Шукаючы ў інтэрнеце інфармацыю па тэме «закапанскі стыль», я нечакана трапіў на сайт «Города и веси России — Браслав». Браслаў тут названы горадам Расіі! І аўтары артыкула — не далёкія ад праўды. На ўсіх здымках Браслава, што змешчаныя ў публікацыі, банеры, плакаты, шыльды, стэлы — выключна на рускай мове. Аўтары прыехалі ў Браслаў і не падазравалі, што тут — не Расія, а іншая краіна. Бо ўсё — па-руску! «Где берёза — там и родина!» Ці вінаватыя аўтары? Не! Яны ўбачылі тое, што хацелі, а мы дапамаглі!

Да Дня беларускага пісьменства і друку, які адбыўся ў 2012-м годзе ў Глыбокім, тут горад змяніўся. Да «зачысткі» начальства, на кпіны грамадства скардзілася, што на беларускамоўныя шыльды не хапае грошай. Таму, маўляў, выбачайце, цярпіце рускія шыльды. Вось прыйдзе Дзень — і шыльды зменім! Слова, між іншым, стрымалі.

Дайце Браславу грошай! Інакш ён сплыве ў Швецыю, пойдзе ў Латвію, аддасца «рускаму міру»! А там жа — Нацыянальны парк, лецішчы высокапастаўленых чыноўнікаў і, кажуць, яшчэ самі ведаеце — Каго! Будзеце, спадарства, на свае лецішчы ездзіць па візах.

Шаноўныя, вы нават і не падазраяце, наколькі Браслаў ёсць самы прадажны з самых прадажных гарадоў Беларусі! Паводле спадара Катлерчука, аўтара кнігі аб шведска-беларускіх дачыненнях, жыхары Браслаўскага павета ў свой час прысягнулі шведскаму каралю. Нават правялі «плебісцыт». Сёння, гіпатэтычна, над Браславам, заміж хрысціянскіх крыжоў над храмамі, маглі быць і пеўні, як цяпер у Рызе. Пакуль дачуліся ў Вільні і Варшаве — год прайшоў! Год — у Шведскім каралеўстве! Прыехала начальства, мо і не без мардабою, Браслаў вярнуўся ў святую Рэч Паспалітую. Надоўга! Не! На пару стагоддзяў!

У пасляваенны перыяд Латвійская ССР папрасіла перадаць горад Браслаў Латвіі як зону адпачынку для буйнога прамысловага цэнтра Даўгаўпілс. Насельніцтва, кажуць, было адзінадушна за, бо ў Латвіі было больш тавараў у крамах. Аб гэтым у свой час мне паведаміў глыбоцкі энцыклапедыст Язэп Бунто. У самы апошні момант кіраўніцтва БССР перадумала аддаваць Браслаў Латвіі. Пытанне закрылі. Не «пракаціла» латышам.

А як будзе з «рускім мірам»? Браслаўская народная рэспубліка?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?