Міхаіл Касьянаў

Цэнтральная выбарчая камісія Расеі адмовіла ў рэгістрацыі кандыдату ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта Міхаілу Касьянаву. У ЦВК патлумачылі, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі Касьянава стала вялікая колькасьць недакладных і несапраўдных подпісаў. Іх налічылі больш за 13 адсоткаў, што амаль удвая перавышае дапушчальны адсотак браку.

«Няма сумневаў, што рашэньне не рэгістраваць маю кандыдатуру, як і ўсе важныя палітычныя рашэньні ў сыстэме «вэртыкалі», прымаліся асабіста Ўладзімерам Пуціным, — гаворыцца ў афіцыйным звароце экс‑прэм’ера Расеі. — Асновы канстытуцыйнага ладу растаптаныя цалкам. Краіна рухаецца ў таталітарны тупік».

Выбары, якія маюць прайсьці ў Расеі 2 сакавіка, Міхаіл Касьянаў называе фарсам:

«2 сакавіка — гэтая падзея ня ёсьць выбарамі прэзыдэнта Расеі. Заклікаю прыхільнікаў, паплечнікаў, грамадзян ня ўдзельнічаць у іх».

Адмову Цэнтарвыбаркаму зарэгістраваць Міхаіла Касьянава кандыдатам у прэзыдэнты амэрыканскі Белы Дом назваў унутранай справай Расеі.

Паводле «Радио Свобода», «Эхо Москвы»

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0