Недзяржаўнай газеце «Новы час» таксама вынесена пісьмовае папярэджанне Міністэрства інфармацыі. Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» галоўны рэдактар газеты Аляксей Кароль.

Выданне вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь» у выходных дадзеных. («…Не ўказана афіцыйна ўстаноўленае найменне рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, які зарэгістраваў дадзены друкаваны СМІ»).

Дакумент датаваны 25-м лютага, але Аляксей Кароль змог атрымаць яго па пошце толькі днямі. Паводле журналіста, чарговы нумар рэдакцыя выпусціла з папраўленымі выходнымі дадзенымі, пра што праінфармавала Мінінфармацыі.

Нагадаем, што ў лютым-сакавіку міністэрства вынесла афіцыйныя папярэджанні адразу шэрагу рэгіянальных недзяржаўных выданняў, звінаваціўшы іх у неналежным размяшчэнні звестак пра наклад альбо незаконным скарачэнні «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь» у выходных дадзеных.

Між тым, падобныя скарачэнні журналісты заўважылі і ў выданнях, заснавальнікамі якіх выступаюць дзяржаўныя органы ўлады. У сувязі з гэтым прэс-сакратар ГА «БАЖ» Барыс Гарэцкі напісаў у Міністэрства інфармацыі ліст, каб даведацца, ці рэагавала ведамства на такія факты. Як вынікае з адказу намесніка міністра Уладзіміра Матусевіча, па стане на 16 сакавіка ў межах кантролю за выкананнем заканадаўства пісьмовыя папярэджанні былі вынесеныя таксама часопісу «Вожык» і баранавіцкай газеце «Наш край».

Такім чынам, на сёння ГА «БАЖ» валодае звесткамі пра папярэджанні ў 2015 годзе васьмі выданням: «Газета Слонімская», «Intex-Press», «Ганцавіцкі час», «Борисовские новости», «Рекламный Боржоми», «Новы час», «Вожык» і «Наш край».

Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд. ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць у чарговы раз патрапіць пад пераслед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?