Заснавальнік «Дазары» Алег Пяткевіч расказаў пра рускую душу, VIP-дранікі і сабаку акіта-іна
«Дазары» — адзін з самых статусных мінскіх начных клубаў. Яго заснавальнік Алег Пяткевіч (ён таксама валодае рэстаранам «Галерэя») расказаў часопісу Time City Magazine свае правілы жыцця і вядзення бізнэсу.

- Я б не паставіў знак роўнасці паміж поспехам і ўдачай. Удача — гэта ўсяго толькі невялікі складнік поспеху. Працэнтаў дваццаць. Усё астатняе — гэта карпатлівая, штогадзіная праца, пастаянная работа над сабой, а ў маім выпадку — яшчэ і над персаналам. Без гэтага поспех немагчымы.
- Не магу сказаць, што ішоў да стварэння клуба DOZARI мэтанакіравана, доўгія гады увасабляючы ў жыццё нейкую ідэю. Не. Усё атрымалася досыць спантанна. Я скончыў вайсковае вучылішча, быў вайсковым тапографам — сфера, мякка кажучы, далёкая ад забаўляльнага бізнесу. Проста ў нейкі момант мы ўбачылі, што ў дадзены перыяд часу гораду сапраўды трэба мець клуб для людзей з пэўным узроўнем дастатку. Мы не рабілі клуб для моладзі, але і не ставілі перад сабой задачу стварэння закрытага клуба для эліты - трэба было ўвасобіць нешта асаблівае. Прыгожае месца, дзе можна добра адпачыць, бо руская душа любіць і ў рэстаране пасядзець, і патанцаваць, сябе паказаць ды на людзей паглядзець (усміхаецца). Таму, хоць думка пра адкрыццё новага клуба і была спантаннай, да яе рэалізацыі мы падышлі свядома. І ідэя спрацавала. Стрэліла, як кажуць.
- На жаль, у нас часцяком спачатку ствараюць рэстаран, а потым пытаюцца: «Хто будзе шэф-кухарам?» Гэта ў корані няправільны падыход. Перавабіць Марка Якета з Масквы ў Мінск каштавала нам немалых намаганняў, але мы змагаліся за гэта, таму што я ведаў: без Марка поспеху не будзе. Ён сапраўды годны шэф-повар. Гэта творца, які ўвесь час эксперыментуе, рухаецца наперад у імкненні давесці свае навыкі да дасканаласці. Да чэмпіянату свету па хакеі ён, напрыклад, ведаць не ведаў, што такое дранікі. І калі ў меню «Галерэі» трэба было ўключыць беларускую страву ад шэфа, Марка літаральна за два дні прыдумаў рэцэпт дранікаў «Мінск-Рым» з сырам Grana Padano і труфелямі. Усе, хто ні каштаваў гэты шэдэўр, былі ў шоку — здавалася б: што там гэтыя дранікі прыгатаваць? Марка зрабіў страву пластамі, дадаў прыправы і спецыі, падаў прыгожа - і звыклыя нам дранікі сталі чымсьці асаблівым...
- Вольнага часу не так шмат. І ў большай ступені я цяпер паглынуты сямейным жыццём — на нейкія захапленні шкада марнаваць каштоўныя гадзіны. Адзінае, у чым не магу сабе адмовіць, — гэта прагулкі з сабакам пароды акіта-іна, падоўгу гуляю з ёй. Бяру сабаку і іду ў лес, стараюся 8—10 км кожны дзень праходзіць. Узімку ўжо 14 гадоў катаюся на снаўбордзе. Вельмі люблю горы, падабаецца гэтая атмасфера асаблівая, паветра… Але львіная доля майго часу — гэта праца і сям'я.
Каментары