Брэстаўчаніна Міхаіла Лукашэвіча, абвінавачанага ў паклёпе на кіраніка дзяржавы, адправілі ў «Навінкі» на псіхіятрычную экспертызу. Пра яго знаходжанне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя Еўрарадыё паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Паводле яго слоў, каля тыдня ён не мог звязацца з Лукашэвічам. Тады ён звярнуўся да следчых, якія займаюцца справай брэстаўчаніна. Падчас тэлефоннай размовы і стала вядомае месцазнаходжанне мужчыны.

Нагадаем, што крымінальную справу ў дачыненні Міхаіла Лукашэвіча распачалі ў снежні 2014 года. Нагодай сталі самаробныя транспаранты, з якіх 63-гадовы брэстаўчанін літаральна пабудаваў плот у сваім доме. Яны ўтрымлівалі крытыку як дзейнай, так і колішняй савецкай улады. У некаторых надпісах згадвалася прозвішча Лукашэнка.

«Нягледзячы на тое, што ён замаляваў абразлівыя, на думку следства, выказванні, яго адправілі на абследаванне ў «Навінкі». Следчая кажа, што ён добраахвотна туды паехаў. Спадзяюся, што гэта сапраўды так, але здзіўляе, што ён не паведаміў пра гэта», — распавядае Еўрарадыё Вялічкін.

Лёс Лукашэвіча вырашыцца па выніках экспертызы. За паклёп на кіраўніка дзяржавы можа пагражаць да 4 гадоў пазбаўлення волі. У выпадку, калі мужчыну прызнаюць псіхічна хворым, яго чакае перспектыва ізаляцыі ад грамадства і прымусовае лячэнне на тэрмін да 2 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?