Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што час уводзіць сістэму электроннай чаргі на мяжы. Пра гэта ён заявіў 3 красавіка, выступаючы перад кіраўніцкім складам Дзяржаўнага мытнага камітэта і мытняў, паведамляе БелТА.

Паводле яго слоў, у Беларусі сфарміраваная цэласная архітэктура аўтадарожных пунктаў пропуску, якая дазваляе забяспечваць інтэнсіўнае перамяшчэнне транспарту. «Іх прапускная здольнасць нарошчваецца на праграмнай аснове, у тым ліку за кошт прыцягнення сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі», — сказаў Лукашэнка.

Тым не менш, зазначыў ён, чэргі на мяжы перыядычна выстройваюцца. «Аператыўна вырашаць гэтыя пытанні неабходна як праз эфектыўнае ўзаемадзеянне з сумежным бокам, так і шляхам удасканалення ўсіх этапаў дзейнасці мытых органаў. Час уводзіць сістэму электроннай чаргі. Калі гэта вырашае праблему, то гэта трэба неадкладна зрабіць», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка запатрабаваў аператыўна правесці работу па перадачы аўтадарожных пунктаў пропуску мясцовым выканаўчым органам кіравання. Паводле яго слоў, апрача абуладкавання інфраструктуры пунктаў пропуску неабходна прымаць і іншыя меры для паскарэння таварапатокаў цераз мяжу.

Лукашэнка зазначыў, што ў краіне нямала зроблена для ўдасканалення мытнага кантролю на мяжы. Укараненне ў практыку сістэмы кіравання рызыкамі, электроннага дэкларавання, папярэдняга інфармавання вядзе да скарачэння часу на правядзенне мытных аперацый непасрэдна на мяжы.

Паводле слоў Лукашэнкі, назапашаны за год вопыт па правядзенні аўтамабільнага і дакументарнага санітарна-каранціннага кантролю паказвае, што мытныя органы здольныя эфектыўна выконваць прынятыя на сябе новыя кантрольныя функцыі. «Па вашых дакладах, у мытнай службы ёсць жаданне рэалізаваць такія праекты, як «каардынацыя кіравання на мяжы», «адно акно». У цэлым я падтрымліваю вашы ініцыятывы. Але гэта трэба зрабіць хутка, наколькі магчыма», — заявіў афіцыйны лідар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0