Споведзь маці траіх дзяцей, старэйшыны чатырох вёсак, дэпутаткі Пліскага сельсавету Юліі Букі пра сапраўднае жыцьцё шматдзетнай сям’і: «Каб ні перад кім ня кланяцца, не прасіць, не прыніжацца, я працавала! Зьбіралі грошы на трактар, але вырашылі, што дзецям патрэбны кампутар. Гледзячы на жыцьцё, яго складанасьць, часам ілжывасьць, я зацікавілася палітыкай…»

Юлія Бука зь дзецьмі.

У 2000 годзе ў мяне нарадзілася трэцяе дзіця, і мы сталі шматдзетнай сям’ёй. Да родаў мяне ўражвала стаўленьне знаёмых. «Ты што, ненармальная? Пладзіць галату? Як іх выхаваць, як вывучыць?!» Але ў мяне ўжо былі двое дастаткова вялікіх – 11-ці і 3-х гадоў – хлопчыкаў, якія не прыносілі вялікіх праблемаў. Жылі мы не шыкуючы, але не галадалі. Дапамогі ні ад каго не чакалі і не прасілі. Мае дзеці – мае праблемы.

Рэцэпт у абмен на сьпіраль

Па нейкім часе мы карысталі з права на бясплатнае харчаваньне трэцяга дзіцяці, атрымліваючы раз на месяц рэцэпт на малочныя сумесі, сокі. Але аднойчы такі рэцэпт трэба было падпісаць у галоўнага дзіцячага лекара. Я знайшла доктарку і пачула: «Мы рэгулюем нараджальнасьць у раёне. Вам трэба паставіць сьпіраль. Трое дзяцей – гэта ўжо многа. Тады падпішу рэцэпт». Толькі пасьля таго як я сказала, што ў мяне была апэрацыя і дзяцей больш ня будзе, доктарка падпісала рэцэпт. Я выйшла з кабінэту ў такім адчаі, што ня ведала, куды ісьці. Такое прыніжэньне! Я пашкадавала, што адразу не завярнулася. Абышліся б мы і бязь іхных бясплатных сокаў.

Мой муж, можа, і неблагі чалавек, але сапсаваны сыстэмай. Ніякай адказнасьці! Жылі мы ў маёй роднай вёсцы ў бацькоўскай хаце, трымалі гаспадарку. Але яго цягнула ў горад. Я ведала, што з трыма дзецьмі, без дапамогі – а яе чакаць не было ад каго, – зь яго неадольнай цягай да працы і да чаркі, як бы я ні рвалася, не пражывём. І мы разышліся. Адраклася алімэнтаў – ён абяцаў дапамагаць. Але больш мы дапамагалі яму! Час ад часу вяртаўся, мы спрабавалі пачаць усё спачатку, ён зноў зьяжджаў. І я вырашыла зьвярнуцца па адрасную дапамогу. Трэба было кожныя тры месяцы зьбіраць даведкі зь сельсавету, РАА, працы. Дэкляраваць усе прыбыткі і льготы за апошнія тры месяцы. Усё нармальна, каб не адчуваньне, якое атрымліваеш ад позіркаў і стаўленьня тых мілых жанчын, якіх прыйшлося патурбаваць. Ты жабрак і цягнеш грошы зь іх кішэні!

Усё нармальна, каб не спачуваньне

Калі я прыйшла ў наступны раз, яны не маглі знайсьці мае дакумэнты. Дый тыя аказаліся непатрэбныя, бо калі падлічылі ўсе мае прыбыткі, дапамога мне не сьвяціла. Больш па адрасную дапамогу рашыла не зьвяртацца. Шкада марнаваць час і здароўе! Тым больш што я ўзяла ў арэнду тры гектары зямлі, трымалі дзьве каровы, потым купілі каня, падгадоўвалі бычка, а то і двух. Пазьней за гэтых бычкоў я нацярпелася прыкрасьцяў. Так, рашыўшы стаць дэпутатам райсавету, пры запаўненьні дэклярацыі не ўказала бычкоў – абвінавацілі ва ўтойваньні прыбытку. У дэпутаты не пусьцілі.

Гледзячы на жыцьцё, яго складанасьць, часам ілжывасьць, я зацікавілася палітыкай. Стала дэпутатам мясцовага савету і вырашала ня толькі свае праблемы, але й выбаршчыкаў. Не заўсёды і ня ўсім гэта падабалася. Не разумелі, нашто мне гэта трэба.

Ніхто ніколі не пытаўся мяне, як мы жывём. Ніхто ніколі не прапанаваў дапамогі, ніколі не прапанавалі працы. Хоць ведалі, што ў мяне вышэйшая вэтэрынарная адукацыя. Гадоў дзесяць таму прапанавала свае паслугі вэтлекара і месяц адпрацавала загадчыцай фэрмы – на час адпачынку загадчыка. А потым не знайшлося працы. Пой цялят, капай зерне! Каму патрэбна непакорная апазыцыянэрка? Працавала ў клюбе, магазыне, паштаркай – што прапаноўвалі. Цяпер – сацыяльны работнік.

Хто раскідаў словы Каліноўскага?

Пра дапамогу зь сельсавету гаварыць няма чаго. У мяне склалася такое ўражаньне, што там бачаць сям’ю, як толькі стаіць пытаньне аб пазбаўленьні бацькоўства, адпраўкі ў спэцустановы бацькоў ці калі нешта недзе дзеці натварылі.

Так было да сёлетняй зімы. Пакуль дзяржава ня стала назойліва апякацца шматдзетнымі сем’ямі. Двойчы за зіму зьяўлялася з праверкай нейкая камісія. Участковы, старшыня сельсавету, пажарны. Ніхто не пытаецца, якія ў нас праблемы, што нас хвалюе, як штодня, у любое надвор’е, дзеці дабіраюцца за тры кілямэтры ў школу, затое яны чамусьці лазяць па нашых запечках, спальні, кухні. Чым абавязана, спадарства? Якое права мае сп.Мацкевіч, старшыня сельсавету, сунуць свой нос у мае запечкі? Якое мае права старшыня пасьля сваіх праверак абгаворваць мяне? А ці не адказ на ўсё гэта – прызыдэнцкія выбары?

Цэлая гісторыя

У 1994 г. я працавала загадчыцай клюбу. Была ў ініцыятыўнай групе Кебіча. Добра памятаю настаўленьні, якія атрымлівалі ад тагачасных кіраўнікоў, ад вас, спадары з райвыканкаму! «Маленькая мана нараджае вялікі недавер!» Тады я канчаткова вызначылася ў поглядах. Я ніколі ня здраджвала сваім дзядам і прадзедам, якія былі вымушаны пакінуць свае хаты ды выехаць у горад пасьля таго, як абрэзалі іх надзелы зямлі пад самыя вокны толькі за тое, што яны не жадалі запісвацца ў калгас. Я ня здраджвала сваім бацькам, якія заўчасна пайшлі на той сьвет, памятаючы, як на маіх вачах паміраў тата ў 35 гадоў, а мясцовая фэльчарка, нападпітку, кіпяціла ў нас на кухні на керагазе шпрыцы.

Я памятаю, як гаравала, застаўшыся адна з чатырма дзецьмі, мама. І згарэла ад гора і гарэлкі ў 45 гадоў! Я ня здраджваю сваім дзецям, вучачы іх жыць сумленна! Я ня здраджваю Радзіме! А хто ёй здраджвае, убачым па нейкім часе, шкада толькі, што многае ўжо будзе страчана назаўсёды. І трэба вытрымаць, дажыць, зьберагчы дзяцей! І хто ведае, што нас чакае!

Мне раяць сваякі: прыстасуйся, прымірыся, можна неяк жыць, жывуць жа людзі, пабойся! І баюся!

Могуць задушыць штрафамі любыя інстанцыі: міліцыя, пажарныя, суды, адміністрацыйныя камісіі. Было б жаданьне! Не дадуць камбайну на агарод! Адмовяцца забіраць малако! Здадуць у «вар’ятню»! Пасадзяць! Пазбавяць бацькоўскіх правоў! Зацкуюць! Будзем спадзявацца, што 1937 год не паўторыцца!

Дый у райвыканкаме ня ўсе аднолькавыя!

Купілі каня й кампутар

Я была ў ініцыятыўнай групе Мілінкевіча. Зьбірала подпісы, займалася агітацыяй. Ведаючы стаўленьне ўлады, займалася гэтым у вольны ад працы час. Дапамагаць узяўся былы муж, што зіму жыў разам з намі – зімой будаўніку працу знайсьці складана. Ён разносіў афіцыйныя ўлёткі ў суседняй вёсцы. Але ў некалькі паштовых скрыняў кінуў улётку, якую далі пачытаць у Віцебску. Пачытаў я – хай другія пачытаюць! У лістоўцы абсалютна ніякай крамолы! Словы Каліноўскага: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу!» ды «Хопіць беднасьці!». Пільны выбаршчык рашыў далажыць начальству. І пачалося!

Прыехалі адразу тры міліцыянты лавіць рэвалюцыянэра. Дзе яны, як злодзеі хаты рабуюць? Забралі! Пракурор, міліцыя, намесьнік пракурора. Прамыўка мазгоў! Абвінавачваньне ў антыдзяржаўнай дзейнасьці. Уклалі пратакол. Толькі к вечару на падарожных машынах дабраўся дадому. Назаўтра, амаль з ложку, забраў участковы. Муж зьнік! Абзванілі ўсе ўстановы. І толькі ў райвыканкаме адказалі, што адміністрацыйная камісія аштрафавала яго на 155 000 рублёў (гэта самае вялікае пакараньне па гэтым артыкуле).

Тут жа, пры размове са мной, спадарыня з райвыканкаму, зьвярнуўшыся да мяне па імені, хаця я ёй не назвалася, абвінаваціла мяне ў тым, што я прадала Радзіму, была ў Польшчы, за гэта купіла кампутар. Маўляў, нават у яе няма кампутара! Адкуль ведае спадарыня з райвыканкаму такія падрабязнасьці?

Трое дзетак, тры каровы…

Цяпер распавяду пра яшчэ адзін бок нашага жыцьця. Для тых, хто сядзіць на высокіх паверхах райвыканкаму і абвінавачвае нас у здрадзе. Каб ні перад кім ня кланяцца, не прасіць, не прыніжацца – я працавала! Мае дзеці з маленства расьлі ў пракосе, у баразьне, спачатку – гледзячы на маю працу, пасьля – дапамагаючы. Саджалі 80 сотак бульбы, капусты, морквы. Раніцай спаўзаеш з ложка, бо ўстаць ня можаш, не разгінаецца сьпіна, пакуль не расходзісься. І так зь вясны да позьняй восені. Молісься Богу, каб дацягнуць да зімы. Добра, калі бульба ўрадзіла, можна некага наняць, а калі неўраджай – даводзіцца абыходзіцца без дапамогі. А яшчэ капуста, морква. Усё выбраць, перабраць, збыць.

Ці ведаюць спадары з райвыканкамаў, як потым зімой, па некалькі разоў, за трошкі даўжэйшую ноч, прачынаесься ад пякучага болю ў самлелых руках, бо штодня, па два разы, а летам і тры, доіш трох кароў, без выходных і сьвятаў (трэцяя карова суседа, бо ў яго захварэла гаспадыня, а з каровай шкадуе разьвітацца. Больш дапамагчы яму ніхто не жадаў).

Шкада, не заглянуў старшыня сельсавету да нас у прыбіральню. Убачыў бы там спэцыяльнае сядзеньне, каб хоць там адпачывалі мае ногі. А колькі трэба сілы, каб нарыхтаваць сена на ўсю зіму! І ўсё роўна яго ў нас заўсёды не хапае! Вось і цяпер будзем выбіраць: купіць сена ці плаціць 155 000 рублёў штрафу.

Каб трошкі палегчыць жыцьцё, зьбіралі грошы на трактар, але вырашылі, што дзецям патрэбны кампутар. Купілі каня і кампутар!

Дзеці мараць пра свой рок-гурт

А яшчэ, спадары з высокіх паверхаў, у маіх дзяцей ёсьць электрагітара і яшчэ нейкае музычнае абсталяваньне. Мараць пра свой рок-гурт! Каб усё гэта купіць, яны зьбіралі мэталалом і пустыя бутэлькі на возеры. І не таму, што ў нас не хапае грошай, а таму што яны ўжо дарослыя ў свае 16 і 9 гадоў! Ці, можа, было б лепш, каб яны пілі, бадзяліся па вёсцы ў пошуках прыгод? І, каб вы ведалі, у школе па пасьпяховасьці адзін зь іх на 1-м месцы, а другі – на 10-м, з 80 школьнікаў. І ў гэтым ёсьць мая заслуга! А кампутар гэта не раскоша, а вельмі патрэбная рэч для школьніка. І калі вы, спадарыня, якая абвінавачвае мяне ў здрадзе, ня маеце яго, то гэта ня значыць, што ў маіх дзяцей ён не павінен быць.

Яшчэ мне здаецца, што вы не апошні чалавек у райвыканкаме, заробак павінен быць у параўнаньні з маім вельмі вялікі. Занадта лёгка ён вам, мусіць, даецца. Трэба вучыцца эканоміць і купіць кампутар. Вы ж самі ведаеце, што мы адны з найбагацейшых у Эўропе. А не – пасадзіце гектар бульбы ці купіце пару кароў! Ці вы думаеце, што ўсім апазыцыянэрам выдаюць па кампутары?

Паспрабуйце, як мы, – супраць сыстэмы зьнявагі, хамства, уціску! Як усё ў вас проста! Вы ня хочаце нават сабе прызнацца, што гэта вельмі зручна – натравіць не ва ўсім забясьпечаны, падмануты народ на тых, хто думае ня так, як вы.

в.Валодзькава, Глыбоцкі раён

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0