05.04.2015 / 18:27

Топ-100 самых уплывовых беларусаў. Частка 2 1

У дужках указваецца месца ў аналагічным рэйтынгу 2013 года.

26 (26) Дзмітрый Лукашэнка

старшыня прэзідэнцкага спартыўнага клуба

Палітычную будучыню Дзмітрыю не прагназуе, здаецца, ніхто. Але кожны чалавек, які мае кантакт з Аляксандрам Лукашэнкам, лічыцца ў Беларусі ўплывовым.

 

27 (28) Сямён Шапіра

старшыня Мінскага аблвыканкама

Прэтэнзій да Шапіры ў кіраўніка краіны нямнога. Калі той і зменіць пасаду, то толькі каб пайсці на павышэнне. Ягоныя 54 гады ўспрымаюцца наменклатурнай як час позняй маладосці.

 

28 (48) Усевалад Янчэўскі

памочнік прэзідэнта па ідэалогіі

Адзін з галоўным ідэолагаў краіны лічыцца «сматрачым» за ўсім Белнэтам. Але не пакідае ўражанне, што Янчэўскі заседзеўся на пасадзе памочніка, якая не дазваляе прадэманстраваць сябе ва ўсёй красе.

 

29 (–) Аляксандр Мяжуеў

дзяржаўны сакратар Рады бяспекі

Мяжуеў – вайсковец. Але сам у баявых дзеяннях удзелу не браў. Усе ягоныя медалі, звыш 20, за заслугі ў мірны час. У Раду бяспекі яго выдзернулі з соннай палаты прадстаўнікоў.

 

30 (8) Андрэй Уцюрын

намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі

На цяперашняй пасадзе Уцюрын набіраецца патрэбнага досведу, каб у будучыні ўзначаліць КДБ, МУС, ААЦ ці іншае сілавое ведамства.

 

31 (–) Андрэй Шорац

старшыня Мінгарвыканкама

На фоне нешчаслівага Мікалая Ладуцькі любы ягоны наступнік будзе выглядаць героем. У першыя месяцы працы Андрэй Шорац сапраўды фантаніраваў ідэямі.

 

32 (–) Генадзь Давыдзька

старшыня Белтэлерадыёкампаніі

«Міністру тэлебачання» ўдавалася выбіваць дадатковае фінансаванне, таму пад ягоным кіраўніцтвам БТ разраслося ў вялікі холдынг. Але «Беларусь-1» усё ніяк не можа дагнаць АНТ у рэйтынгах папулярнасці.

 

33 (12) Аляксандр Якабсон

памочнік прэзідэнта па Мінску

Якабсона лічаць добрым выканаўцам, але не генератарам ідэяў. Пасля смерці жонкі яго амаль адразу перавялі з пасады галоўнага кантралёра краіны на больш сціплае месца.

 

34 (23) Леанід Мальцаў

старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта

У Мальцава ўжо той узрост, калі трэба рыхтавацца да пенсіі. Але нечакана ўзнікла пасада кіраўніка Памежнага камітэта, калі з ёй не справіўся малады Аляксандр Боечка.

 

35 (54) Сяргей Гурулёў

старшыня Вайскова-прамысловага камітэта

Вайскоўцы стаяць перад новым выклікамі, і Гурулёў абяцае стварэнне найноўшай зброі.

 

36 (56) Аляксандр Машэнскі

уласнік «Санта-Брэмар» і «Савушкавага прадукту»

Галоўны бізнэсмен Брэстчыны прайшоў па лязе, калі ягонае імя стаяла наступным у спісе «кашалькоў Лукашэнкі», супраць якіх меркавалася ўводзіць санкцыі Еўрасаюза. Дзякуючы забароне на імпарт еўрапейскай прадукцыі ў Расіі Машэнскі павялічыў долю на рынку ўсходняга суседа.

 

37 (–) Міхаіл Русы

віцэ-прэм’ер

Ніякіх рэформаў віцэ-прэм’ер не прапануе, проста робіць сваю работу. Паколькі летась ураджай быў добры, то і Русы ў бяспецы. А паколькі сельская гаспадарка – важная галіна эканомікі, то і ўплыў мае.

 

38 – Уладзімір Амарын

міністр фінансаў

Міністэрства фінансаў – строгая іерархічная ўстанова, у якую прыходзяць аднойчы і назаўсёды. Амарын у ведамстве ўжо больш за тры дзесяцігоддзі. Абавязак міністра – сачыць, каб выдаткі бюджэту не перавышалі даходы.

 

39 (59) Сяргей Румас

cтаршыня праўлення Банка развіцця

Адзін з нямногіх беларускіх чыноўнікаў, якія выклікаюць пазітыўнае стаўленне ў грамадскасці. Шматдзетны бацька, разумны, абаяльны… Але Румасу не хапае смеласці і амбіцый – усё ж сам адмовіўся ад высокай пасады віцэ-прэм’ера.

 

40 (–) Павел

праваслаўны мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, экзарх усяе Беларусі

Епіскап з Разані замяніў мітрапаліта Філарэта, якога адправілі на адпачынак. У новым мітрапаліце грамадскасць бачыць чалавека, які адстойвае расійскія інтарэсы.

 

41 (63) Юрый Зісер

уласнік партала tut.by

Штодня галоўную старонку самага папулярнага беларускага сайта наведваюць каля 900 тысяч чалавек. Tut.by – несумненны лідар у інфармацыйнай прасторы.

 

42 (43) Мікалай Лукашэнка

малодшы сын кіраўніка краіны

Лукашэнка–старэйшы па-ранейшаму жартуе, што пераемнікам можа стаць толькі ягонае малодшае дзіця. Але як вядома, у кожным жарце…

 

43 (36) Рыгор Кісель

гендырэктар АНТ

Ягоны тэлеканал спрэс рускамоўны, за выняткам святочных канцэртаў. Рэтрансляцыя расійскіх серыялаў і забаўляльных праграм дазваляе Кіселю захоўваць за АНТ статус самага папулярнага канала Беларусі.

 

44 (–) Уладзімір Зіноўскі

міністр эканомікі

Гэта той выпадак, калі чалавек цалкам быў на сваім месцы. Зіноўскі прысвяціў сваё жыццё статыстыцы. Да яго адміністратарскіх навыкаў няма пытанняў. Але апрацоўваць лічбы і будаваць эканоміку – розныя рэчы.

 

45 (58) Мікола Статкевіч

палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты

Ад лёсу Статкевіча ў вялікай ступені залежыць перспектыва развіцця беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Апазіцыя разглядае сярод варыянтаў на наступныя выбары вылучэнне Статкевіча ў якасці адзінага, а ўлада няхай рэагуе як хоча. Сам палітык не супраць.

 

46 (87) Наталля Радзіна

галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97»

Рэдактарка самага папулярнага апазіцыйнага сайта ўжо амаль чатыры гады жыве ў эміграцыі. Але «Хартыя» нічога не згубіла праз выезд за мяжу, наадварот стала вастрэйшай.

 

47 (93) Павел Тапузідзіс

уласнік «Тытунь-Інвест» і «Кароны»

«Тытунь-Інвест» — адзіная прыватная кампанія на цыгарэтным рынку. Бізнэс асаблівы, рашэнне аб тым, каб даць дазвол Тапузідзісу, прымалася на найвышэйшым узроўні.

 

48 (77) Сяргей Хусаенаў

уласнік кампаніі «Зубр-капітал»

Алегу Хусаенаву стала сумна проста зарабляць грошы. Паспяховы менеджар, які стаў мільянерам дзякуючы продажам аўтамабілям, першым у Беларусі стварыў фонд прамых інвестыцый. А яшчэ ён знаны мецэнат.

 

49 (–) Валерый Міцкевіч

намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

У абавязкі Міцкевіча ўваходзіць маніторынг працы чыноўнікаў (найперш звароты грамадзян і адказы на іх), маніторынг па абгрунтаванні росту цэн, ён узначальвае таксама камісію па памілаванні

.

50 (–) Аляксей Дзербін

дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта

Гэты чалавек – вялікая загадка. Ён быў актывістам ўніяцкай царквы, журналістам недзяржаўнага выдання, сам размаўляў па-беларуску. Але яго новая пасада вымушае задумацца: а ў якой якасці ён усё гэта рабіў.

 

Ягор Марціновіч, Зміцер Панкавец

0
Виолетта / Адказаць
05.04.2015 / 21:48
Вой,якi цуд!!!Наш уладар працу творыць!Гэта ен у сваiм агородчыку цi у якой бабульцы??Але я не бачыла,каб кавуны у такiм "зяленым лузе" вырошчвалi!!!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру