Напярэдадні Велікодных святаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Беларусі.

Падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп падвёў вынікі з падзей, якія апошнім часам адбыліся ў Касцёле ў Беларусі, распавёў пра планы і адказаў на пытанні журналістаў. Ва ўступным слове Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў значэнне наведвання Беларусі Дзяржаўным Сакратаром Ватыкана П'етрам Паралінам, якое можа паслужыць развіццю больш цесных сувязей краіны з Папскай Сталіцай і Еўропай у цэлым. 

Кіраўнік беларускіх католікаў нагадаў, што візіт кардынала адбыўся па запрашэнні беларускіх уладаў. У прадстаўніка Ватыкана адбылся сустрэчы з кіраўніком Беларусі, прэм'ер-міністрам, старшынёй Савета Рэспублікі, міністрам замежных спраў. Па словах Кандрусевіча, усе яны асабіста перадалі праз кардынала запрашэнне Папе рымскаму Францішку наведаць Беларусь. Арцыбіскуп кажа, што ніколі раней не было так шмат галасоў на карысць гэтага візіту.

«Важна сказаць, што візіт кардынала П'етра Параліна меў не толькі дыпламатычны характар, але і душпастырскі, пра што сведчылі яго сустрэчы і супольная малітва як з духавенствам, так і з вернікамі»,— дадаў іерарх, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы сустрэчы Дзяржсакратара з моладдзю Беларусі падчас міждыяцэзіяльнага начнога чування.

«Візіт такога госця — гэта гонар гонар як для Касцёла ў Беларусі, так і для ўсёй краіны», — лічыць арцыбіскуп.

На пытанне журналістаў наконт прыезду Папы Францішка ў Беларусь, пра якое так шмат узгадвалася ў СМІ падчас прыезду Дзяржсакратара П’етра Параліна, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у чарговы раз прыгадаў, што адна з умоў заключаецца ў згодзе канфесіі, якая колькасна пераважае ў краіне, у выпадку Беларусі — згода Праваслаўнай Царквы, пэўная з ёй дамоўленасць.

У сувязі з гэтым пытаннем Мітрапаліт прыгадаў пра сустрэчу Дзяржаўнага Сакратара Ватыкана П'етра Параліна з Кіраўніком Праваслаўнай Царквы Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, якая адбылася ў межах афіцыйнага візіту Папскага Сакратара 13 сакавіка 2015 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?