Дрэнна, калі няма салідарнасьці паміж хрысьціянамі. Але яшчэ горш, калі салідарнасьць падмяняецца яе падробкам. Нават не проста падмяняецца, а гэтая падмена выкарыстоўваецца як шырма, каб адвесьці ўвагу ад рэчаў як раз супрацьлеглых салідарнасьці, брацтву і любві.

Гэтымі днямі нешта дзіўнае мы назіраем у Беларусі. Вядома, што ужо не адзін год вернікі пратэстантскай царквы “Новае Жыцьцё” змагаюцца за самае простае права – права маліцца ў сваім жа набытым для гэтай мэты будынку.

Апошні час ціск на царкву збоку ўлады вельмі павялічыўся. Пастару прама пагражаюць арэштам. Вось тут было б добра паказаць еднасьць хрысьціянам розных канфесій. Улады ніколі б не пайшлі супраць усех. Яны ідуць супраць адной царквы, бо ведаюць – яе можна прыдушыць, а іншыя нават не заўважаць, ці зробяць выгляд, што не заўважылі. Яны будуць гуляцца ў “еднасьць” у сваіх “правільных” саборах. Машўляў, бачыце якая ў нас талерантнасьць у краіне, дзе хрысьціянскія канфесіі паважаюць і любяць адзін аднаго.

Вось чамусьці толькі тыя, якіх дазваляе паважаць і любіць улада.

Перад усім сьветам прыкрыем “шчыльнымі радамі” са сьвечкамі беззаконьне, якое не дазваляе людзям верыць і маліцца ў адпаведнасьці с сумленьнем.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?