Гістарычны цэнтр Мінска неабходна аснасціць інтэрактыўнымі экранамі. Аб гэтым заявіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац сёння на аператыўнай нарадзе.

«Жыхары і госці сталіцы павінны арыентавацца ў гістарычным цэнтры Мінска. Для гэтага ў цэнтры неабходна ўстанавіць інтэрактыўныя экраны, з дапамогай якіх можна будзе ўбачыць, дзе размяшчаюцца музеі, галерэі, аб'екты грамадскага харчавання, крамы з сувенірамі і гэтак далей», - сказаў Андрэй Шорац.

У склад гістарычнага цэнтра горада ўваходзяць Ракаўскае і Троіцкае прадмесці, Верхні горад і прылеглыя да яго кварталы, Мінскае замчышча. На тэрыторыі гістарычнага цэнтра выканана рэканструкцыя і рэстаўрацыя 96 аб'ектаў. У 2014 годзе на тэрыторыі Верхняга горада з'явіліся скульптуры «Войт» і «Гарадскія шалі».

Сёлета тут плануецца ўстанавіць скульптуру ў гонар 500-годдзя з'яўлення на водах ракі Свіслач абраза Божай Маці і помнік кампазітару Станіславу Манюшку.

У цэлым у 2015 годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю Верхняга горада.

Як расказаў дырэктар КУП «Мінская спадчына» Павел Шыкунец, на тэрыторыі квартала за кошт сродкаў інвестараў ажыццяўляецца забудова правага боку вуліцы Гандлёвай, на якой будуць размяшчацца два гасцінічныя комплексы, выставачна-дзелавы цэнтр, аб'екты грамадска-гандлёвага прызначэння. У бягучым годзе будзе завершана рэканструкцыя будынкаў нумароў 31 і 33 па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе размесцяцца аб'екты грамадскага харчавання і грамадска-бытавога прызначэння.

На тэрыторыі Ракаўскага прадмесця вядуцца работы па рэканструкцыі будынка па вуліцы Ракаўскай, 14, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па аднаўленні будынкаў па вуліцы Вызвалення. На тэрыторыі былога хлебазавода #1 з'явіцца шматфункцыянальны комплекс грамадскага прызначэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?