Выява: Hagai Perets
З 1970-х некаторыя навукоўцы сталі выказваць тэорыі пра ўтварэнне спадарожніка Зямлі ў выніку сутыкнення Зямлі з іншай планетай. Новыя даследаванні, апублікаваныя ў часопісе Nature, даюць такой тэорыі больш шанцаў на праўдзівасць.
Каля 4,5 млрд гадоў таму Зямля сутыкнулася з планетай памерам з Марс (яе ўмоўна называюць Тэя). Месяц сфармаваўся з абломкаў ад сутыкнення. Гэтай тэорыі раней давалі каля 1% шанцаў на праўдзівасць — цяпер яна мае 20-40% шанцаў.
Мяркуецца, што Зямля і Тэя знаходзіліся на аднолькавай адлегласці ад Сонца (а значыць, утварыліся з аднаго ўчастку протапланетарнага дыску) і таму мелі блізкі склад.
На тэорыю аб сутыкненні з Тэяй навукоўцаў наштурхнула тое, Зямля і Месяц якраз маюць падобны хімічны склад. Да таго ж, Месяц практычна не мае жалезнага ядра. Прыхільнікі тэорый называюць Зямлю і Месяц «не блізнятамі, народжанымі з адной планеты, а сёстрамі, што выраслі ў аднолькавым асяроддзі».
Праціўнікі тэорыі звяртаюць увагу і на вялікую розніцу ў хімічным складзе Зямлі і Месяца — найперш, практычна поўную адсутнасць на Месяцы вады, лятучых элементаў і злучэнняў.
Сярод іншых гіпотэз — цэнтрабежнае аддзяленне Месяца падчас утварэння маладой Зямлі, захоп Зямлёй раней незалежнай планеты Сонечнай сістэмы, супольная акрэцыя (адначасовае фармаванне з аднаго воблака), утварэнне Месяца з некалькіх спадарожнікаў (Зямля магла «злавіць» 6-10 лун), камбінацыі названых тэорый.
Кожная тэорыя мае як «за», так і «супраць». Адзінай найбольш верагоднай на сёння не прынята.