Паводле звестак БелаПАН, новым рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільня) абраны прафесар Дэвід Полік, які часова выконвае абавязкі рэктара. Яго кандыдатуру 3 красавіка ўхваліў агульны сход заснавальнікаў. Чакаецца, што афіцыйная інфармацыя будзе абнародаваная пасля выхадных. 

Прафесар Дэвід Полік прыехаў у Вільню ў сакавіку 2014 года і працаваў першым прарэктарам і галоўным аперацыйным дырэктарам ВНУ. У кастрычніку ён стаў часовым выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ. Продкі (бабуля і дзядуля) Поліка –– выхадцы з Беларусі, але сам ён не размаўляе ні па-беларуску, ні па-руску. Цяпер ён вывучае рускую мову. 

Да прыезду ў Вільню прафесар Полік займаў пасаду прэзідэнта ў чатырох амерыканскіх вышэйшых навучальных установах: школе Чыкагскага інстытута мастацтваў, каледжы Лебанон-Вэлі, Бірмінгемскім паўднёвым каледжы і Дзяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (аддзяленне ў Кортландзе), дзе быў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтам па акадэмічных пытаннях. Ён таксама працаваў дэканам факультэта мастацтваў і навук і дацэнтам філасофіі ў Сіэтлскім універсітэце ў Вашынгтоне. 

У інтэрв'ю беларускай службе радыё «Свабода» ў пачатку гэтага года Полік сказаў, што першая задача, якая стаіць перад акадэмічнай грамадскасцю ЕГУ, — распрацаваць новую ўніверсітэцкую інструкцыю аб правах і адказнасці, новы стратэгічны план, які адлюстроўваў бы цяперашнія рэаліі. Полік канстатаваў праблему фінансавых рэсурсаў у ЕГУ. Паводле яго меркавання, ВНУ павінна захоўваць і выконваць юрыдычныя патрабаванні краіны знаходжання — Літвы — у галіне працоўных адносін. Разам з тым ён падкрэсліў, што «ЕГУ — беларускі ўніверсітэт, які працуе ў Літве і ў Еўропе». 

Нагадаем, 30 верасня 2014 года пасаду рэктара ЕГУ пакінуў прэзідэнт універсітэта Анатоль Міхайлаў, які заснаваў універсітэт і кіраваў ім з моманту стварэння. Для абрання новага рэктара кіруючая рада ЕГУ заснавала часовы орган — камітэт па выбарах рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Шорт-ліст прэтэндэнтаў на пасаду рэктара складаўся з шасці імён. У яго ўваходзілі трое грамадзян Беларусі — прафесар ЕГУ Таццяна Шчытцова, лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і гісторык Алесь Краўцэвіч, а таксама трое грамадзян ЗША — прафесар Дэвід Полік, прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі ў Маскве Эдвард Рослаф.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
klop / Адказаць
03.04.2015 / 23:17
Всё, капец ЕГУ... Начинаем обратный отсчет:(
0
няполяк / Адказаць
03.04.2015 / 23:20
EHU - усё... Трэба пачынаць ствараць новы універ
0
будынак галавы / Адказаць
03.04.2015 / 23:24
гэта ён каб не плаціць за дармаедства ў рэктары пайшоў.
Паказаць усе каментары/ 49 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру