Вучні пачатковай школы Сільтамакі чытаюць рэп у межах вывучэння «тэмы». Фота: Jussi Helttunen

Вучні пачатковай школы Сільтамакі чытаюць рэп у межах вывучэння «тэмы». Фота: Jussi Helttunen

У Фінляндыі рыхтуецца да рэалізацыі маштабная рэформа адукацыі, распавядае The Independent.

У 2020 годзе ў фінскіх школьнікаў не будзе такіх прадметаў як матэматыка ці хімія — заняткі будуць праходзіць па «тэмах» з уключэннем розных навук.

У школах Хельсінкі 16-гадовыя вучні ўжо не маюць урокаў. Яны маюць навучанне па «тэмах» («феноменах»). Каля 70% настаўнікаў горада ўжо прайшлі падрыхтоўку да працы згодна з новым падыходам.

Адзін з прыкладаў «тэмы» — «працы ў кафетэрыі». У межах «кафетэрыя» вучні атрымаюць веды матэматыкі, замежных моў, правапісу і камунікацыі. Іншы прыклад — тэма Еўрапейскага саюза. У межах гэтага «феномена» вучні будуць вывучаць элементы эканомікі, гісторыі, моў і геаграфіі.

Фармат прадугледжвае не пасіўнае назіранне вучняў за настаўнікам, а абмеркаванне і вырашэнне жыццёвых задач.

Рэформа сустрэла нямала праціўнікаў сярод настаўнікаў, многія з якіх прысвяцілі жыццё выкладанню аднаго прадмета. Прыхільнікі рэформы заяўляюць, што выкладаць па ўзоры пачатку XX стагоддзя ў XXI ст. ужо не варта.

Да таго ж, настаўнікі, якія засвоілі новы падыход (а ён часам прадугледжвае работу на ўроку больш за аднаго настаўніка), не хочуць вяртацца да традыцыйнага вядзення ўрокаў, кажуць рэфарматары.

Вучні, якія займаюцца па «тэмах» ужо два гады, маюць лепшыя за сваіх аднагодак «здабыткі» ад адукацыі (рэфарматары не ўжываюць слова «адзнакі»).

«Мы хочам, каб вучні вучыліся ў бяспечнай, шчаслівай, спакойнай і натхнёнай атмасферы», — кажа Анна-Мары Яатынен, дырэктар школы ў Хельсінкі, якая прыняла новы падыход у навучанні.

У яе школе замест урокаў англійскай мовы дзеці па-англійску разважаюць пра надвор’е ў Еўропе, вывучаючы пры гэтым і геаграфію, а на перапынках бегаюць па калідорах не дзеля забавы, а ў пошуку інфармацыі пра розныя часткі Афрыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?