Фота Андрэя Ігнатчыка.

Фота Андрэя Ігнатчыка.

У падмётных лістах, разасланых у беларускія СМІ, ананімы называлі Ігара Шчакарэвіча хросным бацькам беларускага добраахвотніцкага атрада «Пагоня», што ваяваў у Данбасе. Мы сустрэліся з Ігарам у Кіеве.

Карупцыйныя схемы, стажыроўкі, камітэт

— Для пачатку класічнае пытанне: што чуваць?

— Усё добра. Знаходжуся ў Кіеве. Наша арганізацыя – Цэнтр дэмакратыі «Новая Еўропа» распачала сваю працу. Маем офіс, супрацоўнікаў, планы. Галоўнае, што я адчуваю сябе на сваім месцы ва Украіне.

— Цябе тут на днях абралі членам Грамадскай рады пры камітэце Вярхоўнай Рады Украіны па замежных справах. Гэта што такое?

— Гэта такі кансультатыўна-дарадчы орган. Ва Украіне яшчэ ў 2010 годзе Кабінет Міністраў прыняў пастанову пра стварэнне грамадскіх радаў пры органах улады розных узроўняў. Грамадскія рады павінны наглядаць за законнасцю дзейнасці органаў улады, дапамагаць у выяўленні карупцыйных схем — ва Украіне гэта актуальная праблема. Па-другое, яны павінны прадстаўляць органам улады прапановы ад грамадскасці па розных пытаннях. Раней пры камітэце па замежных справах грамадскай рады не было. Нашу раду толькі два тыдні таму выбралі, у нас яшчэ не было паседжанняў, таму пакуль не магу дакладна расказаць, што там і як адбываецца.

Задача рады па кантролі за дзейнасцю камітэта ў нашым выпадку адпадае. Бо ніякіх карупцыйных спраў у камітэце замежных спраў не можа быць – гэта не тая сфера. Дарэчы, трапіць на паседжанне камітэта няцяжка і звычайнаму грамадзяніну. Нават я, грамадзянін іншай краіны, нават калі яшчэ не быў членам Грамадскай рады, ужо два разы прысутнічаў на паседжаннях камітэта. Нашу раду прапанаваў стварыць былы міністр замежных спраў Украіны Барыс Іванавіч Тарасюк дзеля таго, каб яна дапамагала працы камітэта сваімі прапановамі.

Для мяне удзел у Грамадскай радзе будзе практычнай школай, дзе я магу атрымаць веды ў сферы міжнародных адносін і замежнай палітыкі ад аксакалаў дыпламатыі.

— Як ты туды трапіў увогуле?

— Гэтая структура складаецца з даволі значных асобаў. Напрыклад, двое былых міністраў замежных спраў – ужо ўзгаданы Барыс Іванавіч Тарасюк і Уладзімір Станіслававіч Агрызка, кіраўнік апарата прэм’ер-міністра Андрэй Іванавіч Заяц, палітыкі і дыпламаты розных узроўняў. Але ў той жа час ёсць прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый. Я трапіў у раду як прадстаўнік такой арганізацыі.

— З гэтага месца падрабязней, калі ласка. Чым канкрэтна займаецца Цэнтр дэмакратыі «Новая Еўропа»?

— Арганізацыя была створана ў пачатку гэтага года. У яе назіральную раду ўвайшлі такія вядомыя людзі, як [экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі] Алесь Міхалевіч, намеснік мэра Цярнопаля Уладзіслаў Стымкоўскі, дэпутат Вярхоўнай Рады Ігар Гузь ды іншыя грамадскія дзеячы і палітыкі. Цяпер у мяне ёсць тры ідэі па праектах, накіраваных на Беларусь. Першая – гэта стажыроўка прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і НДА ў Вярхоўнай Радзе. Другая – гэта стажыроўкі ў грамадскіх арганізацыях Украіны іх беларускіх калег. Грамадскі сектар ва Украіне значна больш развіты, чым у Беларусі. Трэцяя ідэя – стажыроўкі ў органах самакіравання Валынскай вобласці Украіны для беларусаў, якія ў будучыні плануюць працаваць у адпаведных структурах дэмакратычнай Беларусі.

— Можаш апісаць свой звычайны дзень?

— Устаю а 8-й, а 9-й я ўжо на працы. У нас адбываецца невялікая планёрка, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні. Пазней у мяне звычайна запланаваныя сустрэчы. Працуюць у нашай арганізацыі 4 чалавекі. Заканчваю працу не пазней за 19-ю гадзіну. У мяне такі погляд на працу, што яна павінна заўжды мець нейкія часавыя рамкі. Бо калі ты можаш сядзець на працы да позняга часу, дзень атрымліваецца расцягнуты і эфектыўнасць тваёй працы ў наступны дзень змяншаецца.

Ігар Шчакарэвіч дае інтэрв'ю папулярнай журналістцы з «Белсата» Валярыне Куставай. Фота Андрэя Ігнатчыка.

Ігар Шчакарэвіч дае інтэрв'ю папулярнай журналістцы з «Белсата» Валярыне Куставай. Фота Андрэя Ігнатчыка.

— Пытанне ў лоб – «за чей счёт банкет»?

— Хм. Добрае пытанне. Мы маем падтрымку ад людзей, якія знаходзяцца ў радзе арганізацыі. Пачэсным кіраўніком нашага цэнтру з’яўляецца Ігар Гузь – дэпутат Вярхоўнай Рады ад Валыні. Але гэта не значыць, што арганізацыя жыве за яго грошы. Ён аказвае нам арганізацыйную падтрымку – напрыклад, дапамог знайсці нам гэты офіс. А так мы займаемся праектнай дзейнасцю, адкуль і маем фінансаванне.

— Тады пытанне, якое многія, думаю. сабе задавалі: Ці мае Ігар Шчэкарэвіч дачыненне да атрада «Пагоня» і якое?

— Без каментароў.

Чэ Гевара, Каліноўскі, Захарчанка

— Як ты апынуўся ва Украіне?

— Прыехаў сюды каля году таму, калі тут адбываліся рэвалюцыйныя падзеі. Да гэтага жыў у Польшчы. Першы раз я прыехаў сюды на Аранжавую рэвалюцыю і жыў тут два гады з 2004 па 2006. Пасля адкрылася праграма Каліноўскага, я быў у першым наборы. Адвучыўся ва ўніверсітэце ў Беластоку і пасля жыў у Варшаве.

Ва Украіне я раней працаваў: браў удзел у выбарчых кампаніях на кіраўнічых пасадах падчас прэзідэнцкіх выбараў (у адным з валынскіх абласных штабоў адной з дэмакратычных партый) і падчас парламенцкіх выбараў аднаго з кандыдатаў. Выбары прайшлі для нас паспяхова, пасля ў мяне з’явілася магчымасць пераехаць у Кіеў, якой я скарыстаўся.

— Ды ты беларускі Чэ Гевара нейкі!

— Чэ Гевара трохі іншай дзейнасцю займаўся – я з аўтаматам па лясах не бегаю, а сяджу ў офісе [смяецца]. Ну і ён прытрымліваўся ўсё-такі левых поглядаў.

— Цяпер, праз пэўны час, ты можаш сказаць, што чаканні ўдзельнікаў Майдану спраўдзіліся?

— Тут пытанне вельмі складанае. Ніхто не мог сказаць, што будзе «аджаты» Крым, што пачнецца вайна на ўсходзе. Але гэта вайна пачалася б калі не цяпер, то праз пару год. Да гэтага ўсё ішло – шмат гадоў здраднікі ўнутры краіны мэтанакіравана развальвалі ўкраінскае войска, Расія сістэматычна рыхтавалася да падзеяў у Крыме. Калі б гэта не адбылося цяпер, мела месца б праз пару год. Быў бы Майдан ці не – усё роўна гэта б адбылося. Зразумела, што Расія разлічвала запусціць такі сцэнар падчас наступных выбараў, а яны павінны былі быць праз два гады пасля Майдану. Таму для Украіны можа і добра, што гэта адбылося цяпер, а не праз два гады, калі б Расія была яшчэ больш падрыхтаванай.

Нягледзячы на арганізацыйнае бязладдзе ва Украіне, Пуцін у нейкі момант пабаяўся ісці далей за Данбас. Калі б ён гэта зрабіў, то змог бы захапіць палову краіны. Бо ва Украіне ў прынцыпе не было войска. Цяпер яно ствараецца з цяжкасцю, але яно яшчэ не створана да такой ступені, каб адваяваць акупаваныя тэрыторыі.

— На тваю думку, канфлікт працягнецца?

— Вядома, працягнецца. Ні адзін з бакоў не дасягнуў таго, чаго хацеў. Украінская ўлада не можа спыніцца і пакінуць акупаваную тэрыторыю хаця б таму, што гэтага не зразумее электарат. Калі Парашэнка спыніцца і «аддасць» захопленую тэрыторыю Расіі, ён палітычны труп. Таксама частка ўкраінскай ўлады здае сабе справу, што з Расіяй дамаўляцца бессэнсоўна і таму трэба рыхтавацца да вайны. З другога боку, тэрарысты таксама не могуць спыніцца. Пуцін і хацеў бы вярнуць тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей у склад Украіны, але толькі пры ўмове, каб цяперашнія мясцовыя эліты – Платніцкі, Захарчанка і кампанія заставаліся надалей пры ўладзе і мелі ўплыў на падзеі ва Украіне. Як аргумент у лабіраванні гэтага пытання выкарыстоўваецца зброя. Пуцін хацеў бы гэта зрабіць таксама і таму, што эканоміка Данецкай і Луганскай абласцей цалкам разваленая. Лепш ускласці гэтую ношу на Украіну — Расіі яна не патрэбна. Плюс гэта будзе ўплываць на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ва Украіне, а на гэтым фоне можна будзе і актывізаваць захопніцкія дзеянні. Пуціну хочацца ўсёй Украіны, проста Данецк і Луганск з разваленай эканомікай яму непатрэбны. Не абавязкова гэта будзе адкрытая акупацыя – дастаткова, каб краінай ізноў пачалі кіраваць прарасійскія эліты.

— Твой цэнтр называецца «Новая Еўропа». Як па-твойму, для Украіны цяпер адчыненыя дзверы ў Еўрасаюз і НАТА?

— Што датычыць НАТА, то акрамя ўсіх шматлікіх патрабаванняў да ўступлення ў гэтую арганізацыю, туды не прымаюць краін, на тэрыторыі якіх вядзецца вайна. Што да Еўрасаюза, там ёсць дзяржавы, якія падтрымліваюць ідэю далучэння Украіны, а ёсць тыя, хто супраць. Супраць выступаюць у першую чаргу тыя краіны, у якіх Расія паспяхова лабіруе свае інтарэсы — Германія, Грэцыя.

Торкае, пасол, Марш Свабоды

— Пытанне да цябе як да беларуса. Як, на тваю думку, будзе развівацца сітуацыя ў нашай краіне ў бліжэйшы час?

— Цяпер аб гэтым у грамадстве ёсць дзве думкі. Першая, што Расія будзе спрабаваць зняць Лукашэнку, таму трэба яго падтрымліваць. Другая, што Лукашэнка ўсё роўна знаходзіцца пад кантролем Расіі, таму ніхто яго здымаць не будзе. Трэба глядзець, як будуць развівацца падзеі бліжэй да выбараў. Зараз пакуль нельга спрагназаваць, што будзе адбывацца. Калі мы ўзгадаем мінулыя выбары, мы можам прыгадаць тую інфармацыйную кампанію супраць Лукашэнкі, якая адбывалася ў расійскіх СМІ. Але Расія выкарыстала яе тады, каб выцягнуць з Лукашэнкі дадатковыя саступкі ў эканоміцы. Ці будзе разыгрывацца гэтая карта падчас гэтых выбараў, пакажа бліжэйшы час.

— Разглядаеш сваё вяртанне ў Беларусь? Што павінна для гэтага здарыцца?

— Сваё вяртанне я разглядаю ў першую чаргу таму, што лічу сябе беларусам і хачу жыць у Беларусі. Вяртанне зараз немагчымае з-за прычынаў, якія звязаныя з маёй папярэдняй грамадскай актыўнасцю.

Сучасны свет, асабліва ў апошнія гады, цалкам непрадказальны. Немагчыма спрагназаваць, што будзе ва Украіне, Расіі ці Беларусі. Нельга ведаць, як пачне сябе паводзіць Лукашэнка. Мне, вядома, хацелася б максімальна хутка вярнуцца ў Беларусь. Але як выйдзе — пабачым.

— Пытанне, якое я задаю ўсім людзям, якія дбаюць пра нашу нацыянальную ідэю. Як ты прыйшоў да гэтага? Што было штуршком?

— Штуршком быў Марш Свабоды 1999 года. Мы з сям’ёй глядзелі гэтыя падзеі, мне вельмі спадабалася тое, што там адбывалася [смяецца]. Мне тады было 15 год, для маладога арганізма гэта было вялікім імпульсам, я пачаў цікавіцца гэтай тэмай, чытаць газеты, кнігі.

…Украінцы заўсёды былі больш палітычна актыўнымі, чым беларусы. Але вось цяпер у Кіеве не бачна, што ў краіне адбываецца вайна. У грамадскім транспарце дзяўчаткі размаўляюць пра тое, што ў «Макдональдсе» кола падаражэла. І ты разумееш, што ёсць актыўная частка насельніцтва, якая перажывае за краіну і нешта робіць, а другая, значна большая частка, жыве сваім жыццём і, пакуль да іх не прыляціць снарад у акно, яны ні аб чым такім глабальным думаць не будуць. Менш актыўная частка жыла якраз на ўсходзе, ім і прыляцелі гэтыя снарады з «рускага свету», у якім вялікая іх частка так хацела жыць. Але трэба прызнаць, што нават нягледзячы на гэта, значная частка жыхароў Усходу краіны да гэтага часу хоча «быць з Расіяй».

Наконт Беларусі, то я баюся, што нашыя людзі могуць пачаць нешта разумець толькі тады, калі ім, як у Данецку ці Луганску, будуць у вокны ляцець снарады.

— Якая мэта тваёй цяперашняй дзейнасці? Што ты павінен зрабіць, каб адчуваць сябе задаволеным вынікам?

— Ёсць мая дзейнасць у арганізацыі, а ёсць і іншая актыўнасць. Напрыклад, я стараюся падняць тэму пасла Украіны ў Беларусі. Мы падаём дэпутацкі зварот да прэзідэнта, каб ён зняў гэтага пасла. Па-першае, ён рэгіянал, быў памочнікам Януковіча, калі той быў прэм’ерам. Ён абвінавачваецца ў развале ўкраінскага войска. Але мне ён яшчэ непрыемны тым, што калі ў Мінску на гадавіну Майдану затрымалі людзей, якія выйшлі гэта адсвяткаваць, ён сядзеў і моўчкі назіраў за гэтым, нават не выступіў з нейкай заявай.

Іншае пытанне — гэта вуліца Міхаіла Жызнеўскага ў Кіеве. Ёсць пэўная схема, па якой вырашаюцца такія пытанні, і мы цяпер працуем па ёй, каб паставіць пытанне па перайменаванне адной з вуліц перад Кіеўскай гарадской радай. Калі ў бліжэйшы час будзе зменены пасол Украіны ў Мінску, а адна з вуліц будзе названая ў гонар Міхаіла Жызнеўскага, я змагу сказаць, што ёсць канкрэтны эфект ад маёй працы.

Пікет беларусаў Кіева на Дзень Волі, 2015 год.

Пікет беларусаў Кіева на Дзень Волі, 2015 год.

Глядзі, Міхалок для прагрэсіўнай часткі ўкраінскай моладзі – гэта твар Беларусі. І дзякуючы яму нармальныя ўкраінцы лепей ставяцца да Беларусаў. Як і дзякуючы Міхаілу Жызнеўскаму і хлопцам, якія ваююць на ўсходзе. Гэта базіс нашых адносін на гады і дзесяцігоддзі.

— А што пасля 7-й вечара? Спорт, музыка, знакамітыя кіеўскія клубы, «Украінская з перцам»?

— Сустракаюся з сябрамі, баўлю час са сваёй дзяўчынай. Ці проста прыязджаю дадому і чытаю.

А выпіць… Я проста не аматар выпіць асабліва. Жыццё настолькі насычанае, што пытанне алкаголю адпадае. Калі ты займаешся справай, якая табе падабаецца…

— Цябе і так торкае?

— Так. І так прыемна жыць у гэтым свеце. Не трэба нейкія іншыя стымулятары, каб сябе добра адчуваць.

- Ты ўзгадаў сваю дзяўчыну. Хто яна?

— Яна ўкраінка, я моцна кахаю яе. Ты, я думаю, бачыў у Facebook фота з ёй. Ты яго яшчэ лайкнуў, калі я не памыляюся [смяецца].

— Вяселле калі?

— Не ведаю пакуль. Калі будзем гатовыя, тады і пажэнімся.

— Уяві сабе, што твая дзяўчына гэтага не прачытае і пабудзь трохі аб’ектыўным. Усе кажуць, што славянскія дзяўчаты найхарашэйшыя. Ты жыў у Беларусі, Украіне і Польшчы. Дзе ўсё-такі дзяўчаты прыгажэйшыя?

— Я да апошняга часу думаў, што найлепшыя ўсё-такі беларускі. У мяне было жаданне ажаніцца з беларускай. Але так выйшла, што я цяпер кахаю ўкраінку. Таму і не магу быць зараз аб’ектыўным [смяецца].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?