Калі афіцыйна, то дэзерты (desert boots, ад англ. Desert — «пустыня») — боты на скураной або гумовай падэшве з замшавым верхам з двума ці трыма парамі адтулін для шнуркоў. З'яўляюцца копіяй чаравікаў, якія брытанскія ваенныя насілі ў Егіпце падчас Другой сусветнай вайны як паўсядзённы абутак для адпачынку. Такія чаравікі выраблялі ўручную мясцовыя жыхары.

У масавую вытворчасць дэзерты трапілі дзякуючы Натану Кларку, які выпусціў гэты тып абутку пад маркай Clarks у 1950. Ён сам насіў такія чаравікі падчас службы ў М'янме. У 1950 году дэзерты былі прадстаўленыя на абутковай выставе ў Чыкага.

Пазней дэзерты сталі элементам гардэроба бітнікаў і моднікаў. Такія чаравікі насілі Стыў МакКуін, удзельнікі групы The Beatles, Боб Дылан. У 70-х гадах дэзерты выйшлі з моды. Новы ўсплёск папулярнасці адбыўся ў 1990-я гады.

Дэзерты вонкава падобныя на чаравікі чука (ці яшчэ іх называюць чака), разнавіднасцю якіх яны і з'яўляюцца.

Прынц Гары

Прынц Гары

Дэзерты і чука: ці ёсць розніца?

Розніца ёсць, але неістотная. Па сутнасці, дэзерты — гэта падвід чаравікаў чука, якія з'явіліся трошкі раней. Вонкава абедзве мадэлі вельмі падобныя, і межы, якія адрозніваюць адну мадэль ад іншай, вельмі размытыя.

 Строгія эксперты адносяць да дэзертаў выключна замшавыя чаравікі і толькі з двума парамі адтулін для шнуркоў. Такім чынам, да чука можна аднесці тыя мадэлі, у якіх большая колькасць адтулін і якія зроблены са скуры. Чука таксама могуць быць крыху вышэйшыя за дэзерты, а падэшва ў іх можа быць скураной або гумовай.

Гэтыя адрозненні не асабліва прыкметныя, ды і ведаць гэта варта хіба прадаўцам ды вытворцам.

За што любіць і насіць?

Чаму брытанскія вайскоўцы так палюбілі desert boots?

Дастаткова проста адзін раз надзець іх, каб даведацца адказ — крэпавая падэшва і мяккая замша мінімальна нагружаюць нагу. У іх не ходзіш, а лятаеш. Што магло быць слушней ва ўмовах бадзянняў па пустыні?

Пры ўсёй зручнасці абутку ёсць у іх і адваротны бок, асабліва для нашага клімату і рэалій. Каўчук, такі мяккі і цудоўны, даволі хутка сціраецца.

Карысная парада, якая дазволіць прадухіліць сціранне падэшвы вашых desert boots — старайцеся не насіць іх занадта часта. Так і ёсць. За адзін сезон дэзерты знасіцца не павінны, а калі вы будзеце іх чаргаваць з другім абуткам, яны праслужаць не адзін год. Ну, ці пастаўце адразу прафілактыку на падэшву, і праблема знікне.

А агулам іх можна насіць амаль круглы год, выключаючы, зразумела, суровыя зімовыя месяцы і асабліва бруднае міжсезонне. І іх сапраўды можна абуваць летам. Кажуць, што ў іх не спякотна. Не дарма ж іх насілі ў пустыні. Карацей, універсальнасць іх не перабольшаная.

З чым спалучаць?

Ды амаль з усім.

Як з джынсамі, так і са штанамі, але без стрэлак. Праверанае часам і не адным пакаленнем брытанскіх турыстаў спалучэнне — дэзерты і падкасаныя штаны чынас. Наогул добра, калі дэзерты цалкам выглядваюць з-пад штаноў.

Штаны чынас

Штаны чынас

Ці можна насіць дэзерты з касцюмам?

Не, нельга. Ёсць, вядома, тыя, хто спалучае, але мы не раім.

Шкарпэткі?

Яшчэ раз варта нагадаць, што дэзерты ўніверсальныя. Яны не патрабуюць складаных дуэтаў са шкарпэткамі. Ёсць два варыянты, незалежна ад таго, якія на табе джынсы або штаны: звычайнай даўжыні, скарочаныя або падкасаныя. Можна надзець кароткія шкарпэткі любога колеру — іх проста не будзе відаць у досыць высокіх дэзертах. Другі варыянт — доўгія шкарпэткі, якія спалучаюцца з колерам штаноў. Дэзерты можна насіць і без шкарпэтак.

Кошт?

Чытачы папрасілі пазначаць кошт на абутак, што мы з асалодай і робім. На папулярным сайце asos.com іх можна знайсці ад 54 еўра.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?