Сон пра Горад
Чым ёсьць Менск? Кожны дарослы мянчук можа распавесьці, дзе тут і што было. Зьмянілася, здаецца, усё, што магло зьмяніцца. Але ж у Менску яно зьмяняецца нат і тады, калі й зьмяняцца нібы й няма чаму. Пра кнігу Артура Клінава піша Сяргей Харэўскі
ні да чаго не падобная эстэтычная канструкцыя — Сонечны Горад Мрояў».
Мастак, архітэктар, а цяпер і пісьменьнік Артур Клінаў прапануе нам падарожжа па сваім Менску. Па тым горадзе, дзе ён нарадзіўся й пражыў усё жыцьцё. Па горадзе, якога больш няма ў яве. Менск Клінава — ня Дублін Джойса ці, пагатоў, не Стамбул Памука. Бо ён існуе толькі ў сонечных снах аўтара…
Зьнітаваны з гэтым горадам тысячамі пупавінаў край і сам ня можа сёньня вытлумачыць, чым Менск нагэтулькі дарагі яму, краю. Любімы Менск застаецца ў снах, успамінах і марах. Хіба можна вытлумачыць, чаму любіш, калі ня блытаць з мэханічным «падабаецца»? Ці можна вытлумачыць любасьць да імя таго/чаго, хто/што табе дарагі/дарагое? Як бы яго ні прамаўляў на розныя лады, яно не зьмяняе сутнасьці, якую пазначае. Любоўю да Менску і агортваецца гэтае несупыннае жаданьне Артура Клінава яго ведаць. Бо зьведаўшы яго, мы адказалі б і на пытаньне, кім ёсьць мы самі.
Калматыя плямёны, зьнікнуўшы дазваньня, пакінулі нам безьліч словаў у нашай мове. Назоў Менску паходзіць ад тае рачулкі Менкі, на сутоку зь якою ручая Дуная (архетыповае праславянскае сакральнае слова!) узьнік той, першы горад. Сёньня нам пра яго нагадвае магутнае гарадзішча ля вёскі Строчыца. «Mėnка» і зь сёньняшняе літоўскае мовы перакладаецца як «другасная», «маленькая», «нязначная», што цалкам адпавядае выгляду й значэньню гэтае рачулкі. У гэтым разе сэмантыка назову Менску становіцца фатальнаю.
Калі кіравацца такой схемай паходжаньня назваў старажытных гарадоў, як: Ромул запачаткаваў Roma (Рым), Кій — Кіеў, тады Мянеск запачаткаваў Менск. Ромула ўзгадавала ваўчыца, Кій лавіў зьвяроў у барах. А наш Мянеск жыў ля вады і паставіў млын. І несупынна круцяцца жаронцы, перамолваючы і час і прастору ў нішто. Па‑над суплётам жылаў жывое і мёртвае вады. Над Нямігаю. Няміга, гэтак жа сама як і Менск, лёгка перакладаецца з балцкіх моваў і азначае «няспаньне, бяссоньніца». Не засеянае дабром гэтае месца. Клінаў шукае глыбінных першавытокаў, і знаходзіць уласныя адказы, чаму з гэтым месцам сталася ўсё гэтак, а ня йнакш: «…Горад Сонца патрабаваў новай жыцьцёвай прасторы. Пакуль жыла Няміга, ён ня быў адзіны ў гэтым горадзе. Няміга — яго даўні канкурэнт ды супернік. Пакуль Яна была жывая, Ён ня мог па‑сапраўднаму сысьці ў сьвет салодкіх сноў, бо Ён — Сонечны Горад Мрояў, а Яна была Бяссоньніца, Тая, якая ня сьпіць».
Напісаньне гэтае кнігі прыпала на вельмі складаны час жыцьця Артура Клінава. Задуманая яна была падчас жарсьцяў на засьнежанай Цэнтральнай плошчы ў сакавіку 2006 г.. Пакуль кніга пісалася, з гэтага сьвету заўчасна сышла яго маці, а неўзабаве пасьля таго і бацька. Яны паўстаюць на старонках кнігі, як вечныя жыхары Гораду Сонца. І гледзячы назад, у мінулае стагодзьдзе, аўтар з пэўнасьцю кажа: «Што я добра памятаю зь дзяцінства, дык гэта тое, што мы жылі ў шчасьлівым грамадзтве».
Мо таму акурат тыя старонкі, што прысьвечаныя бацькам, напісаныя ясна і дакладна, як самая шчырая эпітафія… Ці як споведзь.
Архітэктар з адукацыі, Клінаў дае трапныя й вымоўныя характарыстыкі архітэктуры Гораду Сонца. Ён выдатна ведае кошт тых ці іншых ансамбляў і дае зразумець нават анальфабэтам, чаму варта вышэй трымаць галаву, ідучы паўз парадныя брамы й калянады. Бо ідучы па цэнтры Менску — ідзеш нібы на парадзе да самога Шчасьця. «Каб дабрацца да мяжы Гораду Сонца, давядзецца праехаць кілямэтраў дваццаць забудоваю, што больш‑менш падобная ў любым вялікім горадзе сьвету». Не пашанцавала будаўнікам Менску на мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Будавалі, праектавалі, а ў выніку — усё, як недаробленае. А вось у часы Краіны Шчасьця задумаў быў Лангбард Дом ураду ці Опэру. І не было праблемаў! Усе будоўлі занялі толькі пяць гадоў! Менск стаўся Горадам Сонца. І ён ніколі ня быў «шэрай мышкаю». Ні гістарычна, ні архітэктурна. Проста сама Беларусь была шэрай плямаю ў шэрай зоне Памежжа. Недаступнай звонку й непрыдатнай для самаацэнкі. Бо была ў вялізарным цені Брамаў Шчасьця вялізарнай краіны.
Крыху прыцягнутымі выйшлі колькі старонак гісторыі, выкладзенай надта спрошчана й дыдактычна. Але якія героі пераходзяць калідорамі, лесьвіцамі ды калянадамі Гораду Сонца — Кірыко й Далі, Сталін і Лі Харві Освальд, Хрушчоў і Кенэдзі, вялікія князі Ягайла ды Жыгімонт ІІІ, каралі Карл ХІІ і Ян II Казімер, імпэратары Пётар і Павал, абодва Першыя… Клінаў наўмысна абраў у некаторых месцах мэнтарска‑экскурсаводны тон. Бо гэтую кнігу, што ўжо пераклалі на нямецкую, будуць перакладаць яшчэ. Зрэшты, і цяперашняе пакаленьне менчукоў мала ведае з таго, пра што напісаў Клінаў, аўтар тэкстаў і фотаздымкаў. Таму гэтыя ўстаўкі не парушаюць сэнсавае цэласнасьці аповеду.
Графічная аздоба кнігі, вокладка й здымкі — частка прадуманай канцэпцыі. Выдадзены пазалетась у Менску выдавецтвам Логвінава фотаальбом Артура Клінава «Горад СОНца», быў першай часткай праекту. Візуальнай. Да якой неставала адно «Малой падарожнай кніжкі па Горадзе Сонца». Нечакана і для аўтара, і для тых, хто чакаў гэтае кнігі, тэкст набыў пачуцьцёвую людзкую глыбіню й зажыў самадастатковым жыцьцём.
Беларусы за паваенны час гэтак і ня здолелі асэнсаваць уласную гарадзкую прастору. Сярод шматлікіх псэўдафальклёрных, псэўдагістарычных, псэўдамэмуарных сюжэтаў пра псэўдавёску беларускія літаратары, жывучы ў гарадах, не краналі сюжэтаў самога гораду. І толькі ў нашым ужо стагодзьдзі, адчуваючы гэтую пустату, у пошуках самасьці, аўтары пачынаюць спакваля асэнсоўваць рэальнае сваё жыцьцё. У гэтым сэнсе кніга Клінава бліжэй за ўсё стаіць да «Альбома сямейнага» Вінцэся Мудрова. Яшчэ адна кніга пра мінулае стагодзьдзе, напісаная ў новых умовах новае краіны.
«Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» — не энцыкляпэдыя ці, насамрэч, турыстычны даведнік. Не. Гэта ўласна мастацкі твор. Аўтабіяграфічны раман.
«Я спазнаў гэты Сон! Я нарадзіўся ў Сонечным Горадзе Мрояў, дзе паўсталі два Гарады — Грамадзтва Шчасьця, у якое верылі, ды сам Горад… Утопія стала Рэальнасьцю. Востраў, якога няма, быў! Таму ёсьць два сьведкі: Горад Сонца — ды я».