Расследаванне крымінальнай справы па факце правядзення несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 10 студзеня «ідзе дастаткова паспяхова». Пра гэта 30 студзеня ў гутарцы з журналістамі паведаміў міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў.

Паводле яго слоў, «дзеянням удзельнікаў лёгка даваць ацэнку», паколькі ўсё, што адбывалася, запісана сістэмай відэаназірання.

«Калі вельмі прынцыпова падысці, напэўна, да 50 маладых людзей могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Але, як заўсёды, мы стараемся ў сваёй ацэнцы даваць шанц людзям, каб яны ўсвядомілі, што ўчыненыя імі дзtянні супрацьзаконныя», — сказаў У.Навумаў.

Паводле яго слоў, падчас расследавання дадзенай крымінальнай справы будуць улічвацца ўзрост удзельнікаў акцыі і «псіхалогія натоўпу».

Нагадаем, што акцыя пратэсту 10 студзеня была арганізавана індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП) у знак пратэсту супраць падпункта 1.1 указа прэзідэнта № 760, згодна з якім з 1 студзеня 2008 года ІП могуць наймаць работнікаў толькі з ліку блізкіх сваякоў. У акцыі ўзялі ўдзел больш як тры тысячы чалавек. 27 удзельнікаў былі затрыманыя міліцыяй. 22 затрыманыя былі асуджаныя на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, адзін — на 20 сутак.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0