Рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Нясвіжскі час» збірае подпісы чытачоў пад зваротам да кіраўніцы Нясвіжскага аддзялення «Мінскаблсаюздруку» Таццяны Навошы з просьбай працягнуць дамову на продаж газеты ў кіёсках прадпрыемства.

«У звароце, пад якім падпісваюцца нашы чытачы, гаворыцца аб парушэнні іх канстытуцыйных правоў на атрыманне інфармацыі», — патлумачыў прэс‑службе ГА «БАЖ» галоўны рэдактар «Нясвіжскага часу» Аляксей Белы.

На афіцыйны зварот рэдакцыі, дасланы яшчэ ў сярэдзіне снежня, кіраўніца мясцовага аддзялення «Саюздруку» ўвогуле не адказала.

У канцы 2007 г. стала вядома, што Нясвіжскае аддзяленне «Мінскаблсаюздруку» адмовілася працягнуць на 2008 год дамову на распаўсюд з выдаўцом газеты — прыватным унітарным прадпрыемствам «ІнтэксПрэс‑Рэгіён».

Летась выданне адмовіліся рэалізоўваць у шэрагу гандлёвых кропак, якія належаць прадпрыемству «Нясвіжскі гархарчпрамгандаль». Цяпер месца «Нясвіжскага часу» ў іх заняла дзяржаўная «раёнка» — «Нясвіжскія навіны».

«Нашу газету прадавалі ў Нясвіжы ў 22 гандлёвых пунктах, а цяпер іх засталося толькі 7. Безумоўна, гэта паўплывала на наклад, які год таму быў 2070 асобнікаў, а зараз трымаецца ў межах 1000», — зазначыў А. Белы.

Ён падкрэсліў, што супрацоўнікі рэдакцыі цяпер самі прадаюць газету, зрабіўшы адпаведныя дамовы з «ІнтэксПрэс‑Рэгіён».

Рэдактар упэўнены, што ўсё рашэнні адносна супрацоўніцтва раённых прадпрыемстваў з газетай прымаюцца на ўзроўні кіраўніцтва раёна. Ён сустракаўся з кіраўнікамі Нясвіжскага райвыканкама, аднак плёну гэта не прынесла. На ліст намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца старшыня райвыканкама Ігар Макар адказаў, што яго ведамства не замінае газеце развівацца.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0