Беларусь зацікаўлена ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Сірыяй. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы 3 красавіка ў Мінску на сустрэчы з сірыйскай дэлегацыяй, якую ўзначальваў міністр прамысловасці Камаль-эд-Дзін Таама.

Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, Русы зазначыў, што нават у той цяжкай сітуацыі, якая склалася зараз у Сірыі, традыцыйна дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі захоўваюць стабільнасць і дынамічнасць. «Беларусь ні на хвіліну не мяняла сваіх адносінаў да падзей у вашай краіне, заўсёды выступала супраць умяшання іншых краін, за суверэнітэт, цэласнасць Сірыі як дзяржавы, — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. — Мы ўпэўненыя, што дзякуючы адзінству сірыйскі народ зможа пераадолець усе выклікі, пагрозы і з годнасцю выйсці з крызісу, які склаўся на гэты момант».

Віцэ-прэм'ер зазначыў, што Беларусь разглядае Сірыю ў якасці важнага і надзейнага эканамічнага партнёра на Блізкім Усходзе. «Нам ёсць што прапанаваць сірыйскім партнёрам», — сказаў ён. Упэўніцца ў гэтым члены сірыйскай дэлегацыі змаглі падчас наведвання беларускіх прадпрыемстваў.

У цэлым Русы выказаў упэўненасць, што падчас працы беларуска-сірыйскай камісіі па гандлёва-эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве бакам удасца дасягнуць станоўчых вынікаў, зняць існуючыя рознагалоссі і намеціць перспектывы далейшага ўзаемадзеяння.

«Мы гатовы вырашаць любыя пытанні, якія ўзнікнуць у нашых калег. Яны дазволяць лепш даведацца пра экспартны патэнцыял адзін аднаго, зняць розныя пытанні для таго, каб павялічыць тавараабарот, ствараць новыя сумесныя вытворчасці», — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?