Берасцейскае «Дынама» – адзін з галоўных ньюсмейкераў сёлетняга футбольнага міжсезоння. Прычым навіны былі, скажам так, не самыя радасныя. Усе футбалісты і супрацоўнікі берасцейскага «Дынама» напісалі адкрыты ліст на імя старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса, які тут жа разляцеўся па прасторах інтэрнэту і выклікаў вялікі рэзананс у спартыўным грамадстве краіны.

belultras.by

belultras.by

Вядома, цяперашняя фінансавая сітуацыя яўна не спрыяе росквіту спартыўных клубаў, якія з’яўляюцца часткай дзяржаўнай сістэмы. Але, калі бачыш, што абвяшчаецца ў адкрытым лісце берасцейцаў, даешся дзіву.

«Паважаны Анатоль Васільевіч! Гульцы, трэнеры, супрацоўнікі ГА ФК «Дынама-Брэст» звяртаюцца да вас у сувязі з катастрафічнай фінансавай сітуацыяй, якая склалася ў нашым клубе. Праблемы з фінансаваннем цягнуцца яшчэ з пачатку мінулага сезону. За 2014 запазычанасці па зарплаце, у залежнасці ад умоў працоўнага пагаднення або кантракта, складаюць ад 5 да 8 заробкаў. За бягучы 2015 зарплаты зусім не выплачваліся. Такім чынам, агульны доўг клуба перад гульцамі, трэнерамі, супрацоўнікамі складае каля 7-10 заробкаў», — вось такімі словамі пачынаецца ліст.

І не прыгадаю, ці былі падобныя выпадкі ў найноўшай беларускай футбольнай гісторыі. Каманда з абласнога цэнтру, якая стабільна выступае ў вышэйшай лізе і з’яўляецца пры гэтым проста канвеерам па пастаўцы якасных гульцоў, цяпер знаходзіцца на самым краі фінансавай прорвы.

Да таго ж, некалькі месяцаў таму ў клуб прыйшоў новы кіраўнік, які раней ўжо працаваў у «Дынама» – Уладзімір Матусевіч на працягу некалькіх год займаў пост начальніка каманды. У сваім інтэрв’ю Tribuna.com кіраўнік берасцейскага клуба таксама не лепшым чынам апісваў яго фінансавае становішча:

«Кіраўніцтва вобласці паставіла ўмову, што бюджэт клуба павінен быць на ўзроўні мінулага года. Гэта 18 мільярдаў рублёў. Бо частка нашых даўгоў і сабралася як раз з-за таго, што ў 2014-м бюджэт не быў цалкам напоўнены грашыма. І я рэальна разумею, што зацвердзіць на паперы можна адно, а рэальных грошай мы не знойдзем. Транспартныя выдаткі ўзрастуць, харчаванне будзе даражэць. І давядзецца дзесьці уціскацца. І верагоднасць атрымання ўсёй сумы невялікая. Вось і выходзіць, мала запланаваць бюджэт. На гэтыя грошы нам трэба падпісаць спонсарскія кантракты. Жалезна мы будзем мець 6,6 мільярдаў. Гэта гарантаваная сума, выдзеленая дзяржавай. Астатнія 12 павінны знайсці самі. Калі не зможам, фактычна бюджэт будзе зрэзаны на траціну».

Карціна зусім не радасная. Менавіта гэтакія перспектывы разам з цяперашнім станам спраў і сталі прычынай звароту футбалістаў і супрацоўнікаў «Дынама» да кіраўніцтва горада і вобласці. Калі клуб нікому не патрэбен, нашто тады трымаць людзей і даваць ім нейкія абяцанні?

Берасцейскія чыноўнікі адрэагавалі – і 13 сакавіка адбылася сустрэча паміж дынамаўцамі і абласным кіраўніцтвам. Па яе выніках мы паразмаўлялі з прэс-сакратаром «Дынама» Анатолем Леванюком.

«На сустрэчы былі ўсе – і намеснік кіраўніка вобласці Леанід Цупрык, і літаральна ўсё праўленне клуба, і ўвесь склад футбалістаў і супрацоўнікаў клуба, – расказвае Анатоль. — Былі даволі вострыя пытанні, і не толькі па грашах. Але знайшлі агульную мову. Цупрык запэўніў, што клуб перад пачаткам сезону без грошай не пакінуць і запазычанасці будуць пагашаныя. Да дапамогі нам падключаныя і «Брэстэнерга», і «Савушкаў прадукт», і іншыя прадпрыемствы. Плюс бяром крэдыт, каб разлічыцца».

«На пачатку сустрэчы футбалісты былі настроеныя даволі сур’ёзна, асноўным пытаннем было «Калі будуць грошы?». Але пасля выступлення Цупрыка яны больш-менш супакоіліся. Таксама цяпер разглядаецца пытанне аб дастойным стымуляванні каманды ў выступленні ў Кубку Беларусі. Плюс яшчэ плануюцца кропкавыя ўзмацненні ў складзе – 1-2 чалавекі. Пасля гэтага задачай будзе знаходзіцца ў сярэдзіне турнірнай табліцы», – дзеліцца прэс-сакратар клуба аптымістычнымі планамі кіраўніцтва вобласці.

Да таго ж спадар Леванюк распавёў аб тым, якія крыніцы фінансавання можа мець клуб:

«Акрамя спонсарскай дапамогі, у нас ёсць і іншыя крыніцы сродкаў. Так, нам будуць дапамагаць прадпрыемствы, пералічваючы грошы з падаткаў на нерухомасць па 300-м указе. Таксама нашы аўтобусы прыносяць нам прыбытак – мы даем імі карыстацца розным арганізацыям. Яшчэ мы здаём у арэнду футбольныя палі – цяпер на нашай базе дабудоўваецца чацвёртая наша пляцоўка. І, вядома, продаж гульцоў. Мы стараемся падпісваць доўгатэрміновыя кантракты з маладымі гульцамі, якія з’яўляюцца нашымі выхаванцамі, каб пасля мець магчымасць атрымаць адэкватную кампенсацыю ў выпадку іх пераходу ў іншы клуб.

І яшчэ працуем над магчымасцю продажу клубнага офіса, які знаходзіцца ў цэнтры горада. Гэты будынак мае гістарычнае значэнне, таму ягоны кошт складае даволі значную суму. Атрыманых грошай хопіць, каб разлічыцца з запазычанасцямі і скончыць будаўнічыя працы на нашай базе».

Відавочна, у чыноўнікаў атрымалася пераканаць гульцоў і супрацоўнікаў «Дынама» ў сваіх цвёрдых намерах аказваць падтрымку футбольнаму клубу, паколькі дагэтуль, пры не самай лепшай, скажам так, фінансавай сітуацыі яшчэ ніхто з берасцейскіх футбалістаў не падаваў у суд на клуб за нявыплаты заробкаў.

Нават тыя, хто ўжо перайшоў у іншыя каманды. Варта выказаць павагу хлопцам, якія з разуменнем ставяцца да праблем клуба. Каб разабрацца, як бачыцца сітуацыя з боку самай зацікаўленай часткі ўсёй гісторыі, звязваемся з Дзянісам Кавалеўскім, абаронцам «Дынама», а таксама гульцом моладзевай зборнай Беларусі, які папоўніў склад берасцейцаў у мінулым сезоне.

Дзяніс Кавалеўскі, pressball.by

Дзяніс Кавалеўскі, pressball.by

«На сустрэчы з намі 13 сакавіка чыноўнікі сказалі, што сітуацыя наладзіцца. Хочуць узяць крэдыт, каб аддаць нам запазычанасці, зараз збіраюць патрэбныя паперы. Ёсць дамоўленасць з прадпрыемствамі, якія могуць падтрымаць клуб – з Еўраоптам, яшчэ кімсьці. Патроху, кажуць, да красавіка павінны разлічыцца. Не хочацца ўжо іх душыць. Хочацца зрабіць усё па-людску. Тым больш што кіраўніцтва адкрыта да нас ставіцца, хоча вырашыць гэтую сітуацыю.

Таксама сказалі, што нам пойдуць насустрач па пытаннях пражывання, харчавання, фармакалогіі. Усё-такі Леанід Цупрык (намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама) – не апошні чалавек у горадзе. Ён сказаў, што возьме пытанне пад свой кантроль, пастараецца дапамагчы нам па сваіх сувязях. Здаецца, знайшлі кропкі дотыку. Але не ведаю, як будзе. Гэта пакуль што словы. Хочацца верыць у лепшае.

З новым дырэктарам клуба праблемы засталіся тыя самыя. Я, у прынцыпе, яго разумею: ён прыйшоў на карабель, які тоне. Зразумела, што цяжка. Але калі прададуць клубны будынак у цэнтры, то справы наладзяцца. А так для трэніровак створаныя ўсе ўмовы. Палі добрыя. Каб гуляць і развівацца ўсё ёсць, грэх скардзіцца.

Мы верым кіраўніцтву. Зразумела, што нехта мог псіхануць і пайсці ў суд. Гэта апошняя справа, якую можна рабіць. Нікому не хочацца гэтых разборак. Трэба вырашыць усё па-людску: сказалі – зрабілі. Проста хаця б не думаць аб гэтых фінансавых праблемах, каб больш-менш разлічыліся. Ты ж свайму дзіцяці не скажаш: «Малака сёння не будзе, пачакай тыдзень». І каб мы маглі думаць толькі аб гульні і выніках.

А пакуль запазычанасці ў нас ад 7 да 11 месячных зарплат. У мяне прынамсі 8. Кантракты ў нас у параўнанні з мінулым сезонам засталіся тыя ж. У іх былі прапісаныя пункты аб павышэнні заробку, але мы пайшлі на кампраміс у сувязі з такой сітуацыяй і пагадзіліся пакінуць кантракты на ранейшых жа ўмовах. Так што з аптымізмам глядзім у будучыню».

І толькі калі б усе дынамаўскія праблемы былі звязаныя з фінансамі! Таксама стала вядома, што берасцейскія фанаты абвясцілі байкот на наведванне хатніх матчаў клуба. Прычына – непаразуменне з мясцовай міліцыяй. Справа ў тым, што ў мінулым сезоне супрацоўнікі правааховы прымянілі своеасаблівы метад дагляду людзей (невядома, кім ён быў прыдуманы, чым абгрунтаваны і на падставе чаго ўвогуле прымяняецца), якія ідуць на фанацкі сектар, каб падтрымаць каманду. Кожны фанат перад тым, як трапіць на трыбуну, мусіў прайсці праз аўтазак, дзе патрэбна было амаль цалкам раздзецца. Варта адзначыць, што гэтакую працэдуру супрацоўнікі міліцыі прымянялі не толькі ў Брэсце, але сталай практыкай яна зрабілася толькі ў горадзе над Бугам. Самому прыходзілася неаднаразова праз такое праходзіць – не самыя лепшыя уражанні, як вы можаце здагадацца.

5min.by

5min.by

Перад пачаткам гэтага сезона берасцейскія фанаты хацелі дабіцца спынення гэтай ганебнай практыкі, але падчас афіцыйнай сустрэчы з супрацоўнікамі МУС атрымалі адмову.

«На сустрэчы былі кіраўнікі розных падраздзяленняў УУС, у тым ліку УБАЗ (барацьба з аргзлачыннасцю), – расказвае актыўны фанат «Дынама» Яўген. — Ад нас былі хлопцы з клуба заўзятараў. Галоўным пытаннем была адсутнасць аўтазака на ўваходзе на сектар. Атрымалі адмову. Маўляў, спачатку ўсё застаецца на іхніх умовах, а там яны паглядзяць, мо і прыбяруць аўтазак. Нас гэта не задавальняе, таму байкот».

Падобная рыторыка гучыць і ў заяве суполкі заўзятараў «Дынама»: «Чакана рыторыка прадстаўнікоў міліцыі ў кароткім выкладзе цалкам супала з крэда аднаго з кіраўнікоў горада Глупава: «Не пацярплю!» Ніякіх кампрамісаў з фанатамі не будзе… У чарговы раз трываць распрананні ў аўтазаках, непрыхаванае хамства АМАПа пры ўваходзе і на сектары ў нас няма ніякага жадання. Апрычнікі ў чорным, якія, без сумневу, атрымаюць у гэтым годзе поўны карт-бланш на любыя неадэкватныя дзеянні, будуць ахоўваць пустыя крэслы пустога стадыёна».

У той жа час варта адзначыць факт, што кіраўніцтва футбольнага клуба ўступілася за сваіх фанатаў перад міліцыяй.

Так, кіраўнік «Дынама» Уладзімір Матусевіч, як ён казаў Tribuna.com, таксама не разумее такой жорсткасці супрацоўнікаў службаў аховы правапарадку: «Я быў на той сустрэчы з міліцыяй. Мы былі ініцыятарамі і хацелі памірыць бакі. Фанаты ж не просяць нічога звышнатуральнага. Дагляд, але цывілізаваны: без распранання і пропуску ўсіх пагалоўна праз аўтазак. Гэта нармальнае жаданне. Але ў адказ прагучала, што ў сувязі з тым, што год выбараў, стаіць агульная задача фанацкі рух як найбольш агрэсіўны і небяспечны ў святле ўкраінскіх падзей паставіць на месца. Прасцей у гэтым годзе нікому не будзе, і дагляд стане больш жорсткім. Я заступіўся за хлопцаў. Сказаў, што гэта няправільна. Што трэба знаходзіць агульную мову».

Такім чынам, калі ў бліжэйшы час сітуацыя не зменіцца ў лепшы бок, клуб з вялікімі традыцыямі, якім, без сумневу, з’яўляецца берасцейскае «Дынама», можа апынуцца пад пагрозай знікнення не толькі фінансавай, але і, што больш важна, маральнай падтрымкі горада. А гэта для беларускага футбола, якому і так не салодка, будзе яшчэ адным цвіком у труну. 

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?