28.01.2008 / 14:53

Польская мытня страйкуе па‑італьянску Абноўлена ў 20:05 3

Перамовы кіраўніка мытнай службы з прадстаўнікамі ўраду скончыліся зьменамі ў Статуце аб мытнай службе. У хуткім часе Мытную службу прыраўняюць да іншых сілавых структураў, а кар’ерны рост будзе гарантаваны не пазьней чым праз пяць гадоў працы на мытні.

Польская мытня наладзіла страйк, дабіваючыся павышэньня аплаты працы. У знак пратэсту кіроўцы трэйлераў заблякавалі дарогі на мяжы, утварыліся 60‑кілямэтровыя чэргі. Нягледзячы на ўрэгуляваньне сытуацыі, Беларусь падае на Польшчу ў міжнародны суд.

Праблемы на беларуска‑польскай мяжы пачаліся раніцай 25 студзеня. Польскія мытнікі пашырылі сюды распачаты раней на мяжы з Украінай страйк. Яны патрабавалі ад Мінфіну Польшчы павышэньня месячнага заробку на 1.500 польскіх злотых ($600). Міністэрства пагадзілася толькі на 500 злотых ($200).

Ад пачатку страйку праз мяжу не мелі праблемаў толькі чыгуначны, пасажырскі, турыстычны і дыпляматычны транспарт, а таксама аўто, што перавозяць небясьпечныя грузы, альбо тавар, што хутка псуецца. Грузавыя пункты пропуску, напрыклад «Казловічы», спынілі працу ўвогуле. Абодва бакі рэкамэндавалі сваім грамадзянам устрымацца ад паездак за мяжу. Спроба Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі пераарыентаваць грузавыя плыні на беларуска‑літоўскую мяжу ня мелі вялікага посьпеху, бо такі шлях стварае значныя праблемы з афармленьнем транспартных дакумэнтаў.

Цяжкі панядзелак

28 студзеня сытуацыя стала ўскладняцца. Прэса паведаміла пра пагаршэньне санітарных умоваў у чарзе. У экстраным парадку на мытню наведаўся прэм’ер‑міністар Польшчы Дональд Туск. У Белай Падляскай ён меў перамовы з кіраўнікамі мытнае службы. Паводле польскай газэты «Дзеньнік», прэм’ер назваў сытуацыю цяжкай і дадаў, што зацягваньне канфлікту шкодзіць усім. Па яго словах, пратэст мытнікаў ня ёсьць фармальным страйкам, бо яны папросту не выходзяць на працу, бяруць адгулы ці бальнічныя. Туск прапанаваў мытнікам падвышэньне заробку на 500 злотых і паабяцаў хуткія зьмены ў заканадаўстве. У прыватнасьці, грошы, а ня толькі адгулы, за звышурочную працу. Мытнікаў запэўнілі, што іх не пакараюць за наступствы акцыі пратэсту. «Прымусіць мытнікаў працаваць я не магу», — расьпісаўся ў сваім бясьсільлі прэм’ер. Паводле віцэ‑прэм’ера Гжэгажа Схетыны, перамовы з мытнікамі весьці складана, бо апошнія ня маюць ні страйкавага камітэту, ні выразных патрабаваньняў.

У Берасьці ў панядзелак сустракаліся прадстаўнікі памежных ведамстваў абедзьвюх краінаў. Памежнікі разважалі пра пераадоленьне наступстваў страйку. Беларускі бок чакае істотнага павелічэньня пасажырапатоку з Польшчы па заканчэньні забастоўкі, а таму рыхтуецца да павелічэньня колькасьці каналаў пропуску і выкарыстаньня мабільнага абсталяваньня для афармленьня грамадзянаў, што перасякаюць мяжу.

На мяжы блякады

У панядзелак увечары кіраўнік Мытнай службы Яцэк Дамінік паабяцаў, што мытнікі вернуцца да працы ў абмен на абяцаньне зьменаў у заканадаўстве. Пасьля гэтага мытнікі заклікалі кіроўцаў грузавікоў вызваліць шлях для памежнікаў, якія праз блякаду дарогаў не маглі патрапіць на працу. Кіроўцы TIR‑аў у сваю чаргу далі ўраду адзін дзень на перамовы з мытнікамі і паабяцалі заблякаваць шляхі на Варшаву, калі не пабачаць зьменаў.

У ноч на аўторак на розных участках мяжы пачалі працу мытныя службы. Што праўда, ня ў поўным складзе.

Раніцай значна паменшала чарга на пераезьдзе ў Кузьніцы (зь беларускага боку — Брузгі) — да 60 грузавікоў. Уночы на гэтым участку працавала каля 80% пэрсаналу, у Беларусь праехалі каля 160 грузавікоў, у дзень на працы знаходзілася да паловы службоўцаў. У суседніх Баброўніках (зь беларускага боку — Бераставіца) працавала каля 70% мытнікаў, якія аформілі да 130 аўто. У аўторак там заставалася з польскага боку каля 280 грузавікоў, колькасьць пэрсаналу не зьмянілася.

Перамовы кіраўніка мытнай службы з прадстаўнікамі ўраду мелі вынікам зьмены ў Статуце аб мытнай службе. У хуткім часе Мытную службу прыраўняюць да іншых сілавых структураў, а кар’ерны рост будзе гарантаваны не пазьней чым праз пяць гадоў працы на мытні. Мытнікам гарантавалі таксама анансаванае раней павышэньне заробку. Падазраваных у карупцыі супрацоўнікаў будуць аднаўляць на працы ў выпадку зьняцьця падазрэньняў. Кіраўніцтва мытнай службы заклікала сваіх супрацоўнікаў вяртацца да працы, а таксама зьвярнулася да кіроўцаў з просьбай зьняць блякаду пераездаў.

Палітычны падтэкст

Сытуацыяй вакол страйку мытнікаў скарысталіся супернікі дзеючага прэм’ер‑міністра. Прадстаўнік партыі «Права і Справядлівасьць» («Prawo i Sprawiedliwość») Яхім Брудзінскі заявіў, што пратэст мытнікаў стаў вынікам некампэтэнтнасьці Дональда Туска і дзеючых міністраў. Кіраўнік Саюзу дэмакратычнай лявіцы (SLD) Гжэгаж Наперальскі зьвінаваціў урад Туска ў парушэньні перадвыбарчых абяцаньняў і няздольнасьці дзейнічаць у крызісных сытуацыях.

На інтэрнэт‑форумах польскіх сайтаў гучалі меркаваньні, што сытуацыя з польскімі мытнікамі мае падвойнае дно і выразную палітычную афарбоўку. «Польскія мэдыкі і мытнікі адносяцца да аднаго з самых карумпаваных сэгмэнтаў польскага рынку працы і іхнія акцыі пратэсту маюць надта дзіўную прывязку да абвастрэньня антыкарупцыйных акцыяў», — піша адзін з чытачоў «Дзеньніка». Іншы наведнік сайту выказваецца пра выкарыстаньне страйкаў палітычнымі сіламі для аслабленьня апанэнтаў. Варта нагадаць, што забастоўцы мытнікаў папярэднічалі акцыі пратэсту польскіх мэдыкаў і настаўнікаў, якія таксама патрабавалі павышэньня заробкаў.

Цана праблемы

Беларускі бок ацэньвае страты бюджэту ад прастойваньня грузавых аўто на мяжы ў мільён даляраў штодзень. Паводле намесьніка міністра юстыцыі Беларусі Ігара Тушынскага страты ад сутак прастою аднаго велікагрузнага аўтамабіля складаюць амаль $300. Польскі бок ацэньвае аналягічныя страты ў 1500 злотых. Мін’юст Беларусі рыхтуецца выставіць пазовы польскім уладам наконт стратаў, панесеных беларускім бокам у сувязі з забастоўкай польскіх мытнікаў. Па словах І. Тушынскага, парушаныя як мінімум тры пагадненьні Беларусі і Польшчы. Страты таксама нясе дзяржава як суб’ект міжнароднага права з прычыны таго, што Польшча не выконвае адпаведнае пагадненьне. Акрамя таго, атрымальнік грузу можа адмовіцца ад паслуг перавозчыка, і перавозчык страціць рынак, дадаў намесьнік міністра.

Сямён Печанко

0
Пьяны нэпман / Адказаць
28.01.2008 / 17:17
Умеюць жа людзі змагацца за годныя ўмовы працы. У нас нават ніхто ня пікнуў у адказ ні на кантрактную сістэму, ні на адмену льготаў.
0
M / Адказаць
29.01.2008 / 12:39
[web@nn.by: дзякуй, выправілі!]
0
zhd / Адказаць
02.02.2008 / 11:27
Што вельмі хацелася б даведацца: 1. Які ж заробак тых мытнікаў быў да пачатку страйку. 2. На якім месцы па заробках яны знаходзяцца ў параўнанні з іншымі прафэсійнымі групамі. Чамусьці ўсе паўтараюць адну лічбу ў $600, а без кантэксту яна мала што тлумачыць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру