры галасаванні 24, 25 лютага і 1 сакавіка.

І яшчэ адзін момант. Паіменная галасаванне праводзілася на працягу трох працоўных дзён і прыпала на чацверг (24 лютага), пятніцу (25 лютага) і аўторак (1 сакавіка), бо 26 і 27 лютага 1994 г. прыпалі на суботу і нядзелю. Бачна, што ініцыятары паіменнага галасавання і тут схітрылі, зарэзірваваўшы на ўсялякі выпадак панядзелак, і фактычна галасаванне цягнулася чатыры рабочых дні, а з улікам выхадных склала 6 дзён, г.зн. амаль цэлы тыдзень. Гэта давала дадатковыя шанцы на поспех галасавання.

Заканчваючы з паіменным галасаваннем, трэба заўважыць вось што. Любы закадаўчы акт, асабліва такога кшталту як Канстытуцыя павінен быць зацверджаны бездакорна з юрыдычнага пункту погляду. А калі нават праз два дзесяцігоддзі маюць месца сумненні, спекуляцыі, то гэта адназачны мінус заканадаўцам.

Пасля паіменнага галасавання канстытуцыйны працэс выйшаў на фініш. Па словах В.І. Шаладонава, пасля імяннога галасавання засталіся непрынятымі 20 артыкулаў (100). З 2 па 4 сакавіка 1994 г. дэпутаты прынялі гэтыя артыкулы, прычым найбольш спрэчнымі былі тыя, што да статусу беларускай мовы (арт. 17) і адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (арт. 9) і інш.

Аднак нават у апошнія дні канстытуцыйнага працэса галасаванне па артыкулах ішло дрэнна. Нездарма А.Р. Лукашэнка заклікаў М.І. Грыба «вытравить из нор отвязных депутатов и заставить их голосовать» (101).

Тыя, хто быў зацікаўлены ў Канстытуцыі, літаральна ўпрашвалі дэпутатаў галасаваць. Напрыклад, вялікія цяжкасці мелі месца з артыкулам 9, паводле якога тэрыторыя рэспублікі падзялялася на вобласці, раёны, гарады і іншыя адмініcтрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. І толькі пасля палымянай прамовы Дз.П. Булахава, які казаў пра «общее согласие», гэты артыкул атрымаў неабходную канстытуцыйную большасць (102).

Аналагічная сітуацыя была з мовай. Працяглыя дыскусіі аб статусе беларускай мовы, пытанне аб рускай мове ўскладнялі канстытуцыйны працэс. Тады дэпутат-ветэран Б.Г. Гетц прапанаваў наступную фармулёўку, якая і стала артыкулам 17: «Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін». Узрушаны В.І. Шаладонаў пад апладысменты заявіў, што «Гетц примирил весь зал» (103).

Як вядома, сама Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка 1994 г. Для галасавання зарэгістраваліся 307 дэпутатаў пры кворуме ў 231 чалавек для прыняцця рашэнняў. З 250 тых, хто прагаласаваў дэпутатаў 236 выказаліся «за», 6 – «супраць», 8 устрымалася, 57 не галасавалі наогул (104).

Апладуючы новай Канстытуцыі, большасць дэпутатаў ці ўсведамляла, што фактычна нічога новага там не было. Жыхарам рэспублікі была прапанавана, па сутнасці, старая Канстытуцыя з касметалагічнымі зменамі. Нічога адметнага, а тым больш нацыянальнага, ў ёй не было. Канстытуцыя аказалася настолькі абязлічанай, што пры жаданні яе можна было выкарыстаць фактычна ў любой краіне. Таму незразумела пазіцыя М.П. Чудакова, які тлумачыць высокую якасць праекта тым, што пасля яго першай публікацыі ў снежні 1991 г., ён быў сплагіятаваны Туркменістанам (105). Сітуацыю, пры якой Канстытуцыю еўрапейскай дзяржавы можна падагнаць пад Туркменістан альбо бананавую рэспубліку, нармальнай назваць ніяк нельга.

Ні ў якім разе не хацелася б ідэалізаваць парламенцкую апазіцыію БНФ, але менавіта яна гістарычна мела рацыю, звяртаючы ўвагу на недасканаласць Асноўнага Закона. 15 сакавіка 1994 г. прадстаўнік дэпутацкай групы БНФ С.І. Навумчык параўнаў Канстытуцыю з бомбай, якая рана ці позна ўзарвецца (106).

Што заканамерна і здарылася. Той факт, што Канстытуцыя «пражыла» удвая менш, чым сам канстытуцыйны працэс, не патрабуе ніякіх каментараў.

Загаловак ад Рэдакцыі. Загаловак аўтара: «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: распрацоўка, праекты, прыняццё (1990-1994). «Наша Ніва» з радасцю публікуе навуковыя артыкулы. Мы радыя таксама любой гістарычнай палеміцы.

1. Протокол № 25, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 25 двадцать пятого заседания внеочередной 2-ой сессии Верховного Совета Белорусской ССР XII созыва от 30 октября 1990 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 2846. – Л. 138.

2. Пратакол № 11, пратаколы рэгістрацыі і галасавання, стэнаграма, бюлетэнь №11 адзіннаццатага паседжання 10-й сессии Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання ад 28 кастрычніка 1992 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 3099. – Арк. 47.

3. Аб зацвярджэнні рашэння Канстытуцыйнай камісіі па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР «Аб рабочай группе і групе экспертаў для падрыхтоўкі праекта Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР»: пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 22 лістапада 1990 г., №407-XII // Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэсп. Беларусь. – 1990. – № 1. – Арт. 3.

4. Варианты разделов и глав проекта Конституции (Основного закона) Республики Беларусь, рассматривавшиеся на заседании Рабочей группы Конституционной комиссии, 30 марта-7 декабря 1992 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3743. – Л. 221

5. Протокол № 9, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 9 девятого заседания 12-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII cозыва от 25 мая 1993 г. // Нац архив Респ. Беларусь. –Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3198 – Л. 127.

6. Протокол №7, стенограмма заседания Конституционной комиссии и документы к ним, 21 мая 1992 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3733. – Л. 111.

7. Протоколы №8-14, стенограмммы заседаний Конституционной комисии и документы к ним, 22 мая 1992 г. - 25 мая 1993 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3734. – Л. 105-110.

8. Законы і пастановы, прынятыя 10-й сесіяй Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання і дакументы да іх, 11-12 лістапада 1992 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 2648. – Арк. 50-52.

9. Протоколы №8-14, стенограмммы заседаний Конституционной комисии и документы к ним, 22 мая 1992 г.-25 мая 1993 г. // Нац. архив. Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3734. – Л. 121.

10. Протокол №6, стенограмма заседания Конституционной комиссии и документы к ним, 30 сентября 1991 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. –Оп. 1. – Д. 3732. – Л. 130.

11. Варианты разделов и глав проекта Конституции (Основного Закона) БССР, рассматривашиеся на заседаниях Рабочей группы Конституционной комиссии, 4 сентября 1990 г. - 10 января 1991 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3740. – Л. 86-92.

12. Пратаколы № № 1-5, стэнаграмы пасяджэння Канстытуцыйнай камісіі, 10 чэрвеня-11 ліпеня 1991 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 3731. – Арк. 36.

13. Протокол № 25, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 25 двадцать пятого заседания внеочередной 2-ой сессии Верховного Совета Белорусской ССР XII созыва от 30 октября 1990 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 2846. – Л. 141.

14. Тамсама. – Л. 70.

15. Василевич Г.А. Создание новой Конституции –важнейший этап работы белорусского парламента // Вестник Конституционного Суд Респ. Беларусь. – 1995. – №2. – С. 134.

16. Гл.: Курьянович А.В. Конституция Белорусской ССР 1978 г.: разработка, проекты, принятие // Наукові праці історичного факультету Запорізького національного університету. – Запоріжжя: ЗНУ, 2012. – Вип. XXXII. – С. 287-291.

17. Протокол №46, протокол регистрации, бюллетень №46 сорок шестого заседания 13-ой сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 19 января 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3282. – Л. 179.

18. Василевич Г.А. Проекты Конституции Республики Беларусь: поиск оптимальной модели (1991-1994 гг.). – Минск: Право и экономика, 2014. – 308 с.

19. Канстытуцыя (Асноўны Закон) Рэспублікі Беларусь. Праект // Народная газета. – 1991. – 3 снежня. – С. 1-3.

20. Конституция (Основной Закон) Республики Беларусь. Проект // Народная газета. – 1992. – 22 августа. – С 3-5.

21. Конституция (Основной Закон) Республики Беларусь. Проект // Советская Белоруссия. – 1993. – 28 сентября. – С 1-3.

22. Пратакол №7, стэнаграма паседжання Канстытуцыйнай камісіі і дакументы да іх, 21 мая 1992 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 3733. – Арк. 7-8.

23. Протокол № 3, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 3 третьего заседания 12-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 19 мая 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3192. – Л. 208.

24. Замечания, предложения граждан по проекту Основного Закона (Конституции) Республики Беларусь, 2 декабря 1991 г. - 31 августа 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3762. – Л. 20.

25. Дзесятая сесія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання. Бюлетэнь №66. – Мінск: Выданне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993. – С. 51.

26. Тамсама. – С. 79.

27. Замечания и предложения Совета Министров Республики Беларусь, министерств, ведомств, организаций, учреждений, предприятий по проекту Конституции (Основного закона) Республики Беларусь, 29 мая 1991 г. - 30 октября 1992 г. // // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3750. – Л. 128-129.

28. Тамсама. – Д. 3737. – Л. 33.

29. Тамсама. – Л. 62.

30. Тамсама. – Л. 65.

31. Замечания и предложения Совета Министров Республики Беларусь, министерств, ведомств, организаций, учреждений, предприятий по проекту Конституции (Основного закона) Республики Беларусь, 24 октября 1992 г. - 18 марта 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3751. – Л. 85.

32. Тамсама. – Л. 154.

33. Замечания и предложения Совета Министров Республики Беларусь, министерств, ведомств, организаций, учреждений, предприятий по проекту Конституции (Основного закона) Республики Беларусь, 25 февраля 1991 г. - 11 июня 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3749. – Л. 70, 97.

34. Пратакол №7, стэнаграма паседжання Канстытуцыйнай камісіі і дакументы да іх, 21 мая 1992 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 3733. – Арк. 113.

35. Пратакол №7, стэнаграма паседжання Канстытуцыйнай камісіі і дакументы да іх, 21 мая 1992 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 3733. –Арк. 126.

36. Документы о деятельности рабочей группы Конституционной комиссии 5 ноября 1992 г. - 8 ноября 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. –3737. – Л. 57.

37. Замечания и предложения Совета Министров Республики Беларусь, министерств, ведомств, организаций, учреждений, предприятий по проекту Конституции (Основного закона) Республики Беларусь, 24 октября 1992 г. - 18 марта 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3751. – Л. 241.

38. Документы о деятельности рабочей группы Конституционной комиссии 5 ноября 1992 г. - 8 ноября 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. – 3737. – Л. 2-4.

39. Замечания предложения граждан по проекту Основного Закона (Конституции) Республики Беларусь 23 августа-27 ноября 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3763. – Л. 146.

40. Тамсама. – Л. 61.

41. Тамсама. – Л. 98.

42. Пратакол №7, стэнаграма паседжання Канстытуцыйнай камісіі і дакументы да іх, 21 мая 1992 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. – Ф. 968. – Воп. 1. – Спр. 3733. – Арк. 117.

43. Тамсама. – Арк. 221.

44. Тамсама. – Арк. 143-145.

45. Василевич, Г. Референдумы в Беларуси и ее путь к независимости в конце ХХ столетия.– Минск: Беларусь, 2001. – С. 73.

46. Замечания и предложения граждан Республики Беларусь по проекту Конституции (Основного Закона) Республики Беларусь, 23 декабря 1991 г. - 31 августа 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3762. – Л. 168-176.

47. Замечания и предложения граждан Республики Беларусь по проекту Конституции (Основного Закона) Республики Беларусь, 4 ноября 1992 г. - 28 декабря 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь.. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3764. – Л. 25.

48. Замечания и предложения граждан Республики Беларусь по проекту Конституции (Основного Закона) Республики Беларусь, 30 декабря 1993 г. - 18 марта 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3766. – Л. 11-31.

49. Документы о деятельности работы рабочей группы Конституционной комиссии 11 января - 22 апреля 1993 г. // НА РБ. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3738. – Л. 2.

50. Протокол №6, стенограмма заседания Конституционной комиссии и документы к ним, 30 сентября 1991 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. –Д. 3732. – Л. 112.

51. Сёмая сесія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання. Бюлетэнь №25. – Выданне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1991. – С. 66.

52. Протокол № 11, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 11 одиннадцатого заседания 10-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 28 октября 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3099. – Л. 47.

53. Аўтар спадзяецца, што тэма рэферэндума 1992 г. будзе разгледжана ў асобнай публікацыі ў «Нашай ніве».

54. Законы и постановления, принятые 10-й сессией Верховного Совета Республики Беларусь двенадцатого созыва, и документы к ним, 20-30 октября 1992 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 2643. – Л. 219.

55. Законы и постановления, принятые 10-й сессией Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва, и документы к ним, 4-5 февраля 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 2671. – Л. 68-69.

56. Дзесятая сесія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання. Бюлетэнь №83. – Выданне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993. – С. 68-69.

57. Дзесятая сесія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання. Бюлетэнь №83. – Выданне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993. – С. 69.

58. Тамсама. – С. 74.

59. Лагуновіч, Г. Каб без мяне мяне не ажанілі // Народная газета. – 1993. – 22 чэрвеня. – С. 2.

60. Протокол № 12, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 12 двенадцатого заседания 12-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 27 мая 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3201 – Л. 209.

61. Гл.: Василевич, Г.А. Парламент Республики Беларусь: конституционно-правовой аспект. – Минск: Право и экономика, 1995. – С. 144.

62. Гл.: Гілевіч, Н. Дзевяноста трэці год. Дзённік. «Занатоўкі для сябе», зробленыя ў час паседжанняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь // Беларускі гістарычны агляд. – 2011. – Т. 18. – С. 248.

63. Заява парламенцкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь «Аб Канстытуцыі» // Народная газета. 1993. – 19 чэрвеня. – С. 2.

64. Конституция Республики Беларусь, Закон Республики Беларусь «О порядке вступления в силу Конституции Республики Беларусь», 15 марта 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 2702. – Л. 202-208.

65. Некоторые политические аспекты обоснования концепции проекта Закона о Конституционной ассамблее. Предложение Председателя Верховного Совета Республики Беларусь Шушкевича С.С. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 599. – Оп. 1. – Д. 256. Л. 2-4.

66. Криштапович, Л. Геростраты белорусской государственности // Мы и время. – 1993. – 14 октября. – С. 4.

67. Протокол № 19, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 19 девятнадцатого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 30 ноября 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3254 – Л. 184.

68. Обращение координационного Совета объединения народных депутатов «Беларусь» в Верховном Совете к народным депутатам Республики Беларусь // Народная газета. – 1993. – 1 снежня. – С. 1.

69. Протокол № 23, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 23 двадцать третьего заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 2 декабря 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3258. – Л. 158.

70. Протокол № 22, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 22 двадцать второго заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 1 декабря 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3257. – Л. 94.

71. Там же. – Л. 98.

72. Протокол № 24, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 24 двадцать четвертого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 2 декабря 1993 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3259. – Л. 105-108.

73. Протокол № 46, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 46 сорок шестого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 19 января 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3282. – Л. 170.

74. Там же. – Л. 173.

75. Там же. – Л. 174.

76. Там же. – Л. 187.

77. Там же. – Л. 190.

78. Там же. – Л. 208.

79. Там же. – Л. 191.

80. Там же. – Л. 194.

81. Там же. – Л. 204.

82. Протокол № 46, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 46 сорок шестого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 19 января 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3282. – Л. 151.

83. Протокол № 66, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 66 шестьдесят шестого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 22 февраля 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3305. – Л. 101.

84. Протокол №57, протоколы №№3-5 заседаний Счетной комиссии, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 57 пятьдесят седьмого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 28 января 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3296. – Л. 5.

85. Протоколы №15-20 заседаний Конституционной комиссии и документы к ним 4 июня1993 г. - 14 марта 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3735. – Л. 5.

86. Аб выбранні Падліковай камісіі для правядзення галасавання па асобных палажэнях праекта Канстытуцыі шляхам падачы імянных бюлетэняў: пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 22 лютага 1994 г., №2803-XII // Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэсп. Беларусь. – 1994. – №8. – Арт. 125.

87. Аб правядзенні галасавання па асобных палажэннях праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шляхам падачы імянных бюлетэняў: пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 22 лютага 1994 г., №2802-XII // Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэсп. Беларусь. – 1994. – №8. – Арт. 124.

88. Протокол № 67, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 67 шестьдесят седьмого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 23 февраля 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3306. – Л. 165-168.

89. Протокол № 66, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 66 шестьдесят шестого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 22 февраля 1994 г. // Нац. архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3305. – Л. 88.

90. Списки депутатов, получивших и сдавших именные бюллетени для голосования по отдельным положениям проекта Конституции Республики Беларусь, 24 февраля-1 марта 1994 г. и невостребованные депутатами бюллетени // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 12. – Д. 25. – 78 л.

91. Протокол № 69, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 69 шестьдесят девятого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь двенадцатого созыва от 24 февраля 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3308. – Л. 138.

92. Протокол № 74, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 74 семьдесят четвертого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь двенадцатого созыва от 2 марта 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. –Д. 3313. – Л. 84.

93. См.: Навумчык, С. Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995). – Варшава: Беларускія ведамасьці, 2006. – С. 102.

94. Списки депутатов, получивших и сдавших именные бюллетени для голосования по отдельным положениям проекта Конституции Республики Беларусь, 24 февраля-1 марта 1994 г. и невостребованные депутатами бюллетени // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 12. – Д. 25. – Л. 5.

95. Дзесятая сесія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання. Бюлетэнь №2. – Мінск: Выданне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992. – С. 44.

96. Маслюкова, Л. Верховный Совет принял наиболее спорные положения Конституции // Советская Белоруссия. – 1994. – 3 марта. – С.1-2.

Аб Часовым Рэгламенце Вярхоўнага Савета Беларускай ССР: пастанова Вярхоўнага Савет Беларускай ССР, 31 мая 1990 г., №13-XII // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Кабінета Міністраў Беларускай ССР. – 1990. – №17. – Арт. 255.

97. Василевич Г.А. Референдумы в Беларуси и путь к независимости в конце XX столетия. – Минск: Молодёжное научное общество, 2001. – С. 85.

98. Протокол № 65, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 65 шестьдесят пятого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 22 февраля 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3304. – Л. 178.

99. Протокол № 74, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 74 семьдесят четвертого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 2 марта 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968.- Оп. 1. –Д. 3313-Л. 188.

100. Протокол № 75, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 75 семьдесят пятого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 3 марта 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3314. – Л. 180.

101. Там же. – Л. 200.

102. Там же. – Л. 196.

103. Протокол № 78, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 78 семьдесят восьмого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII от 15 марта 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Оп. 1. – Д. 3317. – Л. 229.

104. Чудаков М.Ф. Конституционный процесс в Беларуси в Беларуси (от привилея Казимра до Конституции Республики Беларусь). – Минск: Академия управления при Президенте Респ. Беларусь, 2008. – С. 226.

105. Протокол № 78, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень № 78 семьдесят восьмого заседания 13-й сессии Верховного Совета Республики Беларусь XII созыва от 15 марта 1994 г. // Нац архив Респ. Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3317. – Л. 206.

0
я / Адказаць
15.03.2015 / 11:08
чаму спасылкі ёсць а спіса літаратуры няма?:(( Рэд. Выявілася з ім тэхнічная праблема, да вечара спадзяёмся яго вырашыць.
0
123 / Адказаць
15.03.2015 / 11:34
"Ні ў якім разе не хацелася б ідэалізаваць парламенцкую апазіцыію БНФ" ???
0
jumpuphide / Адказаць
15.03.2015 / 12:12
Много текста стоило бы разбавить изображениями, не думаете? :)
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру