27.01.2008 / 14:23

Нобэлеўскі міраж 1

Шанцы беларускія даволі спрэчныя, сьціплыя, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Беларуская літаратура ня мае шанцаў. Гэта мая прыватная думка. Я кажу: літаратура, хаця вылучаюць паасобных аўтараў, але як пра магчымыя будучыя дывідэнды, гавораць пра прэстыж усёй літаратуры, нават мовы, што ў нашым выпадку асабліва балесны момант.

Літаратура нашая мае абмежаванае кола чытачоў у сябе дома. Што казаць пра сьвет тады? Нічога. Яна не прысутнічае ў сьвеце. Ірляндзкія пісьменьнікі станавіліся вядомымі праз ангельскую мову. Бэкет, які атрымаў Нобэля, пісаў яшчэ таксама па-француску. Быкава перакладалі раней праз расейскую.

Няма шанцаў, калі сама дзяржава прыгнятае мову. А спадзявацца, што нехта чужы пашкадуе яе, кнопку пад азадак падкладзе… Хаця літаратары малых ( у нашым выпадку — што датычыць ужытку) моваў таксама маюць шанцы на Нобэля. Узяць Кадарэ. Але ж там цэлая краіна, хай невялікая, ёю карыстаецца. Хаця тут непасрэднай залежнасьці, ясна, няма.

Расейцы бадай значна больш шанцаў маюць, там працэс адбываецца літаратурны, выдавецкі бум працягваецца. А што ў нас? Толькі пачаткі. І штосьці я ня чуў, каб расейцы пра Нобэля спрачаліся: атрымаюць ці не? Часам нехта толькі нагадае, што палова нобэлеўскіх ляўрэатаў — невядомыя па сутнасьці асобы. І гэта праўда: тыя, хто рэальна чытае кнігі, пра іх ня чулі, кніжкі іхнія даўно не выдаюцца. Абсалютна відавочна: у чарзе па Нобэля сусьветна вядомыя пісьменьнікі, але даюць апошнім часам часта папросту камусьці іншаму. (Хіба што ў гэтым наш кволы шанцік).

Што да твораў, за якія ня сорамна вылучаць, то крытыкам традыцыйна здаецца, што яны ведаюць лепш за іншых як і што пісаць, што ім вядомыя рэцэпты, але рэцэптаў не існуе, гэта не мусака ці крупнік. На маю думку, найлепшая тэма — бяда беларуская, хоць некаторым здаецца, што яна чыста местачковая, нецікавая па-за межамі нашай краіны дажынак. Наадварот, яна безумоўна можа быць цікавай усяму сьвету. Калі гэта зрабіць моцна. Лацінаамэрыканскія раманы пра гэта сьведчаць хаця б. Пагатоў бяда гэтая шмат у чым унікальная, у пэўным сэнсе экзотыка. Толькі пра свой боль можна сказаць праўдзіва, моцна. Кнігу Аляхновіча на колькі моў пераклалі тады?

Проста трэба рабіць неймаверныя высілкі. Перакладаць сябе ў раман, палову сябе трэба аддаць спачатку, усяго сябе нават, калі атрымаецца, калі патрапіш. Патрэбны гумус, крытычная маса, саляны раствор моцнай канцэнтрацыі, вельмі, пажадана, моцнай, перасычаны. Патрэбна новая беларуская літаратура, цэлы мацярык, архіпэляг, прынамсі. Патрэбна прысутнасьць нашай літаратурнай кухні за мяжой. Але бульбяных нават у Беларусі ня стала. Непрыемна, але факт. Дый, зрэшты, ніколі яны не былі распаўсюджаныя.

Сяргей Астравец

0
Чытач / Адказаць
27.01.2008 / 16:59
Не збрыдла ўсё пра тое-ж? Зноў нудотнае паўтарэньне дзясяткі разоў прамоўленага, выказанага.. А галоўнае: што вы да Нобэля прычапіліся як да панацэі якойсьці? Што, дадуць яго, напрыклад, Барадуліну – і заквітнее родная мова, кінуцца чытаць нас швайцарцы з гішпанцамі, пачнецца выдавецкі бум?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру