29.01.2008 / 17:44

Нуль па фазе 10

У Беларусі няма палітычнага жыцьця. Лішні доказ — нуль рэакцыі з боку партыяў на фактычнае абвяшчэньне тэрмінаў парлямэнцкай кампаніі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

У Беларусі няма палітычнага жыцьця. Лішні доказ — нуль рэакцыі з боку партыяў на фактычнае абвяшчэньне тэрмінаў парлямэнцкай кампаніі.

www.artlebedev.ru

Раней кіраўніца ЦВК цьвердзіла пра 12 кастрычніка як аптымальную дату. Але на сустрэчы зь Ярмошынай 28 студзеня Лукашэнка раптам нагадаў, што могуць быць два туры. Пад гэтай маркай выбары мяркуецца прызначыць на канец верасьня.

Падаецца, што сапраўдным матывам можа быць жаданьне ссунуць кампанію на лета ды самы пачатак восені. Лета — увогуле мёртвы сэзон для палітыкі, у верасьні ж беларусы жывуць клопатамі пра ўраджай. Таму агітацыя за датэрміновае галасаваньне (маштабы якога ў нас растуць з кожнай кампаніяй такімі тэмпамі, што хутка, здаецца, асноўны дзень галасаваньня стане рудымэнтам) будзе выглядаць натуральным клопатам пра інтарэсы электарату. Маўляў, "адстраляўшыся" загадзя, зможаце са спакойнай душой выпраўляцца ў выходны на соткі.

Выбары, нават такія ўмоўныя, як у нас, апрыёры ствараюць для ўладаў момант дыскамфорту ўжо таму, што міжволі нагадваюць паспалітаму люду аб прынцыпе ратацыі кіроўных элітаў. Таму звышзадача вэртыкалі — каб электаральная кампанія прайшла як мага болей непрыкметна. Мінімум палітызацыі насельніцтва. Кажучы кампутарнай мовай, тэму выбараў стараюцца згарнуць у сыстэмны латак.

Што ж да тактыкі ўладаў, то яны, мусіць, прытрымліваюцца меркаваньня, што ад дабра (у іхнім разуменьні:) дабра не шукаюць. Малаімаверна, што пойдуць на экспэрымэнт з партыйнымі сьпісамі. Хаця тэарэтычна такі варыянт магчымы: адпаведныя зьмены ў заканадаўства можна ўнесьці на веснавой сэсіі Нацыянальнага сходу, ну а "Белая Русь" заўжды пад рукою:) Так ці іначай, добра змазаная адміністрацыйная машына забясьпечыць вынікі як у аптэцы.

Таму можна зрабіць шырокі жэст: маўляў, хай сабе прысылаюць з-за мяжы колькі заўгодна назіральнікаў! Галоўнае вырашаецца лятэнтна. Ну а візуальна на участках будзе ўсё ў ажуры, камар дзюбы не падаткне.

Тытульная апазыцыя, адчуваючы асуджанасьць, рыхтуецца да новай кампаніі млява, інэрцыйна. Так і ня ўтрэсьлі дасюль даўно абяцаны сьпіс кандыдатаў ад АДС паводле прынцыпу "адзін кандыдат — адна акруга". Ня кажучы ўжо пра распрацоўку адзінай стратэгіі, стылістыкі, мэсыджу электарату і г.д. Дый ня ўсе апазыцыянэры згодныя гуляць паводле правілаў АДС. У Статкевіча, Мілінкевіча, каго-кольвек яшчэ — свае сцэнары (на сёньня ня надта выразныя).

Пакуль выглядае даволі імаверным, што паўторыцца сюжэт леташніх мясцовых выбараў, калі былі дэкляраваныя прыгожыя пляны скаардынаваных дзеяньняў, а потым атрымалася "хто ў лес, а хто па дровы". Канчаткова сапсавала справу ідэя "два ў адным": памятаеце, перадвыбарчую агітацыю тады вырашылі сумясьціць са зборам подпісаў дзеля вылучэньня на чарговы кангрэс АДС — і ў выніку пытаньні "ўнутрывідавай барацьбы" засланілі ўсё астатняе.

Зараз у апазыцыі таксама не праглядаецца моцнай ідэалёгіі кампаніі, бачаньня яе як нейкага зьвяна ў паліттэхналягічным ланцугу. Ва ўлады ж, як ні дзіўна, ідэалёгія ёсьць. Як трапна выказаўся ў гутарцы са мной палітоляг Віктар Чарноў, гэта — "імітацыя легітымацыі". Зь ягоных слоў, сёньня няма ні вонкавых, ні ўнутраных чыньнікаў, каб змусіць уладу да нейкай лібэралізацыі выбарчага заканадаўства ды электаральнай практыкі.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ

0
Гарлівы / Адказаць
29.01.2008 / 17:52
адзіны спосаб, у які можна было б ужыць кампанію - гэта праз групы ціску па пэўных канкрэтных праблемах у канкрэтных акругах. Г.зн. праз працу з праўладнымі кандыдатамі, чыста каб набіць руку і быць у курсе спраў. А так-то - ну, няма паліт. жыцця, а што зробіш? Ёсць пэўная група людзей, якая ў свой час абрала стратэгію "як спадабацца сусветнай гуманітарнай тусоўцы", а на рэальную павестку дня "забіла". Насамрэч, гэта на многія дзесяцігоддзі. Але каб не атрымалася так, што ўва ўсіім свеце партыя ўлады замацуецца вельмі надоўга. Гіперспажывальніцтва гэтага патрабуе, як колісь у Рымскай імперыі. Што, не пішуць пра гэта ў падручнікахз паліталогіі?
0
Адлеглы / Адказаць
29.01.2008 / 18:13
А адкуль, і галоўнае *навошта*, быць у нас палітычнаму жыцьцю, калі ў нашай сыстэме партыі пазбаўлены нейкага месца і ролі ў працэсе вызначэньні палітыкі на любым узроўні? І кандыдатаў у выбарныя ворганы ім правесьці не дапусьцяць, ды і выбарныя тыя ворганы - мала што вырашаюць. Дык якая тады можа быць, увогуле, *мэта* ў партыйным палітычным жыцьці? Я бы на месцы нашых партый даўно распусьціўся, бо ў Беларусі няма больш для іх сэнса існаваньня і ўвогуле месца ў палітычным жыцьці.
0
Руды Тамаш / Адказаць
29.01.2008 / 18:38
Ад сябе як выбаршчыка з пэўнымі інтарэсамі скажу адно. Той палітык, хто патрапіць знізіць падаходны падатак хаця б на 5%, будзе мець маю падтрымку і доўгую ўдзячнасць, хай ён дамагаецца гэтага хоць лізаннем дуп у Адміністрацыі. Мне з ім не цалавацца, а што палітыка - брудная справа, я і так ведаю. Той жа, хто з парогу мне пачне расказваць, як кепска мы жывем пры антынародным рэжыме і далей па спісу, будзе адразу пасланы далёка.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру