Апошнім часам Лукашэнка актыўна стаў наведваць вайсковыя часткі, а таксама прадпрыемствы ВПК. Лукашэнка не хавае, што своеасаблівы адказ на ўкраінскія падзеі. Падчас студзеньскай прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ кіраўнік дзяржавы сказаў: «Я трэці раз мадэрнізую войска, я прыстасоўваю яго да таго, каб мы маглі нармальна адказаць. Я зрабіў высновы з украінскіх падзей (войска 500 тысяч па колькасці, а войска няма)».

«Наша Ніва» прасачыла, што казаў Лукашэнка пра бяспеку краіны і мадэрнізацыю войска ад часоў кіеўскага Майдана да сённяшніх дзён.

Захаваць Су-27

«У бліжэйшы час мы вельмі сур'ёзна праверым на боегатоўнасць нашы Узброеныя сілы. Дапусцім, ці трэба нам Су-27 — вельмі магутны і дарагі самалёт. У нас іх два дзясяткі. Я выказаўся за тое, што нам трэба падумаць і захаваць гэтыя самалёты на нейкі, дапусцім, пагражаючы перыяд, як бы гэта дорага ні было. Зыходзячы з досведу войнаў на арабскай дузе, нам не трэба спяшацца выводзіць з сістэмы абароны нашай дзяржавы нейкія віды тэхнікі», — 18 лістапада 2013 падчас наведвання 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і СПА (Баранавічы).

Замест механізаваных частак – спецназ

«Можа быць, нам не трэба столькі механізаваных частак, лепш мець такія падрыхтаваныя [сілы спецаперацый]. Можа быць, для Беларусі сілы спецаперацый — перспектыва», — 13 снежня 2013, наведваючы 5-ю асобную брыгаду спецназа ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі р-н).

Трэба дамовіцца з украінцамі

«Украіну сёння фактычна развалілі. А там абаронка прыстойная. Давайце паспрабуем з украінцамі дамовіцца і папрацаваць разам, каб не зніклі іх мазгавыя цэнтры, інтэлектуальныя, інжынерныя, канструктарскія і, уласна, вытворчасць. Цяпер момант прыдатны, і гэтым момантам трэба скарыстацца». Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ваенна-тэхнічную прадукцыю мэтазгодна вырабляць не толькі для ўнутраных патрэбаў, але і для замежнага рынку. 2 красавіка 2014, наведванне ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод» (Баранавічы).

Стварыць зенітны комплекс

24 чэрвеня 2014, наведваючы прадпрыемствы абарончага сектара ў Барысаве, Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць айчынны зенітны ракетны комплекс, які па сваіх характарыстыках будзе не горшы за С-300. Таксама ён сказаў, што Беларусі патрэбна мабільная армія з эфектыўным узбраеннем. «Нам патрэбна мабільная армія. Мы зрабілі на гэта стаўку. Таму яе трэба абсталяваць мабільнымі машынамі з эфектыўным узбраеннем». 

Мабільныя машыны

8 ліпеня 2014 падчас наведвання 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады спецназа (Віцебск) Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларускае войска неабходна абсталёўваць мабільнымі сродкамі. Лукашэнку быў прадэманстраваны адзін з узораў такіх машын, якія збіраюцца на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Кіраўнік дзяржавы даручыў максімальна лакалізаваць вытворчасць падобнай тэхнікі ў Беларусі, звярнуўшы ўвагу на якасць. «Такія машыны нам патрэбныя для павышэння мабільнасці арміі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — СПА — добра, але не дай бог нас не падстрахуюць са спіны браты, і нам давядзецца весці вайну самім».

Вывучаем, прыстасоўваемся

«Умовы мяняюцца, няхай не кардынальна, але мы бачым, што адбываецца на так званым тэатры ваенных дзеянняў у сувязі з канфліктамі, іх хапае. Мы вывучаем іх і, натуральна, не можам не рэагаваць, улічваючы сітуацыю. Прыходзіцца недзе прыстасоўвацца да сітуацыі, мяняць метады ўзброенай барацьбы, калі трэба будзе абараняць краіну», — 19 лютага 2015 падчас выступу перад камандным складам Узброеных сілаў РБ.

Захаваць афіцэраў

«У планавым парадку я буду наведваць і наведваю розныя аб'екты, аналізую дзейнасць нашых сілавых структур. Нядаўна мы разглядалі актуальныя пытанні развіцця Узброеных Сіл Беларусі, задачы павышэння абараназдольнасці нашай дзяржавы ў цяперашніх няпростых геапалітычных умовах […] Мы ўдзяляем пэўную ўвагу і сацыяльнай абароненасці нашых вайскоўцаў. І нам трэба падумаць, якія пэўныя меры трэба прыняць, захаваўшы кадравае ядро, па замацаванні маладых афіцэраў, скарачэнні цякучасці кадраў», — 5 сакавіка 2015 падчас наведвання вайсковай часткі спецназначэнняў Унутраных войскаў МУС 3214.

Тэхналогіі заўтрашняга дня

«Краіна толькі тады можа лічыцца бяспечнай і мець перспектывы для існавання, у тым ліку развіцця, калі яна будзе займацца тэхналогіямі заўтрашняга дня», - 25 сакавіка 2015 падчас наведвання ААТ «Пеленг», якое спецыялізуецца на оптыка-электронным абсталяванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?