27.01.2008 / 04:21

Двое праваліліся пад лёд на Мухаўцы

Гэта здарылася насупраць цеплаходнай прыстані на вуліцы Набярэжная, на адлегласьці 200 мэтраў ад берага.

Супрацоўнікі падраздзяленняў МНС выратавалі двух мужчын, якія праваліліся пад лёд на рацэ Мухавец у Брэсце.

Як паведаміў БелаПАН памочнік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, інфармацыя аб здарэнні паступіла ў цэнтр аператыўнага кіравання днём 25 студзеня. Рыбак па мабільным тэлефоне паведаміў, што на рацэ, насупраць цеплаходнай прыстані на вуліцы Набярэжная, на адлегласці 200 метраў ад берага праваліліся пад лёд два мужчыны.

Праз дзве хвіліны на месца надзвычайнага здарэння прыбылі два аддзяленні пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 2. З выкарыстаннем спецыяльнага рыштынку яны выцягнулі з вады спачатку 50-гадовага мужчыну, а праз 20 хвілін — 65-гадовага мужчыну. З дыягназам "пераахаладжэнне" яны дастаўлены ў рэанімацыю гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Туды таксама змешчаны 29-гадовы ратавальнік, які мусіў апусціцца ў праталіну, бо адзін з мужчынаў не мог трымацца на вадзе і ўхапіцца за ратавальны сродак. Медыкі ацэньваюць стан пацярпелых як здавальняльны.

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру