У Брэсце 26 сакавіка пачаў курсіраваць «гістарычны» тралейбус. На яго бартах надпісы: «Брэст-2015. Культурная сталіца Беларусі» і «Наш старажытны малады горад».
sb.by
У салоне тралейбуса размешчана прысвечаная гісторыі Брэста фотадакументальная выстава, якая падрыхтавана абласным краязнаўчым музеем. У экспазіцыі больш за 30 відаў горада ў пачатку ХХ стагоддзя і сучасных. Дапаўняе выставу храналогія найбольш значных падзей. Па ходзе руху пасажыры слухаюць інфармацыю пра гісторыю Брэста.
Праект рэалізаваны краязнаўчым музеем, брэсцкім тралейбусным паркам і гарвыканкамам.
Урачысты запуск «гістарычнага» тралейбуса адбыўся ў цэнтры горада, на прыпынку грамадскага транспарту «Праспект Машэрава». Першым пасажырам аўтар выставы, загадчыца навукова-асветніцкая аддзелам абласнога краязнаўчага музея Зінаіда Кульша, распавяла, што ідэя стварыць своеасаблівы музей на колах паўстала даўно. «Мы рады, што гэтая задумка ўвасобілася. Спадзяюся, яна спадабаецца гасцям і жыхарам горада, а ў берасцейцаў з'явіцца жаданне часцей хадзіць у музей», — адзначыла Кульша.
У першы дзень тралейбус працаваў на маршруце №1 (Арджанікідзэ — абласная бальніца), які праходзіць праз увесь горад.
Плануецца, што тралейбус будзе выходзіць на лінію штодня і курсіраваць на розных маршрутах да канца года.