Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінскай вобласці і Мінску сумесна з дэпартаментам фінансавага маніторынгу спыніла дзейнасць злачыннай групы, чые паслугі выкарыстоўваліся на ценявым рынку, дазваляючы кампаніям рэальнага сектара эканомікі не выплачваць падаткі. 

Як паведаміла прэс-служба КДК, у сваёй дзейнасці ўдзельнікі злачыннай групы выкарысталі звыш 15 юрыдычных асоб і 30 прадпрымальнікаў, якія былі поўнасцю падкантрольныя злачыннай групе. Работнікам фінансавай міліцыі ўдалося аператыўна спыніць працу гэтай сеткі падстаўных кампаній. Да прыкладу, адна з такіх фіктыўных структур была створаная ўсяго толькі месяц таму. Але нават за такі кароткі прамежак часу праз яе было праведзена 1,7 млрд. рублёў. У цэлым урон ад дзейнасці злачыннай групы склаў больш як 30 млрд. рублёў.

Сутнасць працы лжэпрадпрымальнікаў зводзілася да таго, што яны атрымлівалі на рахункі падкантрольных ілжэструктур ад кампаній рэальнага сектара эканомікі безнаяўныя грашовыя сродкі, якія ў далейшым пераводзіліся ў наяўныя грошы праз рахункі падкантрольных прадпрымальнікаў, здымаліся і ўжо ў якасці наяўных вярталіся кіраўнікам кампаній рэальнага сектара эканомікі. Незаконна атрыманыя грошы выкарыстоўваліся на куплю дарагіх аўтамабіляў і нерухомасці. 

Як зазначыла прэс-служба, важкую ролю ў спыненні дзейнасці злачыннай групы адыграла інфармацыя, атрыманая з дэпартамента фінансавага маніторынгу. Прааналізаваўшы працу 20 арганізацый, якія працавалі па прынцыпе лжэструктур, спецыялісты фінансавай разведкі ўстанавілі, што па іх рахунках праводзіліся разлікі за розныя тавары. Апрача таго, грошы якія паступалі, адразу ж пераводзіліся ў адрас іншых арганізацый. Лжэструктуры фактычна аказвалі арганізацыям рэальнага сектара эканомікі паслугі па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі падпольных тавараў і ценявога даходу. Адначасова праз ілжэструктуры ажыццяўляўся вывад грашовых сродкаў камерцыйных арганізацый у ценявы абарот і іх перавод у наяўныя грошы. 

Па фактах ілжэпрадпрымальніцтва, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і ўхілення ад уплаты падаткаў органамі фінансавых расследаванняў распачатыя чатыры крымінальныя справы. Дзевяць найбольш актыўных удзельнікаў злачыннай групы былі затрыманыя. Удзельнікам злачыннай групы пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?