28.01.2008 / 20:10

Рэформы: вярхі ня хочуць, нізы ўжо вагаюцца, бізнэсоўцы — за 2

У Беларусі насьпела пільная патрэба эканамічных рэформаў, і краіна збольшага гэта пачынае разумець, паказваюць апошнія эканамічныя дасьледаваньні. Піша Алесь Кудрыцкі.

Пошукі ўласнага шляху нарэшце вывелі Беларусь на тое месца, зь якога яна іх пачынала — да пункту выбару. Эканоміка, канкурэнтаздольнасьць якой грунтавалася на танных энэрганосьбітах, мусіла прыстасоўвацца да новых, больш высокіх цэнаў. Адразу ж пасьля шоку дзяржава, якая гарантавала хоць і павольны, але сталы рост прыбыткаў, пачала перакладаць клопат пра ўласны дабрабыт на грамадзянаў. Аднак на адным здыманьні льготаў далёка не заедзеш. «Архітэктары» старой мадэлі эканомікі ўсё ж мусяць выбіраць: праводзіць рэформы ці чакаць, пакуль старая сыстэма не абваліцца пад цяжарам праблемаў.

Патрэба ў рэформах робіцца ўсё больш і больш актуальнай, але — ці гатовыя беларусы іх падтрымаць? Што стаіць за ўсплёскам актыўнасьці прадпрымальнікаў? Незадаволенасьць замкнёнай касты гандляроў ці больш шырокі сацыяльны пратэст супраць дзяржаўнай эканамічнай палітыкі? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў новых працах Дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту (Менск) і Цэнтру сацыяльна‑эканамічных дасьледаваньняў CASE (Варшава).

Адкуль стартуем?

У сьнежні 2007 Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію гішпанскай газэце El Pais, што Беларусь больш падрыхтаваная, чым Польшча і краіны Балтыі, для ўступленьня ў ЭС. Адмыслоўцы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, аднак, трымаюцца іншай думкі. ЭБРР — адзіная спэцыялізаваная арганізацыя, якая займаецца ацэнкай рынкавасьці эканомікі той ці іншай дзяржавы, выстаўляючы адзнакі ад 1 (цалкам плянавая эканоміка) да 4.33 ці 4 з плюсам (разьвітая рынкавая эканоміка). Дык вось, паводле ЭБРР, Беларусь мае індэкс 1.85. Інакш кажучы, Беларусь вельмі далёкая ад стандартаў разьвітай індустрыйнай эканомікі. Што да краінаў, пра якія казаў Лукашэнка, то цяпер мы знаходзімся на ўзроўні трансфармацыі, на якім яны былі яшчэ ў 1991 г. У 1989 г. Беларусь ды Эстонія мелі ад ЭБРР аднолькавую адзнаку — 1. Цяпер з 28 постсавецкіх краінаў Беларусь займае 2‑e месца паводле плянавасьці эканомікі, а Эстонія — 2‑е месца паводле блізкасьці да рынкавай эканомікі.

Ці гатовыя мы да пераменаў?

Але як ацаніць падтрымку рэформаў насельніцтвам? Проста спытацца «вы за рынкавыя рэформы ці супраць?» не выпадае, бо беларусы маюць пра іх самыя розныя ўяўленьні (гэтак, паводле ранейшых апытаньняў Дасьледчага цэнтру ІПМ, амаль 70 % насельніцтва шчыра лічаць, што ў Беларусі праводзяцца рынкавыя рэформы). Таму пытаньні ставілі ня «ў лоб», а ўскосна, вызначаючы стаўленьне рэспандэнтаў да пэўных аспэктаў рэформаў — скажам, да рэгуляваньня цэнаў дзяржавай ці да магчымасьці свабоднага працаўладкаваньня. Нацыянальнае апытаньне для Дасьледчага цэнтру ІПМ рабіла сацыямэтрычная лябараторыя «Новак» (апытана 1148 рэспандэнтаў). Што атрымалася ў выніку?

Якія рэформы патрэбныя людзям?

Пераважнай большасьці беларусаў патрэбная толькі рэструктурызацыя прадпрыемстваў. Таксама даволі шмат людзей жадае зьменаў на рынку працы. Паводле ўсіх астатніх паказьнікаў колькасьць прыхільнікаў дзяржаўнага ўмяшаньня большая за колькасьць прыхільнікаў рэформаў. Даволі вялікі адсотак тых, хто ня вызначыўся са сваім стаўленьнем да рэформаў. Беларусы ў сваёй масе выступаюць катэгарычна супраць буйной прыватызацыі і супраць прыватнай уласнасьці на зямлю. Многія не жадаюць банкаўскай рэформы. Чаму? «Для людзей гэта малазразумелыя матэрыі, асабліва на тле прапаганды, — кажа А.Чубрык. — А вось у тых сфэрах, зь якімі людзі сутыкаюцца кожны дзень — з рынкам працы, функцыянаваньнем прадпрыемстваў — яны бачаць шмат праблемаў і патрэбу ў рэформах». Гэтак, адказваючы на пытаньні, большасьць рэспандэнтаў пагадзілася з тым, што заробак і занятасьць павінныя рэгулявацца не дзяржавай, а наймальнікам пад кантролем прафсаюзаў. Датычна рэструктурызацыі прадпрыемстваў пытаньне гучала так: «ці варта дзяржаве падтрымліваць стратныя прадпрыемствы?». Большасьць рэспандэнтаў справядліва мяркуюць, што рабіць гэтага ня варта, бо інакш падаткі сыходзяць не туды, куды трэба.

Адмыслоўцы Дасьледчага цэнтру ІПМ вырашылі не дзяліць рэспандэнтаў на «прыхільнікаў» і «ворагаў» рэформаў, а разьбіць іх на драбнейшыя групы: тыя, хто «ня вызначыўся», «рыначнікі» (яны лічаць, што дзяржава ня мусіць умешвацца ў эканоміку), «патэрналісты» (прыхільнікі актыўнага дзяржумяшальніцтва), «прыхільнікі рэгуляванай канкурэнцыі» — то бок тыя, хто разумее, што канкурэнцыя — гэта добра, але мяркуюць, што яна павінная адбывацца пад пільным кантролем дзяржавы. І апошні кластэр — «прыхільнікі рэструктурызацыі без прыватызацыі», то бок гэта людзі, якія вераць у тое, што праводзіцца правільная эканамічная палітыка — трэба толькі палепшыць працу рэальнага сэктару эканомікі.

Калі паглядзець, як разьмеркаваліся рэспандэнты па кластэрах (дыяграма 1), то бачна, што тых, хто ня вызначыўся, у Беларусі большасьць — 31 %. Закаранелыя прыхільнікі плянавай эканомікі («патэрналісты») складаюць ня так і шмат — 21 %. Пасьлядоўных «рыначнікаў» найменш — іх усяго 13 %. «Прыхільнікі рэгуляванай канкурэнцыі» ды «прыхільнікі рэструктурызацыі без прыватызацыі» разам складаюць 35 %. «У прынцыпе, гэта людзі, якія патэнцыйна, паводле большасьці паказьнікаў, зьяўляюцца патэрналістамі — выступаюць за дзяржрэгуляваньне, — кажа А.Чубрык. — Але гэта людзі, якія здольныя зразумець пазытыўнасьць рэформаў у цэлым, калі яны зразумелі пазытыўнасьць іх асобных кірункаў. Таму калі паглядзець на гэты расклад агулам, улічваючы, што 31 % тых, хто ня вызначыўся, будуць вагацца ў сваіх поглядах у залежнасьці ад прапаганды ці рынкавай кан’юнктуры, якая складзецца, то нельга адназначна сказаць, каго ў беларускім грамадзтве болей — тых, хто за рэформы, ці тых, хто за жорсткае кіраваньне эканомікі дзяржавай».

Што ўплывае на стаўленьне да рэформаў?

Чаму нехта выбірае рэформы, а іншы — плянавую эканоміку? Першае, што кідаецца ў вочы з вынікаў дасьледаваньня — адукацыя. Сярод рыначнікаў практычна адсутнічаюць людзі зь няпоўнай сярэдняй адукацыяй і нашмат больш, чым ва ўсіх астатніх кластэрах, людзей з вышэйшай ды няскончанай вышэйшай адукацыяй. Пры гэтым сярод патэрналістаў людзей зь няпоўнай сярэдняй адукацыяй значна больш, чым ва ўсіх астатніх кластэрах.

Другі момант, які перадвызначае прыхільнасьць да рэформаў — блізкасьць да Захаду ці сталічнае жыцьцё. «Рыначнікаў» найбольш у Менскай вобласьці, на другім месцы — Менск, а за ім — Берасьцейская вобласьць. Найвялікшы адсотак «патэрналістаў» выявіўся ў Магілёўскай вобласьці — больш за 30 %. Рыначнікаў жа на Магілёўшчыне менш за 2 %.

Больш за 70 % «рыначнікаў» лічаць, што Беларусь павінна ўвайсьці ў Эўрасаюз. Больш за 40 % патэрналістаў лічаць, што Беларусь не павінна ўваходзіць у Эўрасаюз, у той жа час 20 % іх за сяброўства ў ЭС, астатнія вагаюцца. «Складана сказаць, што тут дамінуе — каштоўнасныя рэчы, ці матэрыяльныя зацікаўленасьці, — разважае А.Чубрык. — Магчыма, людзі чакаюць ад ЭС нейкіх выгадаў».

Дасьледаваньне паказвае, што той, хто выступае супраць саюзу Беларусі ды Расеі, схільныя да таго, каб выступаць за рынкавыя рэформы. Зрэшты, згодна з вынікамі апытаньня, ідэя саюзу Беларусі ды Расеі моцна страціла папулярнасьць — менш за 20 % агульнага ліку рэспандэнтаў згодныя з тым, што Беларусь ды Расея павінныя пабудаваць адзіную саюзную дзяржаву.

На пытаньне «ці дапушчальны продаж беларускіх прадпрыемстваў замежнікам?» больш за 60 % «рыначнікаў» адказалі станоўча. Супраць гэтага — больш за палову «патэрналістаў», якія лічаць, што «радзіму прадаваць нельга». «Увогуле, мы бачым, што больш за 40 % беларусаў лічаць недапушчальным продаж беларускіх прадпрыемстваў замежнікам, — заўважае экспэрт. — На гэтым фоне вельмі пікантна выглядаюць такія дзеяньні беларускіх уладаў, як продаж замежнікам аднаго з апэратараў мабільнай сувязі».

«Цікава было паглядзець, як зьмяніўся за апошні год матэрыяльны стан людзей, якіх мы апытвалі», — кажа Аляксандар Чубрык. У 50 % зьменаў няма, палепшаў ці моцна палепшаў матэрыяльны стан у 20 %, у той жа час пагоршаў ці моцна пагоршаў у больш чым 30 %. Сярод тых, чый матэрыяльны стан пагоршаў, «рыначнікаў» найбольш. Зрэшты, сярод «рыначнікаў», у параўнаньні зь іншымі кластэрамі, таксама болей тых, каму жывецца лепей, чым раней. «Гэта наводзіць на думку, што ў рэформах людзі бачаць нейкую магчымасьць больш зарабіць», — мяркуе экспэрт.

Калі мы паглядзім, дзе працуюць людзі, то пабачым, што на прыватных прадпрыемствах «рыначнікаў» нашмат больш за ўсіх астатніх. Сярод «патэрналістаў» людзей, якія працуюць на прыватных прадпрыемствах, амаль няма. А вось на дзяржаўных прадпрыемствах «рыначнікаў» таксама хапае. «Імаверна, тыя, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, бачаць іх праблемы і разумеюць патрэбу ў рэформах. А тыя, хто працуе на прыватных, бачаць, што ўсё працуе даволі добра, і думаюць, што і ўсю краіну варта было б перавесьці на рынкавыя рэйкі, — разважае А.Чубрык. — Патэрналісты», відаць, зарабляюць крыху болей, чым «рыначнікі», якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, таму яны вераць у тое, што дзяржаўная ўласнасьць найбольш эфэктыўная». Акрамя гэтага заўважна, што даволі шмат «патэрналістаў» не працуюць — у асноўным гэта пэнсіянэры. Так што ўзрост мае выразнае значэньне ў стаўленьні да рэформаў.

Бізнэсоўцы — за рэформы

Апытаньне, якое праводзілася Цэнтрам сацыяльна‑эканамічных дасьледаваньняў CASE (Варшава), вывучала тую самую праблему — стаўленьне да эканамічных рэформаў — але ўжо менавіта ў прадпрымальніцкім асяродку. Яно праводзілася незалежна ад дасьледаваньня ІПМ, аднак падабенства многіх высноваў дазваляе сьцьвярджаць, што інфрмацыя, якую атрымалі ў выніку — слушная. Мэтай CASE было зразумець, як беларускі прыватны бізнэс ставіцца да трансфармацыяў. «Беларускі прыватны бізнэс працуе ў вельмі скажоным асяродзьдзі, дзе няма нармальнага рынку, дзе моцнае ўмяшаньне ўлады ў эканоміку, — кажа Пётра Казаржэўскі, сябар рады і экспэрт CASE. — Здолеўшы выжыць у такіх умовах, ён адаптаваўся да іх, немінуча пераняў адпаведныя мадэлі паводзінаў. Ці ня будзе яму цяжка ад іх адмовіцца? Ці прыме ён новыя правілы гульні, якія будуць усталяваныя пасьля будучых эканамічных рэформаў?»

Дасьледаваньне праводзілася па рэпрэзэнтатыўнай выбарцы — апыталі ўладальнікаў ці топ‑мэнэджараў 517 прыватных прадпрыемстваў краіны. Галоўная выснова: у параўнаньні з насельніцтвам, прадпрымальнікі трымаюцца нашмат больш рынкавых поглядаў. 85 % у цэлым выступае за рынак. А калі ўзяць перакананых «плянавікоў», то іх усяго толькі 2 %.

Сярод прадпрымальнікаў найбольш папулярныя ідэі, зьвязаныя з рэформамі, якія палегчаць вядзеньне ўласнага бізнэсу, рэгуляваньне занятасьці і заробкаў, цэнаўтварэньне. Менш падтрымліваюцца пытаньні, якія датычацца пэўнага ўтрыманьня дзяржавай плянавых вышыняў у эканоміцы. Перш за ўсё гэта датычыць уласнасьці на нейкія найбуйнейшыя найважнейшыя аб’екты — інфраструктура, зямля, буйныя прадпрыемствы. А другое пытаньне — захаваньне нейкай дзяржаўнай падтрымкі для айчынных вытворцаў і абарона іх ад замежнай канкурэнцыі.

Незалежна ад Дасьледчага цэнтру ІПМ, адмыслоўцы CASE выдзелілі такія самыя 5 групаў‑кластэраў сярод прадпрымальнікаў (дыяграма 2). Рыначнікі‑лібэралы складаюць сярод бізнэсоўцаў 32 %, «патэрналісты» — толькі 9 %. Тыя, хто выступае за ў цэлым рынкавыя адносіны пры вялікай ролі дзяржавы ў рэгуляваньні гэтага рынку, складаюць 15 %. 13 % прадпрымальнікаў можна назваць «дзяржкапіталістамі» — гэта тыя самыя прыхільнікі рэструктурызацыі без прыватызацыі. Тых, хто ня вызначыўся са сваім стаўленьнем да рынкавых рэформаў, сярод бізнэсоўцаў 31 %, акурат столькі ж, колькі ў сярэднім па краіне.

Першапраходцы‑рэфарматары і будаўнікі‑рэтраграды

«Агульны настрой прадпрымальніцкага асяродку несувымерна больш рынкавы, чым насельніцтва краіны, пры тым, што структура гэтых поглядаў у вялікай ступені падобная», — адзначае Пётра Казаржэўскі.

Найбольш лібэральнымі выявіліся «першапраходцы» — тыя, хто заснаваў свой бізнэс да 1996 г. Той, хто кіруе ці валодае буйным прадпрыемствам, таксама найчасьцей схільны да лібэральных поглядаў. Найбольшыя «рыначнікі» — кіраўнікі тых прадпрыемстваў, якія прадаюць свае тавары на рынках ЭС, і перш за ўсё на рынках новых чальцоў Эўрасаюзу. Цікавы факт: калі прадпрыемства знаходзіцца ў дрэнным эканамічным стане, яго кіраўнік таксама часьцяком схіляецца да падтрымкі рынкавых рэформаў, бо ў ягоных вачах адсутнасьць рынкавых адносінаў успрымаецца як тормаз для разьвіцьця.

«Патэрналісцкімі» поглядамі вылучаюцца кіраўнікі прадпрыемстваў, заснаваных адносна нядаўна. Іх стваральнікі ведалі, на што ідуць, былі гатовыя функцыянаваць ва ўмовах няпоўнай бізнэс‑свабоды, уключаюць яе ў сваю бізнэс‑стратэгію. Таксама спрыяе «патэрналізму» добры эканамічны стан прадпрыемства. «Тая стратэгія, якую праводзіць прадпрыемства ў сучасных умовах, успрымаецца як пасьпяховая, і зьмены ў вонкавых абставінах выглядаюць як пагроза», — тлумачыць экспэрт CASE.

У геаграфічным пляне найбольш «патэрналістаў» у бізнэс‑колах Магілёўшчыны. З пункту гледжаньня віду дзейнасьці, найбольш кансэрватыўнай выяўляецца будаўнічая галіна. Увогуле, 9 % бізнэсмэнаў‑»патэрналістаў» — гэта збольшага прадпрымальнікі, якія займаюць вельмі вузкія рынкавыя нішы. Яны з задавальненьнем перайшлі б пад крыло дзяржавы, дзе пачуваліся б камфортна, каб дзяржава пакрывала іхныя рызыкі, гарантуючы прыбытак.

Цікава, што нават бізнэсоўцы‑лібэралы лічаць, што нейкая форма дзяржпадтрымкі павінная існаваць, найперш для айчынных вытворцаў, а таксама высокатэхналягічнай і навукаёмістай галіны. Як выглядае, нашыя прадпрымальнікі ўжо здольныя да шырокага стратэгічнага мысьленьня ў нацыянальным маштабе.

95 % прадпрымальнікаў падтрымліваюць прыватызацыю. Пры гэтым 45 % лічаць, што магчымасьць удзелу любога замежнага капіталу ў прыватызацыі павінна быць абмежаваная, а 20 % лічаць, што абмежаваньні павінны быць уведзеныя менавіта для расейскага капіталу. Найперш мусяць прыватызавацца малыя прадпрыемствы (так лічаць 77 % прадпрымальнікаў). За прыватызацыю буйных прадпрыемстваў выказваюцца крыху меней за палову (48 %), за прыватызацыю зямлі — 43 %, інфраструктуры — 39 %.

63 % прадпрымальнікаў зацікаўленыя ўдзельнічаць у прыватызацыі, але калі ўжо ўдзельнічаць, дык не лавіць рыбу ў мутнай вадзе — яны жадаюць, каб усё было празрыста.

Высновы

Такім чынам, беларускія бізнэсоўцы і топ‑мэнэджары вельмі станоўча глядзяць на магчымасьць рынкавых рэформаў, але жадаюць, каб яны былі дастаткова мяккімі, паступовымі. Усе прадпрымальнікі рэальна ацэньваюць сваю магчымасьць канкураваць на адкрытых рынках. У большасьці яны гэтых рынкаў баяцца. Таксама бізнэс не жадае, каб дзяржава самадыстанцыянавалася. Яна мусіць і надалей падтрымліваць айчынных вытворцаў і захоўваць кантроль над найважнейшымі аб’ектамі. «Гэта мусіць быць рынак «для сваіх» — рынак, абкладзены падушкамі», — кажа Пётра Казаржэўскі. У цэлым, бізнэс можа быць натуральным хаўрусьнікам палітыкаў‑рэфарматараў. Правядзеньне дзяржавай рэальнай рынкавай палітыкі было б сустрэтае імі на «ўра». Нядаўнія пратэсты прадпрымальнікаў выкліканыя, натуральна, канкрэтнымі прычынамі — людзей моцна прыціснула. Але, як вынікае, прадпрымальнікі ня толькі дбаюць пра ўласную кішэню, але маюць пэўныя каштоўнасныя ўстаноўкі, цэняць рынкавую свабоду — а значыцца, будуць мець жаданьне за яе змагацца.

Што да насельніцтва ўвогуле, то яно, хоць і не з такім энтузіязмам, але пакрысе звыкаецца з думкай, што рэформы патрэбныя. Дасьледаваньні паказваюць, што калі нейкая трансфармацыя сапраўды будзе распачатая ў бліжэйшы час, то маштаб яе падтрымкі ў краіне будзе не такі ўжо малы. Рэформы выклічуць падвышэньне долі прыватнага бізнэсу, а значыцца, усё больш і больш людзей будуць атрымліваць станоўчы досьвед працы ў ім. «Пачатак рынкавых рэформаў можа спарадзіць ланцуг, калі рэформы будуць весьці да большай падтрымкі, а большая падтрымка — будзе весьці да далейшых рэформаў», — мяркуюць экспэрты CASE і Дасьледчага цэнтру ІПМ.

Алесь Кудрыцкі

0
Кяйстуціс / Адказаць
29.01.2008 / 07:50
Навошта праводзіць гэтыя даследванні? Трэба ведаць толькі АДЗІНЫ погляд
0
Алекс / Адказаць
29.01.2008 / 17:07
Мне спадабалася. Не дурны ў нас народ. Калі рэформы і пойдуць, дык хоць не па неалібэральнай каляіне. Гэта радуе.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру