05.04.2015 / 11:14

На выставе ў Брэсце паказалі ўнікальны залаты пярсцёнак XIV стагоддзя 3

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей 3 красавіка 2015 года адкрыў цыкл выстаў «Унікальны экспанат».

Прадстаўлены на выставе мужчынскі пярсцёнак узростам 700 гадоў знайшлі археолагі падчас раскопак старажытнага гарадзішча Бярэсця яшчэ ў 1977 годзе. Кіраваў раскопкамі Пётр Фёдаравіч Лысенка, цяпер — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук.

Пярсцёнак выраблены з тоўстых круглых залатых дратоў, скручаных паміж сабой у выглядзе жгутоў і спавітых у касу. Шыкоўная каса цэнтральнай часткі кальца мае шырыню 10 мм. Дыяметр пярсцёнка 20 мм. Ён важыць каля 10 грамаў і зроблены з золата 750 пробы.

Берасцейскі пярсцёнак надзвычайна рэдкі, бо дагэтуль вядомы ўсяго адзін такі ж, знойдзены ў Ноўгарадзе. Ён датуецца пачаткам XIV стагоддзя. Пярсцёнак захоўвалася ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея амаль 40 гадоў і не выстаўляўся з меркаванняў бяспекі.

Варта адзначыць, піша «Новы час», што пярсцёнак з вялікай ступенню верагоднасці адносіцца да скандынаўскіх вікінгаўскіх упрыгожанняў. Падобная стылістыка шырока прадстаўлена ў экспанатах Гістарычнага музея у Стакгольме (гл.: http://www.historiska.se/home/). «Пераплеценыя» бранзалеты (не пярсцёнкі) сустракаліся ў знакамітым «Полацкім кладзе» 1984 г., апошні раз экспанаваным у Мінску ў 2011 г.

Цыкл выстаў «Унікальны экспанат» у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі распачаты ў рамках рэспубліканскага праекта «Брэст — культурная сталіца Беларусі 2015». Серыя трохдзённых выстаў паслядоўна пазнаёміць наведвальнікаў з прадметамі вялікай гістарычнай, мастацкай і культурнай каштоўнасці, якія захоўваюцца ў фондах музея і раней не выстаўляліся.

0
kaimininkas / Адказаць
05.04.2015 / 12:54
оно не настолько уникально.
0
Я / Адказаць
05.04.2015 / 18:56
http://novychas.info/kultura/700_hadovy_zalaty_piarscionak/
0
Gedygold / Адказаць
06.04.2015 / 11:22
Викинги тут не при чем. Этот перстень датируется 13-14 веками, а тогда викингов уже не было.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру