На пачатку ХХІ стагоддзя дзіўным чынам даводзіцца канстатаваць: гісторыя беларускай фатаграфікі пазамінулага, ХІХ ст., не напісаная. І не раскрытая аніякім чынам, аніякай манаграфіяй (у адрозненне, скажам, ад гісторыі айчыннай архітэктуры, жывапісу і інш., не кажучы пра няблага вывучаныя гісторыі беларускай літаратуры і мовы, дзе налічваецца сотні даследаванняў).

Адзін з відавочных момантаў такога занядбання бачыцца ў тым, што на бальшыні ацалелых фотаадбіткаў ХІХ стагоддзя — стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Кастуся Каліноўскага, Рамуальда Траўгута, Ігната Грынявіцкага — захаваліся абрысы «не тых герояў»: пад савецкай акупацыяй яны блага ўкладаліся ў канцэпцыю адмірання беларускай мовы і пабудовы адзінай «савецкай нацыі».

Наогул, належыць памятаць, што ХІХ ст. — гэта й стагоддзе Джузэпе Гарыбальдзі, Шымана Канарскага, Адама Міцкевіча. У тыя паднявольныя часы сам факт захавання твораў і фотаадбіткаў правадыроў нацыянальна-вызвольных рухаў пагражаў жыхарам Паўночна-Заходняга Краю высылкай «у нялюдскую зямлю».

Найбольшая колькасць рукапіснага і фатаграфічнага матэрыялу захоўваецца ў архівах Літвы і Польшчы. Наша архіўная Мекка — гэта, бясспрэчна, Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, дзе амаль у некранутым выглядзе ацалеў Архіў музея графа М.М. Мураўёва.

Зборы яго, як адзначае гісторык Вольга Гарбачова, налічваюць каля 600 фотаздымкаў перыяду 60-х гадоў ХІХ — пачатку ХХ ст.

Сярод іх — два вядомыя нам здымкі Каліноўскага: правадыр паўстання ў поўны рост (каля люстэрка) і Каліноўскі з чорным гальштукам. Ёсць у архіве і трэці здымак, вакол якога вядуцца спрэчкі даследчыкаў. На ім, як адзначае В.Гарбачова, «мужчына вельмі падобны да К. Каліноўскага». На адвароце здымка алоўкам напісанае і яго імя. Праўда, з пытальнікам. Той пытальнік, пастаўлены яшчэ ў часы Мураўёва, не зняты дагэтуль.

Разам з тым неанатаваным фота захоўваюцца выявы выключна паўстанцаў: Людвіка Звяждоўскага, Ігната Здановіча, Зыгмунта Серакоўскага, Аляксандра Скірмунта, Баляслава Свентаржэцкага, Багуслава Семірадскага, Альфрэда Ромэра, Браніслава Залескага, Ціта Далеўскага, графа Лявона Плятэра, Эдуарда Чыжэўскага… Аднак навукова пацвердзіць (або адкінуць) гіпотэзу адносна «трэцяга фота Каліноўскага» можа толькі судовая экспертыза. Нагадаем, што ўжо аднойчы гісторыкі прамахнуліся — памылкова прыпісаўшы правадыру нацыянальна-вызвольнага супраціву фатаграфію паўстанца са стрэльбай-ружжом (зрабіў гэта А.Смірноў, які ў 1959 выдаў кнігу «Кастусь Калиновский»).

Таму да пытання экспертызы трэба падысці паважна.

У сакавіку 2014 мы звярнуліся з адпаведнай заявай у Галоўнае ўпраўленне крыміналістычных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь у Мінску. У якасці матэрыялу на экспертызу былі аддадзеныя тры фота:

1) здымак Ахілеса Банольдзі (Каліноўскі ў поўны рост);

2) здымак пагрудны (з чорным гальштукам);

3) здымак, які В. Гарбачова прапануе лічыць за фота Каліноўскага.

Здымак №1

Здымак №1

Здымак №2

Здымак №2

здымак №3

здымак №3

І пацягнуліся тыдні чакання. Некалькі разоў мы спрабавалі прыспешваць крыміналістаў, аднак тыя рэагавалі нервова, спасылаючыся на вялікую занятасць. Аднойчы нават прадэманстравалі прыладу забойства са слядамі засохлай крыві, якая таксама чакала экспертызы.

Але праз месяц з нечым экспертыза вынесла вердыкт.

Цікава, што ўсе здымкі, зробленыя прыкладна ў адзін час (перад паўстаннем), у апісанні эксперта-крыміналіста вызначаныя з розніцай у дзясятак (і больш!) гадоў: №1 «…На здымку выяўлены мужчына ў поўны рост. Мужчына — антрапалагічнага тыпу, еўрапеоід, узрост на выгляд — каля 35 гадоў. Галава яго павернутая да аб’ектыва левым паўпрофілем. У мужчыны цёмныя валасы. На твары ў мужчыны маецца расліннасць у выглядзе вусоў і барады цёмнага колеру…»

«Фотаздымак №2 чорна-белы, прастакутнай формы. На здымку пагрудным мужчына… антрапалагічнага тыпу, еўрапеоід, узрост на выгляд — каля 30-ці гадоў. Ракурс здымка — блізкі да анфаснага. У мужчыны цёмныя валасы…»

«Фотаздымак №3 чорна-белы, прастакутнай формы. На здымку мужчына ў поўны рост. Мужчына — антрапалагічнага тыпу еўрапеоід, узрост на выгляд — каля 20 гадоў. Галава ў яго павернутая да аб’ектыва левым паўпрофілем. У мужчыны цёмныя валасы…»

Выснова крыміналістычнай экспертызы — наступная:

«1. На фотаздымку №1 і №2 выяўлены адзін і той жа чалавек.

2. Вызначыць, ці з’яўляецца чалавек на фотаздымку №3 тым жа чалавекам, што і на фотаздымках №№1, 2, не ўяўляецца магчымым».

Апошняя няпэўнасць — нібыта з прычыны нездавальняльнай якасці прапанаванага фота. Але, што важна на дадзеным этапе, станоўчага адказу пра падабенства таксама няма. Таму «пытальнік», пастаўлены нейкім мураўёўскім падручным, застаецца, пакідаючы прастору для розных версій. Вось адна з іх: што, калі на фотаздымку старэйшы брат Кастуся, Віктар? Ён таксама быў уцягнуты ў падрыхтоўку паўстання, аднак памёр ад сухотаў незадоўга да яго пачатку.

Разгледжаны «пытальнік» на адвароце паўстанцкага фота — адзін з нешматлікіх прыкладаў, калі надпіс не дадае інфармацыі, а заблытвае. Большасць падпісаных паўстанцкіх фота нясуць найкаштоўнейшыя звесткі, якіх не сустрэнеш і на дзясятках архіўных аркушаў:

«Дмитрий Базанов, отставной юнкер Староингермандского полка. Отобрано от мятежника в шайке Нарбута»;

«Вельчинский По показанию пленных бывший поручик Русской службы, а в шайке Капитан (ранен, в плену и доставлен в крепость)»;

«Ксендз Александрович. Начальник Новоалександровского уезда, член Революционной организации. — 1864»;

«Доктор Мечислав Оттонович Глиндзич — Начальник Волковыского уезда, член Революционной организации. — 1864. Mieczysław Glindzicz.»;

І калі пра праваслаўнага Змітра Базанава з Гарадзеншчыны (найбліжэйшага паплечніка Кастуся Каліноўскага) або каталіцкага святара Александровіча ў гістарычных даследаваннях можна адшукаць нейкія звесткі, дык пра Вяльчыньскага ці Гліндзіча — няма аніякіх. Зрэшты, усе названыя персаналіі адсутнічаюць у айчыннай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»… А калі насур’ёз — дык перад айчыннымі гісторыкамі ў поўны рост паўстае неабходнасць стварыць капітальнае энцыклапедычнае выданне, прысвечанае паўстанню 1863—1864 гадоў.

Ёсць у тым архіве і пазнейшыя здымкі паўстанцаў. На якіх бязвусыя дзецюкі парабіліся барадатымі катаржнікамі… Таму ў позірках сібірскіх ссыльных зусім іншая настраёвасць…

…Наколькі кожнаму з нас хочацца адшукаць свайго продка на гэтых сотнях здымкаў, заўважыць хоць нейкае візуальнае падабенства ў рысах абліччаў сваіх крэўных! Зразумець, што ж перажывалі яны, перш чым адышлі на Неба, спаўна адпакутаваўшы тут і не трацячы надзеі, што «адно з праўдай у грамадзе згодна дажджэш, Народзе, старасцi свабодна»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?