На моладзевым чуванні ў касцёле святых Сымона і Алены ў ноч з 14 на 15 сакавіка Дзяржаўнага Сакратара Ватыкана кардынала П’етра Параліна каталікі сустрэлі з гучнымі пляскамі ў далоні і вокрыкамі «Беларусь чакае Папу». Дарэчы, усяго на начныя чуванні зарэгістравалася каля тысячы чалавек моладзі.

Візітам у Беларусь Дзяржаўны Сакратар Ватыкана застаўся задаволены: «Касцёл у Беларусі Жывы. Ён квітнее пасля змрочных часоў пераследу. Мне прыемна было даведацца, што рэалізуецца праект па стварэнні духоўнай вучэльні па падрыхтоўцы каталіцкага духавенства. Але зразумела, што адукацыі патрабуюць і свецкія католікі. Пры чым адукацыя павінна ажыццяўляцца ў двух накірунках: паглыбленне вашай веры і сведчанне хрысціянскага жыцця ва ўсіх накірунках. Менавіта свецкія вернікі гэта могуць зрабіць лепш. І таму Касцёл ва ўсім свеце адчувае вялікую патрэбу ў адукацыі і выхаванні вернікаў. І я вельмі цешуся, што гэтае імкненне ў адукацыі паглыбляецца і ўзрастае сярод вас».

Да візіту Дзяржаўны Сакратар добра азнаёміўся з беларускай культурай і прыродай. П’етра Паралін адразу ўзгадаў пра Рыгора Барадуліна, растанне з якім адбылося якраз у касцёле святых Сымона і Алены. Намеснік Папы казаў пра прыгожыя радкі з вершаў Барадуліна, якія кажуць пра ўкрыжаванага чалавека. Зараз у час посту гэтая тэма з’яўляецца важнай для вернікаў. П’етра Паралін заклікаў усіх маліцца аб суцяшэнні, калі мы церпім. Але ў той жа час, вернікі звычайна лепей сябе адчуваюць у смутку, чым у суцяшэнні: «Ведаце чаму? Бо ў смутку мы адчуваем сябе героямі, дзеючымі асобамі. А ў суцяшэнні галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца Святы Дух. Менавіта ён суцяшае нас. Ён дае нам мужнасць. Ён прыводзіць да крыніц ўсялякага суцяшэння. А гэта і ёсць навяртанне».

Была магчымасць у моладзі і задаць пытанне намесніку Папы. І першае пытанне, якое паступіла ад моладзі – «Калі ж прыедзе Папа?». На жаль, нават П’етра Паралін не змог адказаць на гэтае пытанне. І гэта выклікала роспач у моладзі. Але ён заверыў, што падчас візіту ў Беларусь у яго ўзнікла велізарнае жаданне пабачыць Папу тут: «Акрамя мяне хочуць яго бачыць тут і беларускія ўлады. А сёння вы, моладзь, выражаеце жаданне яго пабачыць. Думаю, што моладзі Папа дакладна не зможа супраціўляцца».

Да моладзі П’етра Паралін звяртаўся досыць часта. Ён прасіў, каб маладыя людзі не ставіліся з кпінамі ні да каго. Сярод моладзі часта стаіць выбар: абраць Бога, якога мы не можам пабачыць і ці кар’еру і ўласны поспех? Гэты выбар Дзяржаўны Сакратар Ватыкана назваў новай спакусай нашага часу. І ад рашэння кожнага маладога чалавека будзе залежыць ўласная вера, будучыня і будучыня нашай краіны. Вырашыць праблему выбару П’етра Паралін прапанаваў наступным чынам: «Калі ў вас будзе спакуса пакінуць Бога дзеля нейкага чалавечага поспеху, выйдзеце на прастор, у вашыя лясы і палі, зірніце на вашыя азёры – ва ўсім гэтым адчуваецца подых Бога. І вы зразумееце, што ёсць часовае, а што — вечнае. А вечнае – гэта тое, што нам належыць спрадвеку».

Дзяржаўны сакратар Ватыкана ўпэўнены, што сёння хрысціяне павінны трымацца стойкасці веры. Нават калі вернікаў не разумеюць, Бог любіць кожнага. І моц, якую Ён дасць сваім дзецям, дапаможа вытрымаць усё. Напрыканцы П’етра Паралін заклікаў усіх узнесці словы ў малітве, прапанаваўшы дзеля гэтага верш Рыгора Барадуліна:

Дзякую, Усявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу й за бяссілле,
За дзірван і за араллю,
За пустку й за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
I дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
I што не было,
Дзякую, Ойча…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?