У Віцебску на шэсць з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму асуджаны ўдзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2010 года Сяргей Рыжоў.

Рыжова абвінавачвалі ў хуліганстве падчас знаходжання ў выцвярэзніку. Яго судзілі за дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да мужчыны без пэўнага месца жыхарства. Галоўным доказам супраць Сяргея Рыжова праваахоўнікі называлі здымкі відэакамер, устаноўленых у выцвярэзніку. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі сайта freeregion.info, прысуд быў аб`яўлены 2 красавіка ў судзе Першамайскага раёна Віцебска. «Пракурор прасіў 7 гадоў пазбаўлення волі. Прысудзілі па арт. 167 ч. 1 — 5 гадоў, па арт. 339 ч. 1 — 2 гады, шляхам частковага складання налічылі агульны тэрмін — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а таксама на карысць аднаго з пацярпелых кампенсацыю маральнага ўрону 15 млн, плюс кампенсацыя судовых расходаў», — гаворыцца на сайце. 

Сяргей Рыжоў быў затрыманы 23 студзеня ў Віцебску. За некалькі дзён да гэтага ён вярнуўся з Расіі, дзе прабыў больш як год. Варта зазначыць, што яго затрыманне адбылося на наступны дзень пасля таго, як ён заявіў аб сваім намеры браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. 22 студзеня Рыжоў расказаў, што цяпер ствараецца ініцыятыўная група па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. 

Апрача таго, ён паведаміў, што разам са сваёй даверанай асобай віцебскім урачом Ігарам Пастновым накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з прапановай не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, каб не дапусціць развіцця падзей па ўкраінскім сцэнарыі. Калі Лукашэнка ўсё ж будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта, будзе арганізавана кампанія байкоту выбараў з правядзеннем забастовак, мітынгаў і акцый грамадзянскага непадпарадкавання, заявіў Рыжоў.

Ён таксама расказаў аб існаванні кансерватыўнай партыі «Белая Русь», ініцыятарам стварэння якой выступіў у 2011 годзе. «Гэтая партыя дзейнічае ў Беларусі і Расіі. Яшчэ ў 2011 годзе было аб`яўлена, што яна не будзе праходзіць афіцыйную рэгістрацыю, бо мы не прызнаем легітымнасць прэзідэнта і не збіраемся пытацца ў яго дазволу», — сказаў Рыжоў. 

На момант удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года Сяргей Рыжоў працаваў на Віцебскім плодаагароднінным камбінаце на пасадзе начальніка сектара знешнеэканамічнай дзейнасці. Ініцыятыўная група Рыжова не змагла набраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты. Неўзабаве пасля гэтага Рыжоў страціў працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?