Адметная падзея ў гісторыі беларускага касьцёла адбудзецца 1 сакавіка. Упершыню беларускія вернікі атрымаюць магчымасьць зьвярнуцца праз тэлемост да Папы Рымскага Бенедыкта XVI. Беларуская частка тэлемосту адбудзецца ў менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі (на здымку). Як адзначана на сайце касьцёла, тэхнічнае забесьпячэньне арганізуе Белтэлерадыёкампанія.

Тэлемост з Апостальскай Сталіцай Арцыбіскуп Мітрапаліт Менска‑Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч анансаваў яшчэ ў сьнежні мінулага году. Тады, напраўду, яшчэ не было пэўнасьці ў гэтым. Цяпер ужо дакладна вядома, што такая значная падзея адбудзецца.

Тэлемосты Папы Рымскага традыцыйна адбываюцца ў часе Вялікага посту. Сёлета мост прымеркаваны да VI Эўрапейскага дня студэнтаў унівэрсытэтаў. А 18 гадзіне 1 сакавіка Папа Рымскі выйдзе на сувязь зь Менскам.

Такія тэлемосты ладзяцца штогод, каб у ружанцовай малітве зьяднаць са Сьвятым Айцом моладзь з розных куткоў сьвету. У гэтым годзе, акрамя Беларусі, у тэлемосьце возьме ўдзел моладзь з Румыніі, Італіі, Францыі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Кубы, Бразыліі, Мэксыкі ды Эквадору.

Трэба адзначыць, што правядзеньне такога тэлемосту — гонар для вернікаў любой краіны. Напрыклад, у Расеі мост апошні раз ладзіўся ў 2006 годзе і толькі з адным горадам — Пецярбургам. Прыкметна, што тады трансьляцыю арганізоўваў таксама Тадэвуш Кандрусевіч, які на той момант быў на чале расейскіх каталікоў. Трансьляцыя тэлемостаў звычайна дасяжная ўсёй Эўропе, у тым ліку і праз інтэрнэт. Цягнецца крыху болей за 2 гадзіны.

Апроч тэлемосту, у гэтым годзе нашых вернікаў чакае яшчэ адна адметная падзея — візыт дзяржаўнага сакратара Ватыкану. Беларускія каталікі спадзяюцца, што сьледам за гэтым у нашу краіну прыедзе Папа Рымскі.

Паводле: Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0