Нацыянальная рада аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» на пасяджэнні 21 сакавіка прыняла заяву «Свабоду палітвязням!», паведамляе прэс-служба БХД.

«Беларускія хрысціянскія дэмакраты пачынаюць кампанію па вызваленні палітвязняў. Мы лічым адной з першачарговых задач на 2015 год — дамагчыся вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, — гаворыцца ў заяве. — Мы заяўляем, што без вызвалення і поўнага аднаўлення ў правах усіх палітычных вязняў ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі».

«Дзеля спрыяння хутчэйшаму вызваленню з-за кратаў, у выпадку немагчымасці абрання адзінага кандыдата дэмакратычнымі сіламі Беларусі, мы падтрымліваем кампанію па вылучэнні кандыдатам ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Статкевіча Мікалая Віктаравіча з адначасным патрабаваннем вызвалення палітвязняў: Яўгена Васьковіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова. Усе палітвязні павінны быць вызвалены!» — падкрэслiваюць у БХД.

Адзначаецца таксама, што, у выпадку калі палітвязні застануцца за кратамі і не будуць адноўленыя ў правах, БХД лічыць немагчымым прызнанне любых выбараў свабоднымі і справядлівымі, а «абраную» на іх уладу хрысціянскiя дэмакраты будуць лічыць нелегітымнай.

Акрамя таго, на паседжанні Нацыянальнай рады аргкамітэта было прынята рашэнне, што ўстаноўчы з`езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пройдзе 13 чэрвеня 2015 года. Падчас з`езда плануецца абраць кіраўніцтва стваранай партыі, зацвердзіць яе абноўленую праграму і прыняць рашэнне аб дзейнасці БХД падчас кампаніі 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?