Ці патрэбна беларусу Сарбона?.. Артыкул Ірыны Шаблоўскай з такой назвай зьявіўся на пачатку 1990‑х і выклікаў шырокі рэзананс. Спадарыня Ірына даводзіла ў ім, што нацыя, пазбаўленая элітарнай адукацыі на роднай мове, не кіруецца ў бок нацыянальных інтарэсаў. Пісала пра пасярэдніцкую, але замяшчальную функцыю расейскай мовы пры вывучэньні твораў замежнай літаратуры, пра неабходнасьць беларускага перакладу сусьветнай клясыкі, пра небясьпеку як замежжацэнтрычнасьці, так і местачковасьці нацыянальнай адукацыі.

Задума кніжкі, у якую ўвайшоў згаданы артыкул, высьпела на пачатку 2001 г. «Ну хто, скажы, будзе шукаць якую газэту ці зборнік тэзісаў, каб прачытаць мой даклад ці артыкул? — усьміхалася спадарыня Ірына. — А тут табе ў адной кніжцы і рэцэпцыя, і ваенны раман, і драма абсурду і цэлая нізка артыкулаў па чэскай літаратуры». На працягу году акрэсьлівалася кампазыцыя з чатырох разьдзелаў: «Рэцэпцыя», «Тыпалёгія», «Кантакты», «Постаці», але праца над кнігай спынілася амаль на два гады, калі спадарыня Ірына паехала выкладаць славістыку ва ўнівэрсытэце Гранады ў Гішпаніі. Вярнуўшыся, аўтарка зноў узялася за справу. Яна сьпяшалася, бо ведала пра тое, пра што калегі пачалі здагадвацца значна пазьней. 25 сакавіка 2004 г. Ірыны Шаблоўскай ня стала. Яна сышла ціха, да апошняга моманту хаваючы сваю хваробу. Сышла, так і не пабачыўшы кніжкі, пра якую марыла.

Ірына Шаблоўская. Сусветная літаратура ў беларускай прасторы: Рэцэпцыя. Тыпалогія. Кантакты. — Менск: «Радыёла‑Плюс», 2007

У першым разьдзеле аналізуюцца і творы замежнай літаратуры, а таксама іх беларуская рэцэпцыя. Так, дасьледаваньне сэмантыкі шляхецкай сядзібы ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» нітуецца з разважаньнямі пра ролю культурнай прасторы ў жыцьцi нацый. І найперш — сядзiб, засьценкаў, маёнткаў, замкаў, палацаў, паркаў. «Нельга абмiнуць старыя лiпы, дубы, вербы, зарослыя сажалкi. Нават падсьвядома абуджаюць яны памяць продкаў. Яны — пункцiр мiнуўшчыны, азначэньне таго, што тут было i што неабходна вярнуць. Гэта — наш беларускi Парфэнон i наша беларуская Троя».

Практычна ў кожным артыкуле напаткаем адчуваньне асабістай далучанасьці аўтара да таго, што адбываецца ў сьвеце, да таго, з чаго пасьля складваецца Вялікая Гісторыя. У адным са выступленьняў, ня ўключаным у кнігу, аўтарка разважае аб праскім Скарыну — тэме вельмі дарагой для Ірыны Шаблоўскай: «…шлях да Скарыны яшчэ далёкi. Ад садкоў i школ павiнны ведаць жыхары этнiчных беларускiх земляў, хто такi Скарына. …Калi кожны турыст, якi прыедзе зь Беларусi ў Прагу, прыйдзе да помнiка свайму суайчыньнiку, пакладзе кветачку, тады адродзiцца Беларусь, яе культура. Гэта наша палiтыка так званых «малых спраў», якую прапанаваў свайму народу першы чэскi прэзыдэнт Масарык». Мне вельмі б хацелася, каб гэтыя словы прачыталі тыя, па чыіх шматлікіх просьбах быў перайменаваны галоўны сталічны праспэкт.

Адметнае і супольнае ў нацыянальнай і замежных літаратурах дасьледуецца ў другім разьдзеле, які адкрывае артыкул, прысьвечаны фэномэну зямлі ў Фолкнэра і Коласа, своеасаблівасьці іхных мастацкіх унівэрсумаў. Некалькі матэрыялаў гэтага разьдзелу прысьвечаныя тыпалягічнаму вывучэньню ваеннай прозы (магістральнай тэме для ўсёй дасьледніцкай дзейнасьці аўтаркі), а таксама драме абсурду.

Разьдзел «Кантакты» цалкам зьнітаваны з чэскай літаратурай. Аўтарка захапляецца жыхарамі Прагі, што здолелі захаваць свой горад: «Па Празе я хаджу нямой ад захапленьня перад людзьмі, якія не разбурылі ніводнага старога слупа ці падмурка, нават калі ён замінаў бачыць рэнэсансныя формы, ніводнага дома, якім бы нязграбным ён ні здаваўся, не зруйнавалі старыя могілкі. Я вырасла ў горадзе, ушчэнт разбураным у гады вайны, а потым на маіх вачах, ужо пасьля вайны, але ваеннымі сродкамі зрушылі вежы катэдры, дзе бралі шлюб мае бацькі, разбуралі старую Нямігу, па якой я на працягу дзесяці год хадзіла ў школу, дамы, дзе жылі мае школьныя сябры, дзе захоўвалася наасфэра старога Менску…»

Разглядаючы раман М. Кундэры «Нясьпешнасьць», Ірына Вікенцьеўна запрашае чытача нясьпешна прайсьціся па менскіх вулках. «Пакута чытаць «Нясьпешнасьць», — пагаджаецца яна зь нядбайнымі чытачамі,— калi нясуцца iншамаркi, цягнiкi. Сьпяшаецца людзкi маналiт, асаблiва небясьпечны ў гадзiны пiк на буйных перакрыжаваньнях. Адштурхнуць, адцiснуць, адсунуць i прабачэньня не папросяць… Няма калi… Хуткасьцi ў канцы нашага стагодзьдзя — цi не галоўная яго прыкмета? Усяго за сто гадоў колькi чалавецтва займела, каб пераадолець Нясьпешнасьць… Адчуваю на сабе, як дзень скарачаецца няўмольна, а тут трэба бегчы ў бiблiятэку чытаць «Нясьпешнасьць». Чытаць Ня Сьпешна».

Адарвемся і мы ад імклівай штодзённасьці і нясьпешна, старонка за старонкай будзем чытаць кнігу Ірыны Шаблоўскай. Слова за словам. Бо чалавек жыве сваім Словам. Гэта яе голас зь Вечнасьці. Ад Ірыны Шаблоўскай пачатак…

Ганна Бутырчык


Ірына Шаблоўская (1939—2004) - першы ў Беларусі доктар філялягічных навук па замежнай літаратуры,
прафэсар, больш як 20 год загадчык катэдры замежнай літ-ры БДУ, багеміст, перакладчык з чэскай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0