30.01.2008 / 10:11

Памёр Кастусь Акула дадаўся артыкул Уладзімера Арлова 11

Ён быў адным з заснавальнікаў беларускага грамадзкага жыцьця ў Канадзе.


Кастусь Акула

У Таронта (правінцыя Антарыё, Канада) памёр грамадзкі дзеяч, пісьменьнік Кастусь Акула.

Кастусь Акула (да эміграцыі Аляксандар Качан) нарадзіўся 16 лістапада 1925 г. у Верацеях Дзісенскага пав. (сёньня Докшыцкі р‑н Віцебскай вобл.). Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, у чэрвені 1944 г. паступіў у Менскую афіцэрскую школу БКА.

Зь лета 1944 г. на эміграцыі. Пазьней ваяваў у складзе 2‑га Польскага корпусу брытанскай арміі.

У 1946—1947 гг. жыў у Англіі. У чэрвені 1947 г. пераехаў у Канаду, напачатку жыў у горадзе Ашава, быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынём. Потым пераехаў у Таронта, належаў да ЗБК, адзін з актывістаў парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, належаў да лягеру прыхільнікаў Рады БНР.

Заснаваў першае ў Паўночнай Амэрыцы выданьне на беларускай мове ‑‑ газэту «Беларускі Эмігрант» (1948‑‑1954), у 1974‑‑1997 гг. выдаваў часопіс «Зважай».

Аўтар некалькіх кніг і аповесьцяў, у тым ліку аўтабіяграфічнага раману «Змагарныя дарогі», які вытрымаў два перавыданьні.

Ул. інф.

***

29 студзеня ў Таронта памёр вядомы літаратар і грамадзкі дзеяч, ганаровы сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН‑цэнтру Кастусь Акула

Кастусь Акула быў для мяне адным з увасабленьняў нашай эміграцыі — той, якая, на паўстагодзьдзя адарваная ад Бацькаўшчыны, захоўвала мову, культуру, незалежніцкія ідэі.

Наша знаёмства са спадаром Кастусём пачалося ў сярэдзіне 1980‑х, калі да маіх рук патрапілі ягоная канадыйская кніжка «Ўсякая ўсячына», а неўзабаве і колькі нумароў часопісу «Зважай», які Акула больш за дваццаць гадоў выдаваў у Таронта. З тых нумароў можна было даведацца тое, аб чым нашая прэса яшчэ доўга маўчала:пра лёс беларускага дысыдэнта Міхала Кукабакі, які адкрыта пратэставаў супроць агрэсіі 1968 году ў Чэхаславаччыну, або пра колькасьць вайсковых базаў зь ядзернай зброяй, якімі была нашпігаваная Беларусь.

Уяўленьне малявала Акулу асобаю легендарнай. Досыць згадаць пра ягоную акцыю, што адбылася ў 1967‑м у дзень Савецкага Саюзу на ўсясьветнай выставе «Экспа‑67» у Манрэалі. Эміграцыйная газэта «Новое Русское Слово» пісала тады: «Тысячы людзей сачылі за першым намесьнікам Касыгіна — Палянскім, які рабіў агляд ганаровай варты, калі з боку сэкцыі прэсы пачуўся моцны голас «Freedom for Belarus! Няхай жыве незалежная Беларусь!» Адначасова адтуль паляцелі ўгору сотні брашур. Паліцэйскія схапілі чалавека, які крычаў, і заціснулі яму рот. Гэта быў беларускі пісьменьнік Кастусь Акула»…

Завочнае знаёмства з Акулам атрымала працяг улетку 1992 г., калі ён зноў ступіў на родную зямлю. Мы знаёміліся бліжэй і на шумных палітычных мітынгах, і на ціхіх вуліцах майго роднага Полацку, ля сьценаў Сафійскага сабору, каля магілы Янкі Журбы, на Ксавэраўскіх могілках, у Спаса‑Эўфрасіньнеўскім манастыры…

Кастусь Акула (ад нараджэньня Аляксандар Качан) прыйшоў на сьвет 16 лістапада 1925 году ў заходнебеларускай вёсцы Верацеі, што цяпер у Докшыцкім раёне. Бацькі — Ігнат і Паўліна — мелі, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей і да 12 гектараў ворнай зямлі. Кастусь вучыўся сьпярша ў пачатковай польскай школцы, а пасьля — у савецкай. У час нацысцкай акупацыі скончыў у Глыбокім шасьцімесяцовыя настаўніцкія курсы і паспытаў хлеба вясковага настаўніка. Увосень 1943 году здаў іспыты ў апошнюю восьмую клясу Віленскай беларускай гімназіі, але скончыць яе не пашчасьціла: падчас адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязьніцы і месяцам канцлягеру.

У чэрвені 1944 ён паступіў добраахвотнікам у Менскую школу камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны, якая афіцыйна так і не пасьпела адкрыцца. Чыгуначныя эшалёны, бамбаваньні, пешыя маршы па дарогах Эўропы. Пры канцы жніўня школа арганізавана перайшла да францускіх партызанаў. Кастусь уступіў у 8‑ю брытанскую армію ў Італіі, браў удзел у баях з гітлераўцамі на Апэнінскай паўвысьпе, памяткаю пра што засталіся ўзнагароды — ангельскі «Мэдаль за вайну» і «Зорка Італіі».

Вяртаньне на радзіму абяцала няволю ў ГУЛАГу (там загінуў бацька пісьменьніка). Жыцьцё ў вольным сьвеце пачалося з польскай вайсковай школы ў Ангельшчыне. Пераехаўшы ў Канаду, Кастусь пасяліўся ў Таронта, маючы на мэце заснаваць беларускую нацыянальную арганізацыю. У 1948 Акулу абралі першым старшынём Згуртаваньня Беларусаў Канады.У 1948‑1954 гадах ён рэдагаваў газэту «Беларускі эмігрант», супрацоўнічаў з парыскім «Континентом».

У 1962 пабачыў сьвет першы раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», які ў 1994 быў перавыдадзены ў Беларусі. Некалькі месяцаў кніга займала найвышэйшыя радкі ў сьпісах айчынных бэстсэлераў, адкуль потым перавандравала ў пералік 100 найбольш папулярных беларускіх кнігаў ХХ ст., складзены «Нашай Нівай» на падставе чытацкіх лістоў. Раман, безь якога цяпер немагчыма ўявіць беларускую літаратуру, прысьвечаную Другой усясьветнай вайне, атрымаў літаратурную прэмію імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН‑Цэнтру.У 2005‑м у Менску пад назваю»Россыпы» выйшаў важкі том выбранай Акулавай прозы.

Пяру Кастуся Акулы належыць таксама аўтабіяграфічная трылёгія «Гараватка», публіцыстычна‑завостраны раман «За волю» і напісаны па‑ангельску раман «Tomorrow is Yesterday («Заўтра — гэта ўчора»), дзе нямецкія нацысты і расейскія бальшавікі паказаныя аднолькава небясьпечнымі ворагамі Беларусі. Сёлета Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» выдае беларускі пераклад гэтага твору.

У адным са сваіх вершаў Кастусь Акула пісаў:

Я зганьбаваную Сьвятыню,
Як мог, што сілаў аднаўляў.
На помач клікаў на чужыне,
Шляхі і вехі ўстанаўляў.
І бласлаўлёны Усявышні
Нас верай, сілай надзяліў —
Народ наш на зямлі ня лішні!
Ён будзе жыць, як хваль прыліў!

Спадар Кастусь меў права сказаць так пра сябе. Ягоны нязломны аптымізм быў добрым прыкладам для беларусаў па абодва бакі акіяну.У кожным са сваіх лістоў да мяне ён заўсёды маляваў птушку ў палёце. Ягоная душа імкнулася на Радзіму. Няхай ёй будзе ўтульна там, у нябеснай Беларусі!

Уладзімер Арлоў

0
e. / Адказаць
30.01.2008 / 12:13
Niachaj jamu cuzaja ziamielka budzie pucham. Slava Heroju !
0
Vital Voranau / Адказаць
30.01.2008 / 13:21
Bielarusy Paznania spaczuvajuc rodnym, blizkim i usim bielarusam Kanady.
1
ШЧОТКА / Адказаць
30.01.2008 / 14:57
«Змагарныя дарогі» ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ КАБ ВЕДАЦЬ СВАЮ ГИСТОРЫЮ
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру