Нягледзячы на правал учорашніх перамоваў, частка мытнікаў выйшла на працу. Паводле польскіх СМІ, найлепш сытуацыя выглядае на пераезьдзе Карошчын‑Казловічы.

Кіраўнік Агульнапольскага зьвязу працадаўцаў дарожнага транспарту Баляслаў Мілеўскі паведаміў, што кіроўцы TIR‑аў адмаўляюцца ад блякады польскіх гарадоў. Аднак, будуць працягваць маніторынг сытуацыі вакол перамоваў польскіх мытнікаў і ўраду краіны. Кіраўніцтва страйкавага камітэту «Беластоцкае паразуменьне» і прадстаўнікі ўраду абмяняліся ўзаемнымі абвінавачваньнямі, паведамляе газэта «Дзеньнік». Тым не менш, частка мытнікаў выйшла на працу. Як паведаміла польскаму радыё «Тройка» удзельніца «Беластоцкага паразуменьня» Івона Фолта, такім чынам мытнікі хочуць засьведчыць сваю гатоўнасьць працягваць перамовы. Паводле тэлеканала TVN24, сёньня ўночы на пераезьдзе Карошчын‑Казловічы працавала паўнавартасная зьмена мытнікаў. Раніцай яе зьмяніла таксама цэлая група службоўцаў. За гэты час, па інфармацыі тэлеканалу, чарга зьменшылася з 14 да 2 кілямэтраў, а ўсяго было прапушчана каля 700 аўто. Паводле Марціна Чайкі зь Бяла-Падляскай мытнай управы, цяпер у Карошчыне чакае на выезд з Польшчы каля 200 аўто, час чаканьня складае каля 8 гадзінаў. Сытуацыя на гэтым пераезьдзе лічыцца адной зь лепшых на ўсходняй мяжы Польшчы.

Тым часам «Эўрапейскае радыё для Беларусі» перадае словы начальніка прэс‑службы памежнага камітэта Аляксандра Цішчанкі пра тое, што чарга на польскай тэрыторыі складае 45 км. Начальнік прэс‑службы падае таксама іншыя лічбы прапушчаных праз мяжу аўто: з 24 гадзін да 8 раніцы на «Казловічах» было прапушчана ў Беларусь 280 грузавых машын, у Польшчу — 54.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?