Трое 15-гадовых выхаванцаў Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай школы закрытага тыпу самавольна пакінулі навучальную ўстанову. 

«На другім паверсе ў фае спецшколы яны разбілі шыбу, пералезлі цераз агароджу і ўцяклі ў невядомым напрамку, — паведаміла інспектарка групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Ленінскага РАУС Магілёва Алена Сіманава. — Праверка высветліла, што ў іх няма ні дакументаў, якія сведчаць асобу, ні мабільных тэлефонаў, толькі карта аўтамабільных дарог». 

Згодна з інфармацыяй, распаўсюджанай пошукава-ратавальным атрадам «Анёл», падлеткі ўцяклі 17 сакавіка прыблізна ў 12.00. Уцёкі ўчынілі Аляксей Глухаў (1999 года нараджэння), Максім Жыжык (1999 года нараджэння) і Уладзімір Гайнулін (2000 года нараджэння). 

Аляксей Глухаў раней жыў у гарадскім пасёлку Бягомль Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Яго прыкметы: на выгляд 17-18 гадоў, сярэдняга целаскладу, валасы цёмныя, вочы карыя. 

Максім Жыжык мінчанін. На выгляд 15-17 гадоў, рост 180 сантыметраў, мажнага целаскладу, валасы русыя, кароткія, вочы зялёныя. 

Уладзімір Гайнулін раней жыў у Баранавічах Брэсцкай вобласці. На выгляд 15-17 гадоў, рост 170 сантыметраў, спартыўнага целаскладу, валасы русыя, кароткія, вочы блакітныя. 

Усе падлеткі былі апранутыя ў камуфляжную форму са святлоадбівальнікамі. У пошукава-ратавальным атрадзе мяркуюць, што ўцекачы могуць знаходзіцца як на тэрыторыі Беларусі, так і Расіі. 

Дырэктар спецшколы Дзмітрый Генісеў адмовіўся ад каментарыяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?