Беларусь гатова прапанаваць Іраку супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай сферах. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірака Ібрагімам аль-Джафары.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларуска-іракскае супрацоўніцтва «мае добрую гісторыю». «Мы заўсёды адносіліся з асаблівай увагай да дружалюбнага іракскага народа і вельмі перажывалі, назіраючы за падзеямі, якія адбываюцца ў вашай краіне, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Вы павінны быць упэўнены, што мы былі сябрамі і сябрамі застанёмся».

Цяперашнія беларуска-іракскія адносіны характарызуюцца тым, што бакі празандзіравалі глебу для выбудоўвання далейшых сувязей і цяпер можна выбудоўваць іх на перспектыву, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Зразумела адно - мы павінны выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва. Трэба выбудаваць сапраўдны фундамент адносін. Гэтым фундаментам можа быць гандлёва-эканамічнае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы гатовы да выбудоўвання адносін па гэтых напрамках», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Перспектыўнай для двухбаковых кантактаў з'яўляецца і адукацыйная сфера. Цяпер ужо ў Беларусі навучаюцца іракскія студэнты, і пашырэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы магчыма.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, для выбудоўвання асновы гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Іракам патрэбны канкрэтныя праекты, магчыма, для пачатку два-тры, у якіх неабходна развіваць далейшае супрацоўніцтва.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама закрануў тэму стабільнасці сітуацыі ў Іраку.

«Галоўны наш інтарэс у Іраку - гэта стабільны Ірак. Мы хочам, каб іракскі народ жыў стабільна ў дзяржаве, каб людзі адчувалі, што жывуць у сапраўднай багатай дзяржаве, і гэтыя багацці — здабытак іракскага народа», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Ірака перадаў найлепшыя пажаданні ад кіраўніцтва сваёй краіны. Ён адзначыў, што ў Беларусі і яе сталіцы Мінска багатая гісторыя, у якой таксама былі войны. Кіраўнік іракскага МЗС таксама закрануў тэму нестабільнасці сітуацыі ў свеце ў цэлым і ў рэгіёне, а таксама аб барацьбе Ірака супраць тэрарызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?