Праект указа аб укараненні сістэмы электроннай чаргі ў аўтадарожных пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу ўнесены на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта, паведаміў старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Леанід Мальцаў на пасяджэнні камісіі Віцебскай вобласці па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі.

«Намі сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі распрацаваны праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб укараненні сістэмы электроннай чаргі. Ён прайшоў ужо ўсе ўзгадненні на ўзроўні ўрада і ўнесены на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта», - растлумачыў кіраўнік ведамства.

Важным пытаннем развіцця транзітнай прывабнасці краіны, падтрымання правапарадку на прыгранічных тэрыторыях застаецца работа па мінімізацыі чэргаў у аўтадарожных пунктах пропуску за кошт укаранення сістэмы электроннай чаргі. «Ёсць меркаванне, што электронная чарга павялічвае прапускную здольнасць пунктаў пропуску. Нічога такога. Для гэтага трэба палепшыць інфраструктуру, дапусцім, павялічыць колькасць палос і людзей. Або паставіць новую тэхніку, якая зменшыць час надгляду. А электронная чарга толькі ўпарадкоўвае працэс пропуску», - растлумачыў Леанід Мальцаў.

У лістападзе 2014 года «Белмытнясэрвіс» завяршыў распрацоўку праграмнага прадукту для функцыянавання сістэмы электроннай чаргі ў частцы, якая датычыцца браніравання праз інтэрнэт часу ўезду ў пункт пропуску. З мэтай выпрабавання сістэмы яна была ўкаранёна ў пункце пропуску «Казловічы», праз які за суткі праходзіць па тысячы грузавых транспартных сродкаў толькі ў адзін бок. У стадыі прапрацоўкі знаходзіцца пытанне аб правядзенні аналагічнага эксперымента ў аўтадарожным пункце пропуску «Брэст» («Варшаўскі мост»). Як толькі будзе падпісаны ўказ, тут змогуць дыстанцыйна браніраваць час уезду ўладальнікі ўсіх відаў аўтамабіляў.

Паводле ацэнак Дзяржпагранкамітэта, сістэму электроннай чаргі на тэрыторыі Віцебскай вобласці найбольш мэтазгодна ўкараніць у аўтадарожных пунктах пропуску «Грыгораўшчына» і «Урбаны». «Мы не настойваем. Мэта дзеянняў - не ўкараніць сістэму, а навесці парадак у пунктах пропуску», - падкрэсліў Леанід Мальцаў. Першае ўражанне аб краіне, як і апошняе, фарміруецца менавіта тут. Таму пункты пропуску - міжнародныя або спрошчаныя - павінны быць у ідэальным стане.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?