«Апошнім часам расійскія тэлевізійныя каналы ператварыліся ў рупары неаімперскага мілітарысцкага рэваншызму. У выніку грамадзяне Беларусі, якія вымушаны існаваць у сацыяльна-культурніцкім і медыйным кантэксце неміралюбнай суседкі, становяцца ахвярамі пракрамлёўскай прапаганды. Прычым наша краіна можа ўслед за Украінай зазнаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці і нават страту суверэнітэту.

Акупацыі зазвычай папярэднічае інфармацыйная вайна. Яе разгортванне супраць Беларусі можна назіраць ужо цяпер.

Задача дзяржавы ў такіх варунках - зрабіць усё магчымае, каб мінімізаваць уздзеянне на грамадзян Беларусі плыняў вонкавай «гебельсаўшчыны».

Мы разумеем, што суцэльнае адключэнне расійскіх тэлеканалаў альбо іхняя кропкавая фільтрацыя з боку ўладаў Беларусі сёння малаверагодныя.

Таму Рух «За Свабоду» заклікае кіраўніцтва краіны хаця б спыніць у дзяржаўных установах самага рознага кшталту і грамадскіх месцах трансляцыю расійскіх тэлеканалаў, што з’яўляецца дастаткова распаўсюджанай з’явай.

Пры наяўнасці значнай колькасці беларускіх тэлеканалаў падобную сітуацыю можна трактаваць як ідэалагічнае спрыянне вонкавай ваяўнічай прапагандзе, якая пагражае нацыянальным інтарэсам. 

Разам з тым мы звяртаемся да ўладальнікаў прыватных установаў (ад цырульняў да кавярняў) выявіць незалежніцкую пазіцыю і не ладзіць публічных трансляцый расійскіх тэлеканалаў.

Паважаючы права грамадзян Беларусі ў сваіх дамах і кватэрах глядзець з экранаў тэлевізараў што заўгодна на свой уласны выбар, заклікаем усіх тым не менш сцерагчыся пракрамлёўскай прамыўкі мазгоў.

Гэта сапраўды небяспечна для нашых сем’яў і Беларусі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?