Некалькі дзён таму мастак Уладзімір Крукоўскі заявіў пра свой намер падаць у суд на пісьменніка Алеся Плотку і мастачку Юлію Галавіну за пераробку «Пагоні» ў «Вершніцу» і парушэнне аўтарскіх правоў на эталон герба «Пагоня». 

Яўген Кулік (1937—2002) не можа выказаць стаўленне да сітуацыі вакол «Пагоні». Таму «Наша Ніва» распытала сястру мастака Тамару Мінкевіч, што яна думае пра абарону «Пагоні» ў судзе.

Малодшая сястра Яўгена Куліка Тамара Мінкевіч. Фота Сяргея Гудзіліна. 

Малодшая сястра Яўгена Куліка Тамара Мінкевіч. Фота Сяргея Гудзіліна. 

«НН»: Вы — спадкаемца творчых набыткаў Яўгена Куліка. Як Вы ставіцеся да тых падзеяў, што цяпер актыўна абмяркоўваюцца вакол эталона герба «Пагоні» – варыяцыі з жанчынай на кані?..

Тамара Мінкевіч: У цяперашняй Беларусі так мала мужных мужчын і так шмат незалежных, дзейных жанчын, што вобраз дзяўчыны-рыцара, абаронцы Айчыны, падаецца мне цалкам натуральным. Нічога благога ў такой папулярызацыі нашых нацыянальных сімвалаў асабіста я не бачу. Моладзі гэта падабаецца — і добра. Галоўнае — не пераступаць мяжу прыстойнасці.

Леанід Шчамялёў. «Партрэт мастака Яўгена Куліка». 

Леанід Шчамялёў. «Партрэт мастака Яўгена Куліка». 

«НН»: Як бы, на Вашу думку, паставіўся да гэтага Яўген Кулік?

ТМ: Цяжка адказаць на гэта пытанне. У адным я ўпэўненая: у суд ён гэтых маладых людзей не пацягнуў бы.

«НН»: Зянон Пазняк называе Яўгена Куліка адзіным аўтарам эталона. Што Вы пра гэта можаце сказаць?

ТМ: Я думаю, што Пазняк лепш чым хто ведае гісторыю стварэння эталона, бо ён сам курыраваў тую працу. І я ніколі не сумнявалася ў праўдзівасці гэтага чалавека.

Яўгену шмат хто спрыяў — парадамі, кансультацыямі, тэхнічнай дапамогай. Гэта і мастакі, і мастацтвазнаўцы, і гісторыкі, і археолагі: Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі, Аляксей Марачкін, Пётра Драчоў, дый сам Зянон Пазьняк. Яўген быў вельмі ўдзячны ім. Але гэта была яго творчая праца.

Раскажу пра адзін эпізод, які мяне калісьці моцна ўразіў (я, дарэчы, расказваю гэта ўпершыню).

Аднаго разу, гадоў 20 таму, я зайшла да брата ў майстэрню. Яўген быў вельмі ўсхваляваны і засмучаны. Я спыталася, што здарылася. А перад ім ляжала публікацыя пра тое, што эталон стварылі Крукоўскі і Кулік. «Сястрыца, павер мне, тут адсоткаў дзевяноста маёй працы», — дрыготкім голасам вымавіў ён і закрыў твар рукамі.

Фатаздымак Яўгена Куліка. Фота Сяргея Гудзіліна. 

Фатаздымак Яўгена Куліка. Фота Сяргея Гудзіліна. 

«НН»: Чаму ён тады не заявіў публічна, як было ў сапраўднасці?

ТМ: Грамадскія інтарэсы Яўген заўсёды ставіў вышэй за асабістыя. Беларушчына была зместам яго жыцця. І ён не хацеў, каб вакол гэтай святой справы былі нейкія звадкі. Вельмі балюча перажываў, бо Крукоўскі быў яго сябрам.

Яўген Кулік нясе «Пагоню». Скульптура Льва Гумілеўскага.

Яўген Кулік нясе «Пагоню». Скульптура Льва Гумілеўскага.

«НН»: Але ж у ягоным архіве павінны былі застацца нейкія накіды, эскізы, папярэднія варыянты эталона?

ТМ: Мой брат быў чалавекам вельмі акуратным. Гэтыя матэрыялы ён захоўваў у асобнай тэчцы. Калі брат памёр, клопат па захаванні ягоных твораў, бібліятэкі і архіву часова ўзяў на сябе блізкі сябар Яўгена Віктар Маркавец — тады ўсе мы спадзяваліся на стварэнне ў недалёкай перспектыве мемарыяльнай майстэрні. Ужо пасля смерці Віктара я даведалася, што некалькі гадоў таму тэчку з «Пагоняй» забраў Крукоўскі. На маё патрабаванне ён вярнуў яе. Але ці ўсе матэрыялы там засталіся, ці не — я, на жаль, дакладна сказаць не магу.

* * *

Даведка «НН»: Тамара Мінкевіч (нарадзілася ў 1944 годзе, жыве ў Мінску. Тамара прафесійны хімік-навуковец. Больш за паўстагоддзя працавала ў Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?