Насарог, намаляваны Мацеем Стрыйкоўскім

Насарог, намаляваны Мацеем Стрыйкоўскім

Увосень 1574 года Мацей Стрыйкоўскі ехаў з пасольствам у Стамбул. За плячыма гэтага 27-гадовага чалавека была вайсковая служба ў Віцебскім гарнізоне, выкананне функцый «рыскуна» (выведніка) на «маскоўскай мяжы». Стрыйкоўскі яшчэ падлеткам трапіў у Вялікае Княства Літоўскае са сваёй роднай Польшчы ды стаў патрыётам новай Айчыны. Больш за тое — праз нейкі час ён будзе аўтарам першай публікаванай гісторыі ВКЛ.

Пакуль жа Стрыйкоўскі выязджаў з Кракава ў складзе дыпламатычнай місіі, якую ўзначальваў Анджэй Тараноўскі. Палітычная сітуацыя ў Ягелонскай манархіі складалася экзатычная: тры месяцы таму з трона ўцёк зусім нядаўна абраны каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім Генрых Валуа. У Рэчы Паспалітай наступіў інтэррэгнум (міжкаралеўе), пачынаўся час інтрыг і вылучэння новых кандыдатур. Але для краіны усё роўна заставаліся актуальнымі пытанні адносінаў з Асманскай Імперыяй ды статуса Валахіі і Малдавіі. Гэтым і было выкліканае пасольства ў Стамбул.

Пакуль дыпламаты дабіраліся да Турцыі, там памёр султан Селім ІІ і на трон узышоў яго сын Мурад ІІІ. Ён загадаў забіць сваіх малодшых братоў, каб ніхто не мог аспрэчыць яго дынастычных правоў. Цяпер гэтую крывавую гісторыю можна пабачыць у папулярным турэцкім тэлесерыяле «Цудоўны век», дзе адной з галоўных персанажаў выступае ўкраінка Раксалана (Настасся / Аляксандра Лісоўская), як Гюрэма Султан — маці Селіма ІІ і бабуля Мурада ІІІ.

…Але Мацея Стрыйкоўскага Стамбул уразіў зусім іншым. Там ён пабачыў жывога насарога.

Паводле Стрыйкоўскага, насарога прыслалі султану Селіму ІІ, але дастаўся ён ужо новаму ўладару асманаў — Мураду ІІІ. Насарога змясцілі ў садзе пры саборы Св. Сафіі, а Стрыйкоўскі, як ён сам пра гэта піша, уласнаручна гладзіў і карміў гэтую бестыю.

Стрыйкоўскі нават замаляваў незвычайную жывёлу. Малюнак пачынае рукапісны сшытак, які ўтрымлівае тэкст паэмы «Бітва пад Улай», прысвечанай слаўнай перамозе войска ВКЛ над маскоўцамі ў 1564 годзе.

Але чаму насарог выклікаў такую жывую рэакцыю Стрыйкоўскага? Прычына ў сімвалічным статусе насарога для рэнесанснай культуры Еўропы.

Насарогі Плінія Старэйшага

Насарогаў у Еўропе не бачылі з часоў антычнага Рыма. Як сусветная імперыя, Рым любіў збіраць розныя экзоты жывёльнага свету — іх паказвалі народу і ладзілі двубоі экзатычных жывёлаў з гладыятарамі або міжсобку. У сваёй «Натуральнай гісторыі» рымскі пісьменнік-эрудыт Пліній Старэйшы апісваў гульні, зладжаныя консулам Рымскай рэспублікі Пампеем Вялікім у 55 г. да н.э. Для гэтых масавых забаваў прывезлі і насарога. Пліній Старэйшы падкрэслівае, што таго насарога бачылі ўжо раней, і меў ён адзін рог. Іншы ж насарог, які быў адмыслова вырашчаны ў Рыме для бітвы са сланом, рыхтуючыся да бою, «навострываў свой рог аб камяні». Паводле рымскага аўтара, насарог падчас бойкі «імкнецца трапіць суперніку ў жывот, які ў таго, як яму вядома, больш уразлівы».

«Натуральная гісторыя» Плінія Старэйшага, складзеная каля 77 г. н.э., стала адным з тых антычных твораў, на які не забываліся праз усё Сярэднявечча і які стаў правобразам еўрапейскіх энцыклапедый.

Двубой у Лісабоне

У 1498 годзе партугальская эскадра Васка да Гамы адкрыла шлях у Індыю, і з пачатку XVI ст. партугальцы распачалі каланізацыю гэтага экзатычнага і багатага краю. У 1510 годзе герцаг Афонсу д’Альбукеркі захапіў мусульманскі форт у Гаа і прыступіў да стварэння Партугальскай Імперыі — першай еўрапейскай каланіяльнай імперыі Новага часу. Шляхам стварэння па берагах Індыйскага акіяна ўмацаваных пунктаў са сталымі партугальскімі гарнізонамі (ад Гаа да Малазіі) Альбукеркі перахапіў у арабаў кантроль над асноўнымі шляхамі марскога еўразійскага гандлю.

У 1514 годзе губернатар партугальскай Індыі накіраваў паслоў да Музафара ІІ — султана гістарычнай вобласці Камбея, вядома сёння як заходні індыйскі штат Гуджарат. Падчас дыпламатычнай цырымоніі адбыўся абмен падарункамі — партугальскія паслы атрымалі, у тым ліку, насарогаў. Губернатар Альбукеркі вырашыў накіраваць іх свайму каралю Мануэлю І Шчаснаму. Вядома, што адзін з насарогаў меў мянушку Ганда.

Пераплыўшы Атлантычны акіян за 120 дзён, эскадра з трох караблёў увайшла ў вусце ракі Тэжу, на якой і знаходзіцца Лісабон. 20 мая насарогі былі дастаўлены ў партугальскую сталіцу. І зрабілі фурор.

Еўрапейскія кніжнікі, хоць і чыталі Плінія Старэйшага, але лічылі насарога міфічнаю жывёлаю, накшталт аднарога. На дзень Святога Духа, які ў 1515 годзе выпаў на 3 чэрвеня, было вырашана наладзіць спаборніцтва паміж насарогам і сланом: так глыбока ў еўрапейскую вучоную свядомасць патрапілі сведчанні Плінія Старэйшага, што нават існавала патрэба ў фізічным узнаўленні апісанага. Сведкі той «рэканструкцыі гісторыі» адзначалі, што насарог павольна набліжаўся да маладога слана, але той спужаўся крыкаў натоўпу і папросту збег. Лісабонская бітва не адбылася.

Але ўспамін пра з’яўленне насарога надоўга застаўся ў Лісабоне. У вусці Тэжы, дзе з палубы карабля быў спушчаны насарог, у гонар адкрыцця Васка да Гама марскога шляху ў Індыю збудавалі Беленскую (Віфлеемскую) вежу. Гаргуллі — спускі вадацечных жалабоў у гатычнай архітэктуры, якія звычайна скульптурна афармляліся ў выглядзе гратэскных персанажаў, у Беленскай вежы былі зробленыя ў выглядзе галоваў насарога з рогам.

Першыя графічныя фіксацыі

Можна ўявіць сабе цікавасць еўрапейцаў XVI ст., калі да двара аднаго з манархаў былі дастаўлены гэтыя нябачаныя раней бестыі, далёкія водгукі антычнасці. Пашырэнне інфармацыі адбывалася праз «лятучыя лісткі». Першая вядомая нам выява лісабонскага насарога ілюстравала памфлет фларэнційскага лекара Джавані Джакома Пені, выдадзены 13 ліпеня 1515 года — менш чым праз два месяцы пасля ўваходу караблёў з партугальскай Індыі ў рэчышча Тэжы.

Паэма мае назву, якая падрабязна апісвае абставіны з’яўлення насарога ў Лісабоне: «Форма, і прырода, і шлях насарога, прывезенага капітанам армады партугальскага караля, і іншыя прыгожыя рэчы, прывезеныя з новых выспачак». Адзіны захаваны асобнік мае на апошняй старонцы аўтограф іспанскага пісьменніка і касмографа, сына Хрыстафора Калумба Фердынанда Калумба: «Я набыў гэтую кнігу ў паўкатрэна ў Рыме ў лістападзе 1515».

На дэманстрацыі насарога ў Лісабоне прысутнічаў мараўскі купец і друкар Валянцін Фернандэс, які даслаў у Нюрнберг свайму прыяцелю Альбрэхту Дзюрэру ліст з апісаннем бестыі. Яшчэ ў адным лісце, аўтар якога невядомы, быў змешчаны накід малюнка насарога. Такім чынам, нямецкі графік не бачыў ужывую гэтага незвычайнага звера, але меў ягоныя апісанні і па іх зрабіў малюнак насарога і гравюру.

Гравюра Дзюрэра, якую ён зрабіў не бачыўшы насарога

Гравюра Дзюрэра, якую ён зрабіў не бачыўшы насарога

Малюнак Дзюрэра суправаджаўся тлумачальным запісам па-нямецку, у якім мы бачым цытаванне Плінія. Паводле запісу, насарог «мае колер жабы і ўвесь пакрыты густой лускою, а таксама ў памеры ён такі ж, як і слон, але ніжэйшы, і смяротны вораг слана. Ён мае на пярэдняй частцы носа моцны востры рог, і калі гэтая жывёла набліжаецца да слана, каб змагацца з ім, заўсёды спачатку навострывае свой рог аб камяні і кідаеццца на слана з галавой паміж яго пярэднімі нагамі. Тады трапляе слану, дзе яго скура найтанчэйшая, а затым бадае яго. Слон вельмі баіцца насарога; бо той заўсёды забадае яго. Бо ён добра ўзброены, вельмі жывы і спрытны. Жывёлу называюць rhinocero па-грэцку і на лаціне, а ў Індыі — гомда».

Нягледзячы на анатамічныя недакладнасці, гравюру Дзюрэра шматкроць капіявалі на працягу трох стагоддзяў, і сёння даследчыкі сцвярджаюць, што ніводная выява жывёлы не зрабіла такога ўплыву на еўрапейскае мастацтва, як «насарог Дзюрэра».

Якія ж недакладнасці мела выява? На гравюры насарог пакрыты моцнымі шчытамі, падобнымі да брані, мае каўнер на шыі, а таксама суцэльную грудную пласціну. Швы брані выглядаюць быццам змацаваныя заклёпкамі. На спіну насарогу Дзюрэр змясціў выгнуты рог, а ногі пакрыў луской.

Некаторыя гісторыкі мастацтва пішуць, што для бою насарога са сланом у Партугаліі сапраўды маглі быць створаныя даспехі. Іншыя кажуць, што графічны эфект брані маглі выклікаць зморшчыны скуры насарога.

Але як жа адбывалася пасольства Рэчы Паспалітай, падчас якога Мацей Стрыйкоўскі быў так уражаны насарогам?

Насарог Стрыйкоўскага

Аўстрыйскі дыпламат у Стамбуле занатаваў, што пасольства Рэчы Паспалітай прыбыло ў сталіцу Асманскай Імперыі 15 снежня. Само падарожжа ў Турцыю, багатае на небяспеку і цікавосткі, Стрыйкоўскі пазней апіша ў вершаванай аўтабіяграфіі, выдадзенай у 1582 годзе разам з ягоным галоўным творам «Хронікай Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсёй Русі».

На рэчаіснасць Асманскай дзяржавы Стрыйкоўскі глядзеў крытычна — ён ацэньваў палітычны лад Турцыі з пункту гледждання канцэпцыі палітычных правоў у шляхецкай дзяржаве. Зрэшты, гэта пазіцыя згуляла з храністам і злы жарт, калі 14 снежня 1574 года каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім быў абраны Сцяпан Батура.

Раней гэты манарх быў князем Трансільваніі — васала Асманскай Імперыі. На выбарах кандыдатуру Батуры падтрымлівала Турцыя. Стрыйкоўскі са сваёй антытурэцкай скіраванасцю зрабіўся нясвоечасовы ў Кракаве. Гэта, магчыма, і вымусіла яго вярнуцца ў ВКЛ. Там, жывучы пры двары князёў Алелькавічаў у Капылі і Слуцку, Стрыйкоўскі меў магчымасць азнаёміцца з беларуска-літоўскімі летапісамі і распачаць сваю хроніку.

Але Стрыйкоўскі застанецца ў нашай памяці і як востры ды дасціпны назіральнік, у тым ліку дзякуючы сваёй замалёўцы «стамбульскага насарога». Аналіз занатовак Стрыйкоўскага паказвае, што храніст не бачыў гравюры Дзюрэра, бо піша, што насарога «можа быць, апроч нас, ніхто на свае вочы ў Еўропе не бачыў».

Афрыканскі ці індыйскі?

Якога ж насарога прывезлі ў Стамбул? Гэта цалкам мог быць афрыканскі насарог, гістарычны арэал распаўсюду якога быў недалёка ад паўночна-афрыканскіх уладанняў Асманскай Імперыі.

Але на малюнку Стрыйкоўскага выразна выяўлены аднарогавы насарог. А афрыканскія насарогі (белы і чорны) маюць два рогі. Адзін рог мае індыйскі насарог — менавіта прадстаўніка гэтага віду і прывезлі ў 1515 годзе ў Лісабон. Хутчэй за ўсё, Стрыкоўскі бачыў у Стамбуле таксама індыйскага насарога.

Індыйскі (панцырны) насарог не мае ворагаў у прыродзе, хіба што тыгра, для якога ласунак — малыя насарогі. Але ў сутычцы з дарослым насарогам, нават самкай, у тыгра шанцаў няма. Нават сустрэча з індыйскім сланом не ўяўляе небяспекі для панцырнага насарога. Зусім як пісаў Пліній Старэйшы…

Эпізод з замалёўкай Стрыйкоўскага паказвае, як супольныя сюжэты лучылі Еўропу эпохі Рэнесанса з антычнай спадчынай. Для нас гэта таксама добры прыклад таго, як не толькі эліты, але і сярэднія пласты грамадства Вялікага Княства Літоўскага асвойвалі ў XVI ст. культурна-геаграфічную прастору вакол сваёй Айчыны. Дасціпнае вока было тут не лішнім.

***

Мацей Стрыйкоўскі

(1547—1593) гісторык, пісьменік і дыпламат. Аўтар «Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсёй Русі» (1582).

Рог насарога

нягледзячы на цвёрдасць, складаецца не з коснай тканіны, а з канцэнтраванага кераціну — бялку, які прысутнічае ў валасах.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0