Натальля Васілевіч, яна ж Наталька Базылевіч, яна ж burbalka — прадстаўніца міжнароднай моладзевай праваслаўнай арганізацыі «Сіндэсмас» у Цэнтральнай Эўропе, рэдактар сайту «Царква», а ў Жывым дзёньніку ў яе 640 фрэндаў — то бок людзей, якія чытаюць яе допісы ў інтэрнэт‑дзёньніку. З дапамогай інтэрнэт‑тэхналёгій мы і пагутарылі.

«НН»: Натальля, Вас характарызавалі мне як «моладзевую праваслаўную актывістку». Канечне, у гэтай фармулёўцы не адлюстроўваецца ўся Вашая асоба, але ж нейкая яе частка — несумненна. Таму напачатку хачу задаць Вам асабістае пытаньне. Вы верыце ў Бога літаральна? Ва ўваскрэшаньне Лазара? У Новы Ерусалім? У тое, што іконы крываточаць? У тое, што трэба цалаваць руку папу?

Натальля Васілевіч: З вызначэньня «праваслаўная моладзевая актывістка» хіба што слова «моладзевая» не зусім адпаведнае. Хутчэй, я маладая, чым моладзевая — гэта вызначэньне майго ўзросту, а ня кшталту актыўнасьцяў. Але бяз слова моладзевая «праваслаўная актывістка» гучыць амаль што як «праваслаўная атэістка» — апошняе ж зусім не адпавядае рэчаіснасьці. Бо так, я веру ў Бога. Але ў Бога Слова нельга верыць літаральна, бо Слова большае за сукупнасьць літараў. Пытаньне пра веру для мяне не інтымнае — на тое я і актывістка. Так, і Біблія, Слова Божае, дзе апісанае ўваскрэшаньне Лазара, дзе даецца абяцаньне Новага Ерусаліму ў выглядзе прароцтва (а прароцтва заўсёды вобразнае, бо так і піша ў Адкрыцьці Ян Багаслоў: «І бачыў я»), — гэта не набор літараў, гэта рэальны досьвед верніка.

Кроваструменныя іконы бачыла ў Дзяржынску, аўтарытэтных царкоўных адназначных меркаваньняў наконт зьявы ў цэлым ці канкрэтных выпадкаў няма, а мой духоўны досьвед не дазваляе выносіць нейкія меркаваньні наконт гэтага фэномэну. Што тычыцца цалаваньня рук сьвятарам, то іх цалаваць ня трэба, але калі вельмі хочацца, то можна. І ўжо дакладна — да веры гэта мае самае аддаленае значэньне.

«НН»: Чаму менавіта — праваслаўе? Гэта ў Вас ад сям’і, ад каранёў, ці гэта Ваш сьвядомы выбар? Раскажыце пра Вашыя карані, адкуль Вы, дзе і як атрымалі адукацыю, чым жывяце цяпер.

НВ: Апошнім часам стараюся выкарыстоўваць сваё сапраўднае прозьвішча — Васілевіч, а не псэўданім Базылевіч. Мае карані — мае бацькі. Бацька Сьцяпан быў гэткім тыповым вусатым беларусам, толькі замест сахі і касы займаўся эканомікай і прадпрымальніцтвам. Маці Ніна — беларуска зь сям’і вясковых настаўнікаў, на адраджэнскай хвалі вылучалася ў Вярхоўны Савет XII скліканьня ад Менскага камвольнага камбінату і ішла па адной акрузе з Валянцінай Трыгубовіч. А потым мы з Валянцінай у адным асяродку сустрэліся — у Брацтве Віленскіх пакутнікаў, а гэта таксама мае карані.

Я не адразу стала праваслаўнай: па цэрквах у свой час шмат пахадзіла — то беларускасьці шукала, то Бога, то і таго, і другога. Але, урэшце, укаранілася ў Праваслаўнай Царкве. У праваслаўным вучэньні і традыцыі я адчуваю ісьціну, але пры гэтым паважаю ўсіх хрысьціян і адчуваю разьдзеленасьць хрысьціян як свой боль.Часам мяне «падазраюць» у пратэстантызьме — у нас краіна падазрэньняў — але з пратэстантызмам мяне яднае хіба ўласьцівы пратэстантам хрыстацэнтрызм веры.

Калісьці для мяне хрысьціянства было непрымальным — яно мне падавалася бессэнсоўным палонам і абмежаваньнем. І я не ўяўляла сябе там, што называецца трыма літарамі РПЦ ці дзьвюма МП. Безумоўна, я не адмаўляю, што Праваслаўнай Царкве ў Беларусі нестае беларускасьці, дый наагул, шмат праблемаў, але для мяне Царква і стала Радзімай. А Радзіма і дзяржава — гэта розныя рэчы. І калі ў нашай дзяржаве праблемы — гэта заклік да іх выпраўленьня, а не да эміграцыі.

У царкву я прыходзіла празь беларускія літургіі і малебны на беларускай мове ў Петра‑Паўлаўскім саборы, праз брацтвы Канстанціна Астроскага і Трох Віленскіх пакутнікаў. Але найбольшы ўплыў на мяне зрабілі сустрэчы са сьвятымі людзьмі, а таксама тое, што я паўжартам называю Праваслаўем Чацьвертага Рыму, пра якое раскажу падрабязьней далей.

Адзін супраць другога

«НН»: Сайт, які Вы рэдагуеце, адрозьніваецца ня вельмі характэрнымі для звычнай нам праваслаўнай царквы экумэнічнасьцю і цярпімасьцю да іншых канфэсій. Раскажыце пра тое, як ён задумваўся і як жыве.

НВ: Сайт задумваўся мной і а. Аляксандрам Шрамком як альтэрнатыўны праваслаўны рэсурс, у працэсе разьвіцьця ён перажываў шэраг трансфармацыяў. Я б не сказала, што мы дужа экумэнічныя, бо ўрэшце сайт атрымаўся больш праваслаўным, чым проста хрысьціянскім. Мы не хаваем прыналежнасьці да Праваслаўнай Царквы, але стараемся быць неперадузятымі. Сайт трымаецца на сілах трох чалавек. Гэта даволі цяжка і займае часу, але мы робім працу з радасьцю, бо бачым, што яна патрэбная.

Што да стану цэркваў у Беларусі, дык галоўная праблема — гэта адсутнасьць таго, што называецца ў праваслаўнай традыцыі «саборнасьцю». Усе цэрквы пакутуюць на недахоп гэтай саборнасьці, як ва ўнутраным жыцьці, так і ў міжцаркоўных стасунках. Грамадзтва атамізаванае, людзі разьяднаныя, калі яны спрабуюць зьяднацца паводле ўласнай ініцыятывы — яны падпадаюць пад артыкул «стварэньне і кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй», у іншых жа выпадках іх яднаюць «зьверху» — праз БРСМы, праз разнарадку на ўдзел у «дзяржаўных» мерапрыемствах, праз «ідэалёгію». Безумоўна, рэжым часта не дасягае сваіх мэтаў, а грамадзянскія рухі часам сваіх мэтаў дасягаюць. Тое самае, на вялікі жаль, адбываецца з цэрквамі, асабліва з праваслаўнай і каталіцкай, — яны пачынаюць атаясамлівацца з клерам, а сьвецкія рухі, ініцыяваныя сьвецкімі вернікамі, апынаюцца ў сытуацыі NGO ў дзяржаве. Здавалася б, гэтая праблема ня тычыцца пратэстантаў, але і там не абыходзіцца без празьмернай «дысцыпліны». І менавіта гэта замінае міжхрысьціянскай салідарнасьці, да таго ж ніхто не жадае ісьці супраць сваіх інтарэсаў, нават калі справа заходзіць пра праўду. А сама праўда перастае быць значнай каштоўнасьцю, хрысьціяне робяць тое, што іх зусім не ўпрыгожвае — пагаджаюцца зь няпраўдай, пакуль яна ня тычыцца асабіста іх.

«НН»: Рыхтуючыся да інтэрвію з Вамі, я прачытала ў інтэрнэце Ваш артыкул «Цэрквы Беларусі: адзін супраць другога». Ён уразіў мяне сьмеласьцю ў ацэнцы справаў як у палітычнай, так і ў рэлігійнай сфэры. Вы пішаце, што праваслаўе, працуючы на ўлады і пад кантролем уладаў, ператвараецца з рэлігіі жыцьця ў рэлігію пахаваньня, што яно, атрымліваючы ад уладаў прэфэрэнцыі, губляе аўтарытэт… «Страшнае ня тое, што ўлада забірае свабоду сумленьня і нават ня тое, што яна прымушае ісьці з гэтым самым сумленьнем на кампрамісы. Страшна, што часта цэрквы гуляюць на гэтым полі на баку ўлады», — робіце Вы выснову. Ясна, што падобныя высновы шмат каму не спадабаюцца. А навошта, па‑простаму кажучы, Вам гэта трэба? Думаеце, што «дзевачка з кадзілам» зможа рэфармаваць царкву?

НВ: Кожны артыкул заўжды мае пэўнага адрасата, часам прыходзіцца радыкалізаваць пытаньні, каб вывесьці «адрасата» са стану Кая ў краіне Сьнежнай Каралевы. Часам пішу ад болю, ад безвыходнасьці, ад роспачы, тады выходзіць крык, гэткая «жаночая публіцыстыка». Рэфармаваць царкву? Не, гэта не служэньне «дзевачак з кадзілам». Царкву можа рэфармаваць толькі сама Царква. У Праваслаўнай Царкве адной з асноўных формаў рэфармаваньня зьяўляюцца Саборы. Аднак Дух Сьвяты дзейнічае і праз асобных сьвятых людзей, і праз духоўныя рухі, і праз знадворныя акалічнасьці, і нават, можа, дзеяньні ворагаў і ганіцеляў Царквы пераўтварыць на карысьць Ёй. Сусьветны праваслаўны рух «Сіндэсмас», у межах якога працуе «дзевачка з кадзілам» і зь якім суадносіць сваю дзейнасьць, ня ставіць на мэце даць гатовыя адказы на сёньняшнія праблемы, нашай галоўнай мэтай ёсьць — паглыбіцца ў хрысьціянскую веру і ў праваслаўнае Паданьне.

Пра «Сіндэсмас»

«НН»: Раскажыце, што гэта за арганізацыя — «Сіндэсмас»?

НВ: Спачатку раскажу пра Чацьверты Рым. Чытачы «НН» скептычна ставяцца да фразы «Масква — Трэці Рым, а чацьвертаму ня быць». Расейскае праваслаўе дало шмат сьвятых, духоўных скарбаў, але дало і ўзор забабонаў, вычварэнскага супрацоўніцтва зь дзяржавай, цемрашальства. У другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. тагачасныя рэлігійныя інтэлектуалы асэнсавалі, наколькі далёка стаяла тагачасная царква ад эвангельскага ідэалу і праваслаўнай Традыцыі, і ў царкве пачаліся пошукі, якія падрыхтавалі дзейнасьць Памеснага Сабору 1917—1918 гг. Аднак ганеньні перапынілі працу Сабору, і, фактычна, спадкаемцамі царкоўнага адраджэньня сталі праваслаўныя ў эміграцыі. Новым цэнтрам, які даў у ХХ ст. цэлую пляяду багасловаў і сьвятых, а таксама паказаў новы кшталт царкоўнага жыцьця, стаў Парыж — багаслоўская школа і хрысьціянскі студэнцкі рух, якія былі там запачаткаваныя, зьвязаныя з імёнамі а. Іаана Меендорфа, а. Аляксандра Шмемана, а. Георгія Флароўскага, мітр. Сураскага Антонія. У такіх умовах узьнік і «Сіндэсмас», устаноўчы сход якога адбыўся ў 1953 годзе. Засноўвалі яго багасловы і сьвятары новай хвалі — ня толькі «рускай» традыцыі, але і грэкі, праваслаўныя з Блізкага Ўсходу. «Сіндэсмас» быў зараджаны энэргіяй праваслаўных рухаў, многія з заснавальнікаў сталі вядомымі місіянэрамі, япіскапамі, прызнанымі багасловамі. «Сіндэсмас» выхоўваў. Яму ўдалося пераадолець тое, што называецца «нацыянальным» праваслаўем, а дакладней — праваслаўем нацыяналістычным і імпэрскім, якое ня мае дачыненьня да веры.

Звычайна ў нашых мерапрыемствах удзельнічаюць маладыя праваслаўныя беларусы, якія хочуць царкоўнага адраджэньня і гатовыя дзеля яго працаваць.Зь сярэдзіны 1990‑х беларусы адыгрываюць у «Сіндэсмасе» не апошнюю ролю — як сваімі ўдзельнікамі зь Беларусі, так і з Польскага Брацтва Праваслаўнай Моладзі.

У цэнтры ўвагі «Сіндэсмасу» — адраджэньне праваслаўнай місіі, катэхізацыя і багаслоўская адукацыя, літургічнае абнаўленьне, у т.л. пераклады літургічных тэкстаў на сучасныя мовы, экумэнічны дыялёг, сьведчаньне пра ісьціну, пераадоленьне палітызацыі праваслаўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?