Зыгмунд Фройд – рэдакцыі газэты «Наша Ніва»

Шаноўныя паны!

Прапаную прысьвяціць вашу новую газэту справе шчырага служэньня прынцыпам псыхааналізу і ідэям неўсьвядомленых комплексаў ды перайначыць выданьне ў «Наша Віна».

Ваш Зігі, 1906 год, у Вене

Галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Ўласаў – Зыгмунду Фройду

Шаноўны пан!

Учора я меў сон: быццам бы тэлефануюць мне на мабільнік і паведамляюць, што нашу газэту выкрасьлілі са сьпіскаў Белсаюздруку, і мы цяпер вымушаныя распаўсюджвацца праз інтэрнэт. Ці ня мелі б вы ласкі як аўтар «Тлумачэньня сноў» растлумачыць мне, што азначае гэты сон і што такое, у прыватнасьці, «мабільнік» ды «Белсаюздрук» і чаму мы, здаровыя беларускія дзецюкі, мусім распаўсюджвацца праз гэты інтэрнэт?

ваш Уласаў, 1906 год, у Вільні

Капітан браняносца «Пацёмкін» – Зыгмунду Фройду

Шаноўны пан!

Будзеце заляцацца да маёй жонкі ў Бадэн-Бадэне – прыйду з хлопцамі па Дунаі ў Вену – нос адкушу.

Ваша сьмерць, у Адэсе

Імпэратар Аўстра-Вугорскае імпэрыі Франц-Язэп І – імпэратару Расейскае імпэрыі Мікалаю ІІ

Мыкола!

Не забудзь павіншаваць дзядзьку Эдзіка зь Лёндану з 65-годзьдзем. Дарэчы, ён пытаецца, ці не патрэбны табе слон для заапарку – яму якраз падагналі адзін сымпатычны табун з індыйскіх калёніяў.

Твой Франак, у венскім крэсьле

Слон зь лёнданскага заапарку – чэмпіёну сьвету па шахматах Ласкеру

Шаноўны пан!

У сувязі зь неадвалочнымі справамі ў Санкт-Пецярбургу вымушаны адмовіцца ад гонару быць фігурай у вашым матчы за званьне чэмпіёна сьвету.

Ваш С., у Лёндане

Зыгмунд Фройд – рэдакцыі газэты «Наша Ніва»

Айн-айн... Цвай-цвай... (праверка асадкі).

Шаноўныя паны!

Дазвольце мне засяродзіцца яшчэ на адным аспэкце маёй тэорыі. Зараз мова пойдзе аб інфантыльных пагрозах смаркатых гістэрыкаў, у прыватнасьці, іхніх грозьбах адкусіць нос псыхааналітыку. Падобныя пагрозы вылучаюцца прымітывізмам стылю і дэбілізмам зьместу. Гэта яскравы прыклад таго, што мы, псыхааналітыкі, называем Эдзікаў комплекс, карані якога хаваюцца ў хлапечым страху перад магутнай сілай бацькі, які проста можа адкруціць мазгаўню.

У процівагу такім нямоглым гістэрыкам мова сапраўднага мужчыны, мачоіста, агрэсара, праўдзівага гіганта характарызуецца вытанчанасьцю і далікатнай узьнёсласьцю.

Дадамо шчэ’, што такі ўльтыматыўны асілак у сваім пісьме почасту выкарыстоўвае ласкава-памяншальныя формы.

У Бадэн-Бадэне

Янка Купала – рэдакцыі газэты «Наша Ніва»

Прывітаньніца, шаноўненькія паночкі!..

Галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Ўласаў – Янку Купалу

Шаноўны пан!

Ваш верш «Мужык» мы атрымалі. Дзяк.

Ваш Уласаў, у Вільні

Будучы дзядуля Боба Марлі – будучай бабулі Боба Марлі

Вось, Кацярына, ты пішаш мне ліст: «Давай уцячэм, любы мой, гэй, хутчэй на Ямайку». О-о! Ну, як я магу кінуць-рынуць усё ды паехаць-пайсьці на Ямайку? Гэй, там, бадай, табакі няма, мама, ня маюць яе ў сябе там яны на Ямайцы. О-е! Як я буду хадзіць-лятуціцца бяз шчопця табакі? Як жа буду пад сонцам блукаць, Каця-Кацечка, гэй, пад сонцам сьпякотным, ой-ё, без табакі? Ты ж ведаеш поцяг мой, мой моцны поцяг да сьпеваў і табакі. Але на Ямайцы тубыльцы ў цямрэчы ня знаюць, ня вучаць, як песьні сьпяваць, ты чуеш, няма песень там на Ямайцы. Ня вучаць, ня хочуць, нямыя, як пальцы, усе як адзін на Ямайцы.

О-е!

Твой Ігнат Бінт

Павал Касьцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0