28.01.2008 / 19:00

Эпідэміі грыпу няма

Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя абвяргае інфармацыю пра абвяшчэньне ў Беларусі эпідэміі грыпу.

Галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан абвергла інфармацыю аб аб’яўленні ў Беларусі эпідэміі грыпу. Эпідэмія грыпу чакаецца ў першай дэкадзе лютага.

‑ Эпідэміі грыпу пакуль у Беларусі няма. Паводле лабараторнай дыягностыкі і клінічных дыягназаў, якія выстаўляюць лекары, пераважаюць вірусныя інфекцыі, а не грып. Ён у Беларусі складае толькі 16% ад усіх інфекцыйных захворванняў. Але за чацьверты каляндарны тыдзень, у параўнанні з трэцім, адбыўся рост захворванняў вострымі рэсператорнымі інфекцыямі і грыпам на 36,5%, — адзначыла Іна Карабан.

Наконт распаўсюджаных звестак аб абвяшчэнні ў Беларусі эпідэміі грыпу галоўны эпідэміёлаг сказала:

‑ Гэта журналісты так пішуць. Насамрэч у тых гарадах, дзе вынесеныя пастановы галоўных санітарных лекараў, адбываецца ўзмацненне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па прафілактыцы захворвання грыпам, бо там было зафіксаванае перавышэнне парогу інфекцыйных захворванняў цягам трох сутак.

Паводле звестак Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сімптомы захворвання да канца мінулага тыдня былі выяўлены больш чым у 17 тысячаў чалавек, прычым палова з іх — дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Шпіталізавана 157 мінчукоў, у тым ліку 137 непаўналетніх. Найбольшы ўзровень захворвання выяўлены ў Лідзе, Гродна, Мінску, Брэсце і Барысаве.

Натальля Якавенка, Радыё Рацыя

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру