Foto: RIA/Scanpix

Foto: RIA/Scanpix

У сераду Літоўская камісія па радыё і тэлевяшчанні (ЛКРТВ) спыніла на тры месяцы рэтрансляцыі праграм усяго расійскага канала «РТР-Планета».

На думку камісіі, тэлекампанія ў сваіх праграмах падбухторвала да вайны і распальвала нянавісць, а таксама паўторна парушыла закон аб інфармаванні грамадства. Камісія сцвярджае, што паведаміла аб парушэннях і запланаваных мерах Еўракамісіі.

«Падчас кансультацый з дзяржавай, якая і транслюе тэлепраграмы, і Еўракамісіяй не ўдалося прыйсці да ўзаемнай дамовы на працягу 15 дзён ад папярэджання, і парушэнні працягваюцца», — адзначыла камісія.

Рашэнне члены Камісіі прынялі ў сувязі з перадачай Уладзіміра Салаўёва «Нядзельны вечар», якая ў эфір выйшла 12 сакавіка. Па словах кіраўніка камісіі Э. Вайцекунаса, у перадачы ў асноўным казаў віцэ-старшыня Дзяржаўнай Дума Расіі Уладзімір Жырыноўскі. У ёй «фармавалася меркаванне пра ўкраінцаў, як ворагаў, ігнаравалася і прыніжалася тэрытарыяльная цэласнасць Украіны», гучалі таксама заклікі расправіцца з украінцамі.

Вайцекунас падкрэсліў, што былі зафіксаваныя канкрэтныя парушэнні — распальванне вайны і нянавісці, нягледзячы на тое, што расправіцца з Украінай і Еўрапейскім Саюзам заклікаў адзін чалавек — намеснік старшыні расійскага парламента Уладзімір Жырыноўскі.

«Адзін чалавек ці не адзін, службовая асоба або не, устаноўлена: была нянавісць, падбухторванне да вайны. Тым больш, што высновы падрыхтаваў кампетэнтны орган — Дэпартамент стратэгічнай камунікацыі Узброеных сіл Літвы, спецыялісты якога маюць вельмі шмат ведаў менавіта ў гэтай галіне», — паведаміў журналістам Вайцекунас.

Рашэнне ўступае ў сілу 13 красавіка, для гэтага не спатрэбяцца санкцыі суду, адзначылі прадстаўнікі камісіі ў інтэрв'ю BNS.

Як пацвердзіў BNS старшыня камісіі Эдмундас Вайцекунас, такая працэдура ўжываецца ў Еўрасаюзе ўпершыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?